2 Яна 1 глава

Другі ліст Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад праваслаўнай царквы

 
 

Старэйшы — абранай гаспадарыні і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я сам, але і ўсе, што пазналі праўду,
 
Ста́рац — абра́най спада́рыні і дзе́цям яе, якіх я люблю́ ў íсціне, і не толькі я, але і ўсе, хто спазна́ў íсціну,

дзеля праўды, што захоўваецца ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасці.
 
дзе́ля íсціны, якая знахо́дзіцца ў нас і будзе з намі ве́чна;

Ласка, міласэрнасць, супакой ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, хай будзе з намі ў праўдзе і любові.
 
няхай будзе з вамі благада́ць, мíласць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Іісуса Хрыста, Сына Айцовага, у íсціне і любо́ві.

Я быў вельмі рады, што сярод дзяцей тваіх знайшоў такіх, што жывуць у праўдзе, як мы атрымалі пастанову ад Айца.
 
Я вельмі ўзра́даваўся, бо сярод дзяце́й тваіх знайшоў тыіх, што хо́дзяць у íсціне паво́дле за́паведзі, якую мы атрыма́лі ад Айца.

І цяпер прашу цябе, гаспадарыня, не як новае прыказанне пішучы табе, але як тое, што мелі мы ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго.
 
І цяпер прашу цябе, спада́рыня, не як новую за́паведзь пíшучы табе, а як тую, што ма́ем ад пачатку: каб мы любíлі адзін аднаго́.

І тое ёсць любоў, каб мы жылі паводле пастаноў Яго; гэта тое прыказанне, якое вы чулі ад пачатку, каб вы жылі па ім.
 
Любоў жа ў тым, каб мы жылí паво́дле за́паведзяў Яго. Вось за́паведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб паво́дле яе жылí.

Бо з’явілася на свеце многа зводнікаў, якія не вызнаюць, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе; гэткі ёсць зводнік і антыхрыст.
 
Бо ў свет увайшло́ многа ашука́нцаў, якія не прызнаю́ць Іісуса Хрыста, што прыйшо́ў у плоці: такі чалавек — ашука́нец і анты́хрыст.

Глядзіце самі на сябе, каб не страцілі вы таго, над чым мы папрацавалі, але каб атрымалі плату поўную.
 
Сцеражы́цеся, каб вы не страцілі таго, над чым працава́лі, а каб атрыма́лі поўную ўзнагаро́ду.

Кожны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і не трымаецца яе, не мае Бога; а хто трымаецца навукі, той мае і Айца, і Сына.
 
Кожны, хто паруша́е вучэ́нне Хрыстова і не застае́цца ў ім, той не ма́е Бога; а хто застае́цца ў вучэ́нні Хрысто́вым, той і Айца, і Сына ма́е.

Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтай навукі, не прымайце яго ў дом і не вітайце яго.
 
Калі хто прыхо́дзіць да вас і не прыно́сіць гэтага вучэ́ння, не прыма́йце яго ў дом і не віта́йце яго;

Бо хто яго вітае, стаецца саўдзельнікам яго злачынства.
 
бо хто віта́е яго, той саўдзе́льнічае ў злых спра́вах яго.

Шмат маю я вам напісаць, але не хачу на паперы і атрамантам, бо спадзяюся, што да вас прыйду і з вамі пагавару з вуснаў у вусны, каб радасць наша была поўнаю. Амін!
 
Многае меў я напіса́ць вам, але не захацеў я на папе́ры чарнíлам, а спадзяю́ся прыйсцí да вас і ву́сна пагавары́ць, каб ра́дасць ваша была поўнай.

Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй абранай. Амін.
 
Віта́юць цябе дзеці сястры тваёй абра́най. Амінь.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.