2 Яана 1 глава

Другое Пасланьне Апостала Яана
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Стары, выбрана́й па́ні і дзецям ейным, каторых я люблю шчыра, і ня толькі я, але і ўсе, што спасьцíглі Праўду.
 
Старшы — абранай спадарыні а дзеткам ейным, каторых я люблю ў праўдзе, і ня толькі я адзін, але й усі, што пазналі праўду,

Па той прычыне, што ў нас жыве Праўда, і Яна ў нас будзе навек,
 
Дзеля праўды, што трывае ў нас і будзе з намі на век:

з намі будзе Багадаць, літасьць, мір ад Бога Ба́цькі і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Ба́цькі па праўдзе і любві.
 
Хай будзе з вамі ласка, міласэрдзе, супакой ад Бога Айца а ад Спадара Ісуса Хрыста, Сына Айцовага, у праўдзе й міласьці.

Я дужа ўзрадаваўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, што ходзяць у Праўдзе, як мы дасталі прыказаньне ад Ба́цькі.
 
Я вельма ўсьцешыўся, што знайшоў зь дзетак тваіх ходзячых у праўдзе, як мы адзяржалі расказаньне ад Айца.

І цяпер умаляю цябе, пані, ня як бы прадпісваючы табе новае прыказаньне, але тое, якое мы мелі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.
 
І цяпер прашу цябе, спадарыня, не як новае расказаньне пішучы тэ, але тое, што маем ад пачатку, каб мы мілавалі адно аднаго.

І гэта ёсьць любоў, каб мы жылí па прыказаньням Ягоным. Гэта ёсьць тое прыказаньне, якое вы пачулі ад пачатку, каб (вам) па яму жыць,
 
А гэта міласьць, каб мы хадзілі подле расказаньняў Ягоных. Гэта — тое расказаньне, каторае вы чулі ад пачатку, каб хадзілі ў ім.

бо многія падманшчыкі прыйшлі ў сьвет, якія ня вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе: гэткі (чалавек) ёсьць падманшчык і антыхрыст.
 
Бо шмат спадманцоў вышлі ў сьвет, яны не вызнаваюць Ісуса Хрыста, прышлага ў целе. Такі — спадманец а антыхрыст.

Узірайцеся ў сябе, каб нам ня згубіць таго, (над чым) мы працавалі, але каб нам атрымаць поўную ўзнагароду.
 
Глядзіце сябе, каб вы ня страцілі таго, над чым працавалі, але адзяржалі супоўную адплату.

Кожны, хто пераступае навуку Хрыста, і ня прабывае ў ёй, Бога ня мае; хто прабывае ў наву́цы Хрыста — гэты мае Ба́цьку і Сына.
 
Кажны, хто выступае і ня трывае ў навуццы Хрыстовай, ня мае Бога; хто трывае ў гэтай навуццы, мае Айца й Сына.

Калі хто прыходзіць да вас і гэтай навукі ня прыносіць, яго ня прыймайце ў дом і ня вітайце яго.
 
Калі хто прыходзе да вас і ня прыносе гэтае навукі, ня прыймайце яго да дому і ня вецьце яго;

Бо хто вітае яго, той удзельнічае ў благіх учынках ягоных.
 
Бо хто веце яго, тый мае ўчасьце ў нягодных учынках ягоных.

Маючы многае вам пісаць, ня хачу на паперы і чарніламі, але спадзяюся прыйсьці да вас і гаварыць вуснамі да вуснаў, каб радасьць нашая была́ поўная.
 
Шмят чаго маю вам пісаць, але не хачу на паперы чэрняю, а спадзяюся прыйсьці да вас і гукаць вуснамі да вуснаў, каб радасьць наша была супоўная.

Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй выбранай. Амін.
 
Здароваюць цябе дзеткі твае абранае сястры.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.