Да Гебраяў 1 глава

Ліст да Гебраяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → В переводе Лутковского

 
 

Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў.
 

У апошнія ж гэтыя дні прамовіў Ён да нас праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога стварыў і вякі.
 

Ён — ззянне славы і вобраз Яго істоты, Які трымае ўсё словам магутнасці Сваёй і, здзейсніўшы праз Сябе ачышчэнне грахоў нашых, сядзіць праваруч велічы на вышынях,
 

настолькі вышэйшы за анёлаў, наколькі вышэйшае ад іх дастаў у спадчыне імя.
 

Бо каму з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Ты — Сын Мой, Я Цябе сёння спарадзіў»? Або зноў: «Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Мне Сынам»?
 

І зноў жа, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: «І будуць пакланяцца Яму ўсе Божыя анёлы».
 

А да анёлаў вось што кажа: «Ён творыць анёламі Сваімі духаў і паслугачамі Сваімі полымя агню».
 

А да Сына: «Пасад Твой, Божа, на векі вечныя, і жазло справядлівасці — жазло валадарства Твайго.
 

Узлюбіў Ты справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму намасціў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх».
 

І: «Госпадзе, напачатку заснаваў Ты зямлю, і неба — стварэнне рук Тваіх.
 

Яны загінуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка, састарэюць,
 

і, як шаты, скруціш іх, і яны пераменяцца. А Ты Той самы, і гады Твае не скончацца».
 

Да каго ж з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае»?
 

Ці ж не ўсе яны ёсць паслугуючыя духі, пасланыя на паслугу тым, якія атрымаюць у спадчыну збаўленне?
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.