Да Піліпцаў 1 глава

Ліст да Піліпцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Паўла і Цімафей, рабы Хрыста Ісуса, усім святым у Хрысце Ісусе, якія ёсць у Піліпах разам з епіскапамі і дыяканамі:
 

ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
 

Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас,
 

заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасцю молячыся,
 

дзеля вашага ўдзелу ў Евангеллі ад першага дня аж да цяпер,
 

маючы пэўнасць, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Ісуса;
 

як справядліва мне думаць пра вас усіх, бо маю вас у сэрцы, і ў путах маіх, і ў абароне, і ва ўмацаванні Евангелля, бо ўсе вы супольнікі мае ў ласцы.
 

Сведка мне Бог, як сардэчна імкнуся да ўсіх вас у Ісусе Хрысце.
 

І аб тым малюся, каб любоў ваша ўсё больш і больш узрастала ў веданні і ўсякім адчуванні,
 

каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстоў,
 

поўныя пладоў справядлівасці, што праз Ісуса Хрыста на ўшанаванне і славу Бога.
 

Хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што вакол мяне, спрычынілася больш да поспеху Евангелля,
 

бо путы мае ў Хрысце праславіліся ва ўсёй прэторыі і ва ўсіх іншых,
 

і многія з братоў у Госпадзе, асмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся без страху абвяшчаць слова.
 

Адны, праўда, з зайздрасці і пярэчлівасці вясцяць Хрыста, іншыя ж — з добрай волі.
 

Тыя, што з любові, — ведаючы, што я дзеля абароны Евангелля пастаўлены,
 

тыя ж, што з зайздрасці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі.
 

Дык што? Ці так, ці гэтак: ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца,
 

ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленне праз вашы малітвы і з дапамогай Духа Ісуса Хрыста,
 

паводле чакання і спадзявання майго, што я ні ў чым не пралічуся, але з усёй упэўненасцю, як заўсёды, гэтак і цяпер хай уславіцца Хрыстос у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць.
 

Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстос, і смерць — набытак.
 

Але калі жыццё ў целе прыносіць плод у маёй дзейнасці, дык, што выбраць, не ведаю.
 

Цягне мяне адно і другое: жадаю адысці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае,
 

але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.
 

І гэта напэўна ведаю, што застануся з усімі вамі на карысць вашу і на радасць веры,
 

каб радасць ваша расла ў Ісусе Хрысце праз мяне, праз маё вяртанне да вас.
 

Толькі жывіце дастойна Евангелля Хрыстова, каб, ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці адсутны, пачуў пра вас, што вы стаіце ў адным Духу, аднадумна змагаючыся за веру Евангельскую
 

і ні ў чым не палохаецеся супраціўнікаў, што ім стане знакам загубы, вам жа — збаўлення, і гэта ад Бога.
 

Вам бо дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,
 

такое самае змаганне маючы, якое бачылі ўва мне і як чуеце цяпер пра мяне.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.