Да піліппянаў 1 глава

Пасланьне Апостала Паўлы да піліппянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Павал і Цімахвей, рабы Ісуса Хрыста — усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, якія знаходзяцца ў Піліппах, зь япіскапа́мі і дыякана́мі:
 

Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 

Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас,
 

заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю творачы малітву,
 

за ваш удзел у Дабравешчаньні зь першага дня аж да сягоньня,
 

будучы ўпэўнены ў тым, што Той, Хто пачаў добрую справу сярод вас, давядзе яе да дня Ісуса Хрыста,
 

як і належыць мне думаць пра ўсіх вас, таму што я маю вас у сэрцы маім нават у путах маіх, пра ўсіх вас як саўдзельнікаў маіх у Багадаці і абароне і ўгрунтаваньні Эвангельля.
 

І сьведка мне Бог, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста;
 

і малюся аб тым, каб любоў вашая яшчэ больш і больш узрастала ў пазнаньні і ўсякай разважлівасьці,
 

каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і няспаткнёнымі ў дзень Хрыста,
 

напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу і ўшанаваньне Бога.
 

Хачу, браты, каб вы ведалі, што мае абставіны паслужылі большаму посьпеху Эвангельля,
 

так што путы мае ў Хрысьце сталіся вядомымі ўсёй прэторыі і ўсім іншым,
 

і большая частка братоў у Госпадзе пасьмялеўшы праз путы мае яшчэ больш адважыліся бязбоязна гаварыць слова.
 

НІкаторыя, праўда, з-за зайздрасьці і спаборніцтва, а нікаторыя абвяшчаюць Хрыста шчыра.
 

Адны па спаборніцтву абвяшчаюць Хрыста нячыста, думаючы павялічыць цяжар маіх путаў;
 

а другія зь любові, ведаючы што я пастаўлены на абарону Эвангельля.
 

Дык у любым выпадку, ці абвяшчаецца Хрыстос для блізíру ці шчыра, я і гэтаму радуюся, ды і буду ра́давацца.
 

Бо ведаю, што гэта мне паслужыць на збаўленьне праз вашую малітву і дапамогу Духа Ісуса Хрыста,
 

водля майго нясупыннага чаканьня і надзеі, што я ні ў чым ня буду асаромлены, але са ўсякай адвагаю (упэўнены), як заўсёды, так і цяпер, што Хрыстос будзе ўзьвялічаны ў целе маім, ці то праз жыцьцё, ці то праз сьмерць.
 

Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, а сьмерць — набытак.
 

А калі жыць у целе гэта для мяне ёсьць плод дзейнасьці, дык ня ведаю, што выберу.
 

Дык цягне мяне і тое, і другое; маю жаданьне адыйсьці і быць з Хрыстом, (што для мяне) няпараўнальна лепш;
 

але заставацца ў целе больш патрэбней для вас.
 

І я ў гэтым упэўнены і ведаю, што застануся са ўсімі вамі для вашага ўзрастаньня і радасьці ў веры,
 

каб пахвала вашая ў Хрысьце Ісусе памнажалася празь мяне пры маім другім прыходзе да вас.
 

Толькі жывеце годна Эвангельля Хрыста, каб ці калі прыйду і ўбачу вас, ці адсутнічаючы, але чуць пра вас, што вы стаіцё ў адным духу аднадушна змагаючыся за веру Эвангельля,
 

і ні ў чым ня палохаючыся супраціўнікаў. Гэта для іх зьяўляецца знакам пагíбелі, а для вас — выратаваньня. І гэта — ад Бога,
 

бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі ў Яго верыць, але і паку́таваць дзеля Яго.
 

маючы такое ж змаганьне, якое вы бачылі ўва мне і цяпер чуеце пра мяне.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.