Эклезіяста 1 глава

Кніга Эклезіяста
Пераклад Чарняўскага 2017 → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Слова Эклезіяста, сына Давідава, цара ў Ерузаліме.
 

Марнасць з марнасцей, — кажа Эклезіяст, — марнасць з марнасцей і ўсё марнасць.
 

Што за карысць чалавеку ад усёй працы яго, у якой працуе пад сонцам?
 

Пакаленне адыходзіць і пакаленне прыходзіць, а зямля трывае вечна.
 

Узыходзіць сонца, і заходзіць сонца, і спяшаецца на месца сваё, і там ізноў нараджаецца.
 

Кружляе праз поўдзень і паварочвае на поўнач, абыходзячы ўсё навокал, рухаецца вецер і на кругі свае вяртаецца.
 

Усе рэкі цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, адкуль выходзяць, туды і вяртаюцца рэкі ў цячэнні сваім.
 

Усе рэчы цяжкія, не можа выясніць іх чалавек моваю. Не насычаецца вока глядзеннем, ані вуха не напаўняецца слуханнем.
 

Што было, тое і ёсць, тое і будзе. Што сталася, тое і ёсць, тое і станецца:
 

нічога новага пад сонцам. Часам кажуць пра якую-небудзь рэч: «Вось, гэта новае», але [гэта] ужо раней прамінула ў вяках, што былі перад намі.
 

Няма памяці пра тых, што раней жылі, але ж і пра тых, што потым жыць будуць, не будзе ўспаміну ў тых, якія пасля будуць.
 

Я, Эклезіяст, быў царом Ізраэля ў Ерузаліме.
 

І вырашыў у душы сваёй вышукваць і даследаваць мудра ўсё, што дзеецца пад сонцам. Гэты найцяжэйшы занятак даў Бог сынам чалавечым, каб займаліся ім.
 

Убачыў я ўсё, што дзеецца пад сонцам; і, вось жа, усё — марнасць і турбаванне духа.
 

Што крывое — не можа стацца прамым, а чаго не хапае — не можа быць палічана.
 

Прамовіў я ў сэрцы маім, кажучы: «Вось, я ўзвялічыў мудрасць і набыў [яе] больш за ўсіх, што былі да мяне ў Ерузаліме; і розум мой спазнаў вялікую мудрасць і веды».
 

Аддаў я сэрца маё, каб спазнаць мудрасць і веды, неразумнасць і дурноту, і даведаўся я, што ў гэтым — таксама засмучанасць духа, менавіта таму
 

ў вялікай мудрасці — вялікая туга і хто павялічвае веды, павялічвае і пакуты.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.