Ісаі 1 глава

Кніга Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Комментарии Давида Стерна

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Бачанне Ісаі, сына Амоса, якое бачыў ён адносна Юды і Ерузаліма ў дні Озіі, Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юдэйскіх.
2 Слухайце, нябёсы, і ты, зямля, настаў вушы, бо Госпад прамаўляе: «Выкарміў сыноў і ўзвысіў, а яны пайшлі супраць Мяне.
3 Вол пазнае гаспадара свайго, і асёл — стойла ўласніка свайго, а Ізраэль не пазнаў, народ Мой не зразумеў.
4 Гора народу грэшнаму, народу, абцяжаранаму беззаконнем, племю разбэшчанаму, дзецям пагібельным! Яны пакінулі Госпада, пагардзілі Святым Ізраэлевым, павярнуліся спіной.
5 Дзе вас яшчэ ўдарыць, калі множыце злачынствы? Уся галава хворая, і ўсё сэрца млоснае;
6 ад ступні нагі аж да чуба галавы няма на ім месца здаровага: раны, і сінякі, і апухлыя шнары, не агледжаныя, не перавязаныя і алеем не злагоджаныя.
7 Зямля ваша спустошана, гарады вашы агнём папалены: чужынцы топчуць палеткі вашы на вачах вашых; і апусцела, як па знішчэнні варожым.
8 Дачка Сіёна пакінута, як палатка ў вінаградніку, як шалаш у агародзе, як горад у аблозе».
9 Калі б Госпад Магуццяў не пакінуў нам семя, сталіся б мы, як Садом, былі б падобныя да Гаморы.
10 Слухайце слова Госпада, князі садомскія, успрыміце вушамі закон Бога нашага, народ Гаморы!
11 «Што Мне безліч ахвяр вашых? — кажа Госпад. — Я здаволены цэласпаленнямі бараноў і тлустасцю адкормленых жывёл; не хачу Я крыві цялячай, ані ягнячай, ані казлінай.
12 Калі прыходзіце ў прысутнасць Маю, хто чакае гэтага з рук вашых і каб вы тапталі панадворак Мой?
13 Не складайце больш ахвяры пустой! Каджэнне абрыдла Мне, свята маладзіка, шабат, урачысты сход; не магу вытрываць злачынства побач са святочным зборышчам;
14 брыдзіцца душа Мая вашымі святамі маладзіка і ўрачыстасцямі. Сталіся яны Мне цяжарам, мучуся, іх пераносячы!
15 Калі выцягнеце рукі вашы, адвярну вочы Мае ад вас, і нават калі вы павялічыце малітвы, не выслухаю. Рукі бо вашы поўныя крыві.
16 Абмыйцеся, будзьце чыстымі! Прыміце ліхасць учынкаў вашых з вачэй Маіх! Перастаньце рабіць зло!
17 Навучыцеся рабіць дабро, рупцеся пра справядлівасць, дапамагайце пакрыўджанаму, заступайцеся за сірот, абараняйце ўдаву!
18 Тады прыходзьце і давайце спрачацца па справядлівасці, — кажа Госпад. — Хоць бы грахі вашы былі, як пурпур — як снег, пабялеюць; хоць бы былі чырвоныя, як кармазын, — стануцца белымі, як воўна.
19 Калі захочаце і будзеце слухаць Мяне, будзеце спажываць даброцці зямлі.
20 А калі не захочаце і Мяне давядзеце да гневу, вынішчыць вас меч, бо так сказалі вусны Гопада!»
21 Як жа гэта горад верны, поўны праўды, стаўся распусным? Справядлівасць пражывала ў ім, а цяпер, вось, забойцы.
22 Срэбра тваё стала вугалем, віно тваё змяшалася з вадою.
23 Князі твае няверныя, супольнікі зладзеяў; яны ўсе любяць дарункі і гоняцца за аднагародаю, а не спагадаюць сіраце, справа ўдоў да іх не даходзіць.
24 Дзеля таго кажа Валадар, Госпад Магуццяў, Моцны Ізраэлеў: «О, пацешуся з ворагаў Маіх і буду патрабаваць помсты непрыяцелям Маім.
25 І павярну Я руку Маю на цябе, і выпалю ўсю чыста руду тваю, і аддзялю ўсё волава тваё.
26 І зноў зраблю суддзяў тваіх такімі, як былі раней, і радных тваіх, як былі ў даўнасці. Пасля таго назавуць цябе горадам справядлівасці, сталіцай вернай».
27 Сіён адкупіцца законнасцю, а тыя, хто ў ім навярнуліся, — справядлівасцю;
28 і будзе пагібель злачынцам і грэшнікам разам, і тыя, хто пакінулі Госпада, — будуць знішчаны.
29 Сапраўды, сорамна будзе вам дзеля тэрэбінітаў, на якія любуецеся, і засаромеецеся дзеля садоў, якія сабе выбралі.
30 Бо станецеся, як дуб з завялым лісцем ды як агарод без вады,
31 і станецца сіла ваша, як попел пакулля, і справа — як знічка, і загарацца абое разам, і не будзе каму тушыць».


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.