2 да Карынцянаў 1 глава

Другі ліст да Карынцянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Комментарии Скоуфилда

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Паўла, з волі Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, Царкве Божай, што ў Карынце, з усімі святымі, што ва ўсёй Ахаі:
2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння,
4 Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі суцяшаць тых, што ў якой-колечы бядзе, суцяшэннем, якім самі суцяшаемся ад Бога.
5 Бо як у нас памнажаюцца цярпенні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваецца суцяшэнне наша.
6 І, калі мы смуткуем, дык для суцяшэння вашага і для збаўлення; а калі мы суцяшаемся, дык для вашага суцяшэння і збаўлення, каб вы цярпліва пераносілі гэтыя самыя пакуты, якія і мы церпім.
7 І надзея наша на вас цвёрдая, бо ведаем, што вы ёсць супольнікі як пакут, так і суцяшэння.
8 Не хочам, браты, каб вы не ведалі пра наша гора, якое сталася ў Азіі, бо нас страшна прыціснула звыш сілы, так што не спадзяваліся жыць.
9 Але мы самі ў сабе мелі прысуд смерці, каб не пакладаліся на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых.
10 Ён і выбавіў нас ад такой смерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць,
11 за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за той дар, што мы маем ад многіх людзей, многія падзяку складалі за нас.
12 Бо пахвала наша — гэта сведчанне сумлення нашага, што ў прастаце ды ў шчырасці Божай, і не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас.
13 Не пішам вам нічога, як толькі тое, што вы чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце разумець.
14 Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы ёсць пахвала ваша, а вы — наша ў дзень Госпада нашага Ісуса.
15 І з такой пэўнасцю я ўжо раней хацеў прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,
16 і ад вас прайсці ў Мацэдонію, а з Мацэдоніі зноў прыйсці да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.
17 Калі я меў гэткі намер, ці рабіў гэта легкадумна? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне: «так — так» і «не — не»?
18 Верны Бог, што слова наша, якое было ў вас, — не было «так» і «не»!
19 Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы вам прапаведавалі, — я, і Сіліван, і Цімафей, — не быў: «так» і «не», але ў Ім было «так».
20 Бо колькі абяцанняў Бога, у Ім — «так». Таму таксама праз Яго і «амін», на хвалу Богу праз нас.
21 А Той, Хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысце ды Хто нас намасціў, ёсць Бог,
22 Які запячатаў нас ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.
23 Дык прызываю ў сведку Бога і душу маю, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт
24 не з-за таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасці, бо ў веры вы трывалыя.

Комментарии Скоуфилда

К этой главе нет комментариев.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.