Суддзяў 1 глава

Кніга Суддзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Толкования Августина

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Па смерці Ешуа раіліся сыны Ізраэля з Госпадам, кажучы: «Хто з нас першы выступіць супраць хананеяў ваяваць з імі?»
2 І Госпад сказаў ім: «Хай выступіць Юда: вось, Я аддаў зямлю гэтую ў рукі яго».
3 І кажа Юда Сімяону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць хананеяў, а я ўвайду з табой у тваё жэрабя». І пайшоў з ім Сімяон.
4 І пайшоў Юда, і аддаў Госпад у рукі іх хананеяў і феразеяў, і ў Бэзэку забілі яны дзесяць тысяч мужчын.
5 У Бэзэку сутыкнуліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі хананеяў і феразеяў.
6 І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах яго.
7 І сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзесят цароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах збіралі рэшткі ежы пад маім сталом. Як я рабіў, так мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерузалім, і там ён памёр.
8 І ваявалі сыны Юды з Ерузалімам, і захапілі яго; і забілі вастрыём меча народ яго, а горад спалілі.
9 Потым падняліся і ваявалі супраць хананеяў, якія жылі ў гарах, і ў Нагэбе, і ў Сэфэлі.
10 Пасля пайшоў Юда супраць хананеяў, якія жылі ў Геброне, што раней называўся Карыят-Арба, і пабіў Сэсая, і Ахімана, і Талмая.
11 А адтуль выйшаўшы, пайшоў ён супраць жыхароў Дабіра, старое імя якога было Карыят-Сэфэрa.
12 Калеб сказаў: «Хто нападзе на Карыят-Сэфэр і возьме яго, таму дам за жонку сваю дачку Аксу».
13 І калі ўзяў яго Атаніэль, сын Кенэза, малодшы брат Калеба, Калеб аддаў яму за жонку сваю дачку Аксу.
14 Калі яна прыйшла, ён падгаварыў яе, каб папрасіла ў бацькі свайго поле. Дык яна злезла з асла, і сказаў ёй Калеб: «Што ты маеш [да мяне]?»
15 А яна адказала: «Дабраславі мяне; бо даў ты мне сухую зямлю, дай мне і зямлю, напоеную вадою». І даў ёй Калеб узвышша і даліну, што былі напоеныя вадою.
16 А сыны Хабаба Кінэя, цесця Майсея, выйшлі з горада Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню, што на поўдзень ад Арада, і там абжыліся з амалекцамі.
17 І пайшоў Юда з братам сваім Сімяонам, і разам напалі яны на хананеяў, якія жылі ў Сэфаце, перамаглі іх і абвясцілі гораду закляцце, і названы быў горад гэты Хормаb.
18 Юда ўзяў таксама Газу і яе ваколіцы, Аскалон і Акарон з ваколіцамі іх.
19 І Госпад быў з Юдам, таму захапіў ён горы; але не мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны баявыя калясніцы з сярпамі.
20 І Калебу аддалі Геброн, як загадаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака.
21 Сыны ж Бэньяміна не выгналі з Ерузаліма жыхароў яго, евусеяў; і яны жывуць па сённяшні дзень разам з сынамі Бэньяміна.
22 Сям’я Язэпа таксама пайшла ў Бэтэль, і Госпад быў з імі.
23 Бо калі яны выведвалі горад, што раней называўся Луз,
24 убачылі вартаўнікі чалавека, які выходзіў з горада, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы абыдземся з табою міласэрна».
25 Калі ён ім паказаў уваход, яны знішчылі горад вастрыём меча; чалавека ж таго і ўвесь род яго адпусцілі.
26 Той жа, адпушчаны, пайшоў у зямлю Хецім, і заснаваў там горад, і назваў яго Лузам, ён так называецца па сённяшні дзень.
27 А Манаса не здабыў Бэт-Сан і Танах з ваколіцамі іх і не выгнаў жыхароў Дора, і Іблаама, і Магеды з ваколіцамі іх; і засталіся хананеі на гэтай зямлі.
28 А калі Ізраэльцы ўмацаваліся, яны зрабілі хананеяў прыгоннымі і не пажадалі іх выгнаць.
29 Таксама Эфраім не выгнаў хананеяў, якія пражывалі ў Газэры, і хананеі жылі сярод іх у Газэры.
30 І Забулон не выгнаў жыхароў Кетрона і Наалола, і хананеі жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі.
31 Таксама Асэр не выгнаў жыхароў Акко, Сідона, Ахалаба, Ахзіба, Гэльбы, Афэка і Рагоба;
32 і жыў Асэр сярод хананеяў, жыхароў той зямлі, бо не выгнаў іх.
33 І Нэфталі не выгнаў жыхароў Бэтсамэса і Бэтаната, і жыў між хананеяў, жыхароў гэтае зямлі, і бэтсамэсцы і бэтанатцы былі ў яго прыгоннымі.
34 Амарэі павыціскалі сыноў Дана ў горы і не далі ім месца, каб пашырыцца ў даліне.
35 Амарэі жылі ў Гатары, у Аялоне і ў Салебіме. І абцяжарыла іх рука дому Язэпа, і сталіся яны яму прыгоннымі.
36 А межы амарэяў цягнуліся ад узвышша Акрабім да Петры і вышэй.

Толкования Августина

К этой главе нет комментариев.

Примечания:

 
Пераклад Чарняўскага 2017
11 a: «горад Літар».
17 b: Падлягаючы знішчэнню.
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.