Да Ціта 1 глава

Ліст да Ціта
Пераклад Чарняўскага 2017 → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Паўла, паслугач Божы і Апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраннікаў Божых і пазнання праўды, што вядзе да пабожнасці,
 

у надзеі жыцця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, Які не падманвае,
 

і аб’явіў у свой час Сваё слова ў пропаведзі, якая даверана мне па загаду Бога, Збаўцы нашага,
 

Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка, міласць і супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
 

Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старэйшых, як я табе загадаў:
 

калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючых дзяцей, не вінавачаных у распусце або непаслухмянасці.
 

Належыць бо, каб епіскап быў беззаганны як распарадчык Божы, не горды, не гняўлівы, не п’яніца, не задзіра, не сквапны да ліхой карысці,
 

але гасцінны, ласкавы, сумленны, справядлівы, пабожны, уздзержлівы,
 

які трымаецца праўдзівага слова паводле навукі, вернай слову, каб быў моцны і настаўляў у здаровым навучанні і дакараў тых, што кажуць супраць.
 

Бо ёсць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды спакуснікаў, асабліва з абрэзаных,
 

каторым трэба закрываць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ліхой карысці.
 

Сказаў жа адзін з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя звяры, гультайскія жываты».
 

Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,
 

не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на выказванні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.
 

Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверуючым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне.
 

Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай справы няздатныя.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.