2 Хронікаў 1 глава

Другая кніга Хронікаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Перевод Десницкого

 
 

З часам замацаваўся Саламон, сын Давіда, у царстве сваім, і Госпад, Бог яго, быў з ім ды ўзнёс яго высока.
 

Затым загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраэлю, тысячнікам, і сотнікам, і суддзям, і правадырам усяго Ізраэля, і князям родаў,
 

і пайшоў Саламон з усёю супольнасцю на ўзвышша Габаон, бо там была палатка сустрэчы Госпадава, якую пабудаваў у пустыні Майсей, паслугач Божы.
 

Каўчэг жа Божы перанёс Давід з Карыят-Ярыма на месца, прыгатаванае ім для яго, дзе паставіў для яго палатку, гэта значыць у Ерузаліме;
 

таксама там быў медны ахвярнік, які зрабіў Бесэлеэль, сын Ура, сына Гура, — перад палаткай Госпадавай; і там Саламон і ўся супольнасць знайшлі яго.
 

Там жа прыступіў Саламон да меднага ахвярніка перад палаткаю сустрэчы Госпада і ўсклаў на ім тысячу ахвяр.
 

Вось, у тую ж ноч з’явіўся яму Бог, кажучы: «Прасі, што хочаш, і Я дам табе».
 

Дык сказаў Саламон Богу: «Ты аказаў бацьку майму, Давіду, вялікую міласэрнасць і паставіў па ім мяне царом.
 

Дык вось цяпер, Госпадзе, Божа, хай здзейсніцца слова Тваё, што Ты паабяцаў Давіду, бацьку майму; Ты бо зрабіў мяне царом над вялікім Тваім народам, што такі ж незлічоны, як пясок зямлі.
 

Дай мне мудрасць і разважнасць, каб я ўваходзіў і выходзіў перад народам Тваім, бо хто можа годна судзіць гэты народ Твой, які настолькі вялікі?»
 

А Бог сказаў Саламону: «Паколькі гэта больш за ўсё спадабалася твайму сэрцу, і ты не прасіў багацця і маёмасці, ані славы, ані жыццяў тых, хто цябе ненавідзіць, ані доўгіх дзён жыцця, але папрасіў ты мудрасці і ведаў, каб здолець судзіць народ Мой, над якім паставіў Я цябе царом,
 

дадзены табе мудрасць і веды; багацце ж, маёмасць ды славу дам табе, ды яшчэ такую, што падобным да цябе не будзе ніхто з цароў ува ўсе дні жыцця твайго».
 

Такім чынам, вярнуўся Саламон з узвышша Габаон у Ерузаліме, ад палаткі сустрэчы і цараваў над Ізраэлем.
 

І набраў Саламон калясніц і коннікаў, так што меў тысячу чатырыста калясніц і дванаццаць тысяч коннікаў, ды размясціў іх па гарадах калясніц ды пры цары ў Ерузаліме.
 

І даў цар у Ерузаліме срэбра і золата, як камянёў, і кедраў, як сікамор, якія растуць у Сэфэлі ў вялікім мностве.
 

А коней прыводзілі яму з Егіпта і з Коа; купцы куплялі іх за грошы ў Коа,
 

і падарожнічалі, і прыводзілі з Егіпта калясніцу за шэсцьсот сікляў, а каня за сто пяцьдзесят сікляў срэбра; праз свае рукі прыводзілі яны іх такім жа чынам ад усіх цароў хетэяў і сірыйцаў.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.