Навума 1 глава

Кніга Навума
Пераклад Чарняўскага 2017 → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Прысуд на Нініву. Кніга бачання Навума Эльцэзэя.
 

Бог, рупліва апякуючы і помслівы Госпад, мае абурэнне; і помсціць Госпад ворагам Сваім, і спаганяе гнеў на непрыяцелях Сваіх.
 

Госпад цярплівы і магутны моцаю, Госпад не пакіне нікога без пакарання. Праз буру і віхуру шлях Яго, і хмары — пыл ног Яго.
 

Забароніць Ён мору — і яно высыхае, і ўсе рэкі Ён ператварае ў пустыню. Млее Басан і Кармэль, і вяне кветка Лібана.
 

Дрыжаць горы перад Ім, і ўзгоркі трывожацца; і зямля трасецца перад абліччам Яго, і сусвет ды ўсе, пражываючыя ў ім.
 

Хто ўстаіць перад гневам Яго, і хто сцерпіць полымя абурэння Яго? Гнеў Яго разліваецца, як агонь, і скалы разбураюцца перад Ім.
 

Добры ёсць Госпад — прытулак у дзень бяды і спагадны тым, што на Яго спадзяюцца;
 

і ў бушуючым патопе Ён знішчыць ворагаў Сваіх, і непрыяцеляў Яго будзе пераследаваць цемра.
 

Што думаеце вы супраць Госпада? Ён выканае знішчэнне; не паўторыцца бяда.
 

Як густыя церні, сплеценыя між сабою, ды як горкія п’яніцы, так яны цалкам спалены будуць, як сухая салома.
 

З цябе выйшаў той, хто задумаў ліха супраць Госпада, спланаваўшы ліхія намеры.
 

Вось гэта кажа Госпад: «Хоць яны бяспечныя і шматлікія, аднак будуць яны таксама пасечаны і загінуць; Я табе чыніў шкоду і не буду чыніць табе шкоду болей.
 

І цяпер паламаю Я прут яго, што на спіне тваёй, і разарву твае путы».
 

І загадае Госпад адносна цябе: «Не будзе болей патомства з імем тваім. З дома бога твайго выкіну выразаныя і літыя выявы; прыгатую табе магілу, бо ты абняславіўся».
 

Вось, на гарах ногі вестуна, што супакой абвяшчае. Святкуй, Юда, свае ўрачыстасці і выканай свае абяцанні, бо не пройдзе ўжо больш праз цябе Бэліял: ён дарэшты знішчаны.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.