Судзьдзяў 1 глава

Кніга Судзьдзяў Ізраэлявых
Пераклад Яна Станкевіча → Подстрочник Винокурова

 
 

І было, па сьмерці Ігошуі, і папыталіся сынове Ізраелявы ў СПАДАРА, кажучы: «Хто ўзыйдзе нам спачатку на Канааняніна, каб ваяваць ізь ім?»
 

І сказаў СПАДАР: «Юда ўзыйдзе; вось, Я даў зямлю ў руку ягоную».
 

І сказаў Юда Сымону, брату свайму: «Узыйдзі з імною да жэрабя майго, і будзем ваяваць із Канаанянінам; і пайду таксама я з табою да жэрабя твайго». І пайшоў зь ім Сымон.
 

І ўзышоў Юда, і даў СПАДАР Канааняніна а Ферэзэя ў руку іхную, і пабілі яны іх у Везэку дзесяць тысячаў чалавекаў.
 

І знайшлі яны Адоні-Везэка ў Везэку, і ваявалі зь ім, і паразілі Канааняніна а Ферэзэя.
 

І ўцёк Адоні-Везэк; а яны пагналіся за ім, і схапілі яго, і адцялі вялікія палцы на руках ягоных і на нагах ягоных.
 

І сказаў Адоні-Везэк: «Семдзясят каралёў з адцятымі на руках а на нагах іхных вялікімі палцамі зьбіралі пад сталом маім; як рабіў я, так імне аддаў Бог». І прывялі яго да Ерузаліму, і ён памер там.
 

І ваявалі сынове Юдзіны супроці Ерузаліму, і ўзялі яго, і зразілі яго лязом мяча, і места аканавалі цяплу.
 

І потым зышлі сынове Юдзіны ваяваць із Канаанянінам, жыхарам гораў, і на паўдню і на нізіне.
 

І пайшоў Юда на Канааняніна, каторы жыў у Гэўроне, імя ж Гэўрону ўперад Кіраф-Арба, і зразілі Шэшая а Агімана а Фалмая.
 

І пайшоў стуль ён супроці жыхараў Дэвіру; імя Дэвіру ўперад Кіраф-Сэфер.
 

І сказаў Калеў: «Хто зразе Кіраф-Сэфер і зваюе яго, то аддам яму Ахсу, дачку сваю, за жонку».
 

І зваяваў яго Офнель Кенаёнак, сын брата Калевавага, меншага за яго; і даў яму Ахсу, дачку сваю, за жонку.
 

І было, як яна мела ісьці, што яна намовіла яго прасіць у вайца ейнага тое поле, і яна ссунулася з асла. І сказаў ёй Калеў: «Чаго табе?»
 

І сказала яму: «Дай імне дабраславенства, бо зямлю паўднявую ты даў імне, то дай імне й жаролы водаў». І даў ёй Калеў жаролы вышнія й жаролы дольнія.
 

І сынове Кіняніна, сьця Масеявага, узышлі зь места пальмаў із сынамі Юдзінамі на пустыню Юдзіну, каторая на паўдня ад Араду, і пайшоў, і асяліўся зь людам.
 

І пайшоў Юда із Сымонам, братам сваім, і зразілі Канааняніна, жыхара Цэфафа, і аканавалі яго, і названа места гэтае Горма.
 

Юда заваяваў Ґазу а граніцы яе, і Ашкелон у граніцах яго, і Екрон у граніцах яго.
 

І быў СПАДАР ізь Юдаю, і ён апанаваў гару. Але не прагнаў жыхараў даліны, бо зялезныя цялежкі былі ў іх.
 

І аддалі Калеву Гэўрон, як казаў Масей, і выгнаў стуль трох сыноў Енаковых.
 

Але Евусэя, жыхара Ерузаліму, ня выгналі сынове Веняміновы, і жыў Евусэй із сынамі Веняміновымі ў Ерузаліме дагэтуль.
 

І ўзышлі сынове Язэпавы, таксама яны, на Бэт-Эль, і СПАДАР быў ізь імі.
 

І шпегаваў дом Язэпаў Бэт-Эль, імя ж места ўперад: Луз.
 

І абачылі старожы чалавека, каторы выходзіў зь места, і сказалі яму: «Пакажы нам уход у места, і мы зробім із табою міласэрдзе».
 

І ён паказаў ім уход у места, і зразілі яны места лязом мяча, а чалавека таго і ўсю радню ягоную адпусьцілі.
 

І пайшоў чалавек тый да зямлі Гэцічаў, і збудаваў места, і назваў імя яго Луз. Гэта імя яго дагэтуль.
 

І ня выгнаў Манас жыхараў Веф-Шэану а местачкаў ягоных, і жыхараў Фаанаху а местачкаў ягоных, жыхараў Дору а местачкаў ягоных, і жыхараў Іўлеаму а местачкаў ягоных, і жыхараў Мегіда а местачкаў ягоных, і зычыў Канаанянін жыць у зямлі гэтай.
 

І было, як Ізраель падужэў, тады зрабіў ён Канааняніна даньнікам, але выгнаць ня выгнаў яго.
 

І Яхрэм ня выгнаў Канааняніна, што жывець у Ґезэру, і жыў Канаанянін сярод іх у Ґезэру.
 

Завулон ня выгнаў жыхараў Кітрону і жыхараў Нагалолу, і жыў Канаанянін сярод яго, і сталі даньнікамі.
 

Ашэр ня выгнаў жыхараў Акка а жыхараў Сыдону а Аглаву а Ахзыву а Гэлвы а Афіку а Рэгову.
 

І жыў Ашэр сярод Канааняніна, жыхара зямлі тае, бо ня выгнаў іх.
 

І Неффалім ня выгнаў жыхараў Веф-Шэмешу а жыхараў Веф-Анафу, і жыў сярод Канааняніна, жыхара зямлі тае; а жыхары Веф-Шэмешу а Веф-Анафу былі даньнікамі ім.
 

І сьціскалі Аморэі сыноў Дановых у гары, бо не давалі ім зыходзіць на даліну.
 

І зычылі Аморэі жыць на гары Гэрэс, ув Айялоне а Шаалвіме; і стала цяжкою рука сыноў Язэпавых, і сталі яны даньнікамі.
 

Граніцы ж Аморэяў ад узгор’я Акравіму і ад скалы й далей.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.