Ёэля 1 глава

Кніга Ёэля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Новый Библейский Комментарий

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Слова Госпада, якое было да Ёэля, сына Патуэля:
2 «Слухайце гэта, старэйшыя, і настаўце вушы, усе жыхары зямлі! Ці было гэткае ў дні вашы або ў дні вашых бацькоў?
3 Раскажыце аб гэтым сынам вашым, а сыны вашыя сваім сынам, а сыны іх — наступным пакаленням.
4 Што засталося пасля вусеняў — з’ела саранча, што засталося пасля саранчы — з’елі чэрві, а што засталося пасля чарвей — з’елі жукі.
5 Прабудзіцеся, п’яніцы, і плачце! Наракайце ўсе, якія п’яце віно, дзеля маладога віна, бо знікла яно з вуснаў вашых!
6 Бо нахлынуў на зямлю маю народ, моцны і шматлікі; зубы яго, як зубы ў льва, і сківіцы львіцы ў яго.
7 Спустошыў ён вінаграднік мой, а фігавае дрэва маё на кавалкі паламаў; абдзёр яго дашчэнту і пакінуў, так што толькі галіны яго бялеюць.
8 Галасі, як дзяўчына, адзетая ў зрэбніцу, дзеля мужа маладосці сваёй.
9 Знікла ахвяра хлебная і вадкая з дома Госпада; плачуць святары, слугі Госпадавы.
10 Спустошана краіна, сумуе зямля, бо знішчана збожжа; сапсаваўся вінаградны сок, звяла аліўкавае дрэва.
11 Засаромцеся, земляробы, галасіце, вінаградары, дзеля пшаніцы і ячменю, бо прапала жніво на полі.
12 Засохла вінаградная лаза, ды звяла дрэва фігавае, дрэва гранату, і пальма, і яблыня, і ўсе дрэвы на полі павысыхалі; бо змарнела радасць паміж сыноў чалавечых.
13 Перапаяшыцеся ды плачце, святары, галасіце, слугі ахвярніка. Увайдзіце, апраніцеся ў зрэбніцу, слугі Бога майго, бо знікла з дома Бога вашага ахвяра хлебная і вадкая.
14 Прызначце пост святы, склічце сход, збярыце старэйшых, усіх жыхароў зямлі ў дом Госпада, Бога вашага, і ўсклікайце да Госпада:
15 “О гэты дзень!”» Бо блізкі ўжо дзень Госпадаў, і прыйдзе ён, як спусташэнне ад Усемагутнага.
16 Ці ж на вачах нашых не зніклі харчы, а з дома Бога нашага — радасць і весялосць?
17 Пагнілі зярняты пад сваімі скібамі; развалены гумны, разбураны свірны, бо высахла збожжа.
18 Што ж так сумна мыкае жывёла, бо не маюць яны пашы? Нават чароды авечак прападаюць.
19 Да Цябе, Госпадзе, клічу, бо агонь паеў пашу пустыні і полымя спаліла ўсе дрэвы палявыя.
20 Нават звяры палявыя ўздыхаюць да Цябе, бо павысыхалі крыніцы водаў ды агонь паглынуў стэпавыя пашы.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.