Абакука 1 глава

Кніга Абакука
Пераклад Чарняўскага 2017 → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Прароцтва, якое ўбачыў прарок Абакук.
 

Дакуль, Госпадзе, буду прызываць Цябе, і Ты не чуеш? Буду лямантаваць Табе аб гвалце, і Ты не збаўляеш?
 

Чаму Ты даеш мне бачыць несправядлівасць і глядзіш на крыўду? І рабунак, і гвалт у мяне на вачах, і паўстае звадка, і нараджаецца сварка.
 

Дзеля таго закон страчвае сваю моц, і суд не даходзіць да канца, бо бязбожнік крыўдзіць справядлівага, таму прысуд становіцца крывадушны.
 

«Глядзіце вы, хто пагарджае, дзівіцеся ды адыдзіцеся, бо Я ў дні вашы выконваю тое, ува што ніхто не паверыць, калі б вам хтосьці аб ім гаварыў.
 

Бо Я, вось, падыму халдэяў, народ дзікі і нахабны, які жыве на вялікіх абшарах зямлі, каб захапіў ён палаткі не свае.
 

Жудасны і страшны ён; ад яго самога паходзіць яго суд і яго ўлада.
 

Жвавейшыя за пантэру коні яго і дзічэйшыя за пустынных ваўкоў; і разбягаюцца вершнікі яго: бо і коннікі яго здалёку прыйдуць, прыляцяць, быццам арол, што кідаецца на жыраванне.
 

Усе яны прыйдуць, каб учыніць гвалт, ва ўсіх іх твары, быццам палаючы вецер; і збяруць яны палонных, як пясок.
 

І ён будзе здзекавацца з цароў, з валадароў будзе насміхацца; яму кожная крэпасць — гульня, і ён насыпле вал і здабудзе яе.
 

Тады далей ён пойдзе, быццам вецер праляціць; і сілу сваю назаве богам сваім».
 

Ці ж не Ты спрадвеку, Госпадзе, Божа мой, Святы мой, Які не памрэш? Госпадзе, Ты на суд прызначыў яго; Скала мая, Ты на пакаранне паставіў яго.
 

Чыстыя вочы Твае, каб не глядзець на ліхоту; і на несправядлівасць не зможаш Ты глядзець. Чаму Ты глядзіш на ліхотнікаў і маўчыш, калі бязбожнік праглынае справядлівейшага за сябе?
 

Ты стварыў людзей, як рыбу марскую, як паўзуна, што не мае кіраўніка над сабою.
 

Усіх ён ловіць вудаю, цягне іх нератам сваім і збірае ў сетку сваю; з гэтага цешыцца і скача ў радасці.
 

Дзеля таго ахвяру ўскладае нерату свайму і прыносіць ахвяру сетцы сваёй, бо дзеля іх здабыў ён багатую здабычу і тлустая страва яго.
 

Такім чынам, няўжо мае ён заўсёды выцягваць меч свой, каб забіваць людзей без літасці?
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.