Ёва 1 глава

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Новый Библейский Комментарий

Пераклад Чарняўскага 2017

1 У зямлі Уц жыў чалавек на імя Ёў, і быў гэты чалавек шчыры і праўдзівы, які шанаваў Бога і пазбягаў зла.
2 І нарадзілася ў яго сем сыноў і тры дачкі.
3 Маёмасць яго была: сем тысяч авечак і тры тысячы вярблюдаў, а таксама пяцьсот пар валоў, і пяцьсот асліц, і шматлікая паслуга; быў ён славуты сярод усіх жыхароў Усходу.
4 І сыны яго збіраліся і банкетавалі ў дамах — кожны з іх у свой дзень, і пасылалі паклікаць трох сваіх сясцёр, каб яны елі і пілі разам з імі.
5 Калі ж замыкалася кола дзён балявання, пасылаў да іх Ёў і асвячаў іх; і, устаўшы рана, прыносіў цэласпаленні за кожнага з іх. І казаў: «Каб толькі не зграшылі сыны мае і не зняважылі Бога ў сэрцах сваіх». Так чыніў Ёў ва ўсе дні.
6 Але пэўнага дня, калі прыйшлі сыны Божыя, каб стаць перад Богам, быў паміж іх і шатан.
7 Спытаў яго Госпад: «Адкуль ты ідзеш?» Той прамовіў у адказ: «Абышоў я кругом зямлю і прайшоў яе скрозь».
8 І сказаў Госпад яму: «А ці звярнуў ты ўвагу на слугу Майго, Ёва, што няма на зямлі падобнага да яго, — [такі] ён шчыры і справядлівы чалавек, які шануе Бога і пазбягае зла».
9 Прамовіў шатан Яму ў адказ: «Хіба Ёў проста так шануе Бога?
10 Ці не абгарадзіў Ты наўкола яго, і дом яго, і ўсю маёмасць яго, ці не дабраславіў працу рук яго, і ці не павялічваецца яго набытак на зямлі?
11 Але ўздымі крыху руку Сваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго ёсць, — напэўна, будзе зневажаць Цябе перад абліччам [Тваім]».
12 Тады сказаў Госпад шатану: «Вось усё, што ён мае, — у руце тваёй; толькі на яго не ўздымай рукі тваёй». І адышоў шатан ад аблічча Госпада.
13 І калі аднаго дня сыны і дочкі яго елі і пілі віно ў доме свайго першароднага брата,
14 прыбыў пасланец да Ёва, які паведаміў: «Валы аралі, а асліцы пасвіліся паблізу іх,
15 і [раптам] напалі сабэйцы і пазабіралі іх, а паслугачоў пазабівалі мечам, і ацалеў толькі я адзін, каб паведаміць табе».
16 І, калі ён яшчэ гаварыў, прыбыў іншы і сказаў: «Агонь Божы сышоў з неба і папаліў авечак і паслугачоў, і я адзін ацалеў, каб паведаміць табе».
17 Але калі і гэты яшчэ гаварыў, прыбыў іншы і сказаў: «Халдэі сабралі тры дружыны і напалі на вярблюдаў і пазабіралі іх, а паслугачоў пазабівалі мечам, і я адзін уцёк, каб паведаміць табе».
18 Яшчэ гаварыў той, — а вось, іншы ўвайшоў і сказаў: «Калі твае сыны і дочкі елі і пілі віно ў доме першароднага брата свайго,
19 раптам паднялася страшэнная бура з боку пустыні і зрушыла чатыры вуглы дома; упаўшы, ён задушыў дзяцей тваіх, і яны памерлі, і ўцёк я адзін, каб паведаміць табе».
20 Тады Ёў устаў, і раздзёр адзенне сваё, і, агаліўшы галаву і ўпаўшы на зямлю, пакланіўся
21 і сказаў: «Голы выйшаў я з улоння маці маёй і голы туды вярнуся. Госпад даў, Госпад забраў; як Госпаду падабалася, так і сталася: хай будзе імя Госпада дабраславёным».
22 І ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі, і нічога неразважнага супраць Бога не прамовіў.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.