1 Самуэля 1 глава

Першая кніга Самуэля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Подстрочник Винокурова

 
 

Быў адзін чалавек у Раматаіме-Цуфіце з гары Эфраіма, на імя Элькана, сын Ерахама, сына Элію, сына Тогу, сына Суфа, эфраімец.
 

І ён меў дзвюх жонак: імя адной Ганна, а імя другой Фанэна. І ў Фанэны былі сыны, а ў Ганны дзяцей не было.
 

І штогод той чалавек хадзіў са свайго горада, каб пакланіцца і ўскласці ахвяру Госпаду Магуццяў у Сіло. Былі ж там два сыны Гэлі: Хофні і Пінхас, святары Госпада.
 

Такім чынам, прыходзіў дзень, і Элькана ўскладаў ахвяру і даваў жонцы сваёй Фанэне і ўсім яе сынам і дочкам па частцы,
 

а Ганне даваў адну найлепшую частку, бо Ганну ён любіў; але Госпад замкнуў улонне яе.
 

Таксама яе суперніца чыніла шкоду і вельмі дакучала ёй, каб яе засмучаць, таму што Госпад замкнуў яе ўлонне.
 

І так яна рабіла многія гады; калі тая прыходзіла ў святыню Госпада, яна, у зручны момант, моцна узрушвала яе. Ганна пасля таго плакала і не прымала ежы.
 

Дык сказаў ёй Элькана, муж яе: «Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? І чаму сумуе сэрца тваё? Ці ж я табе не мілейшы, чым дзесяць сыноў?»
 

Ганна ўстала, калі ў Сіло скончылі есці і піць і калі святар Гэлі сядзеў на крэсле перад брамай святыні Госпада.
 

Паколькі Ганна была сумная душою, яна малілася Госпаду, горка плачучы,
 

і давала абяцанне, кажучы: «Госпад Магуццяў, калі Ты, глянуўшы, убачыш смутак паслугачкі Сваёй і прыгадаеш мяне, і не забудзешся на паслугачку Сваю, і паслугачцы Сваёй дасі дзіця мужчынскага полу, то аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцця яго, і лязо не дакранецца да галавы яго».
 

Дык, калі яна памнажала малітвы перад Госпадам, здарылася, што Гэлі прыглядаўся да яе вуснаў.
 

А Ганна гаварыла ў глыбіні сэрца свайго; і толькі варушыліся вусны яе, але голасу не было чуваць, таму Гэлі падумаў, што яна п’яная,
 

і сказаў ёй: «Дакуль будзеш п’яная? Працверазей трохі ад віна, з-за якога ты п’яная!»
 

Ганна, адказваючы, прамовіла: «Не, гаспадару мой, бо я вельмі нешчаслівая жанчына: я не піла ані віна, ані чагосьці, што можа ап’яніць, але выліваю я душу сваю перад Госпадам.
 

Не лічы паслугачку сваю за адну з дачок Бэліяла, бо я з-за вялікага болю і смутку свайго гаварыла да сённяшняга моманту».
 

Гэлі тады сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі, а Бог Ізраэля хай споўніць просьбу тваю, пра што маліла Яго».
 

І яна сказала: «О, няхай знойдзе паслугачка твая ласку ў вачах тваіх». І адышла тая жанчына дарогаю сваёй, і ела, і аблічча яе не было ўжо такім, як раней.
 

І падняліся назаўтра рана, і пакланіліся перад Госпадам. І пайшлі ў дарогу зваротную, і прыбылі ў дом свой у Раме. А Элькана пазнаў жонку сваю Ганну, і Госпад прыгадаў яе.
 

І здарылася па нейкім часе, што Ганна пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Самуэль, таму што ад Госпада выпрасіла яго.
 

Муж яе Элькана і ўвесь дом яго пайшоў, каб ускласці гадавую ахвяру Госпаду і споўніць абяцанне сваё.
 

І Ганна не пайшла, бо яна сказала мужу свайму: «Не пайду, пакуль хлапчаня не будзе аднята ад грудзей, і завяду яго, і ён стане перад абліччам Госпада і застанецца там назаўсёды».
 

Адказаў ёй Элькана, муж яе: «Рабі, што табе здаецца добрым, і заставайся, пакуль яго не адымеш ад грудзей; і я малюся, каб Госпад здзейсніў слова Сваё». Дык засталася жанчына і карміла сына свайго, пакуль не адняла яго ад грудзей сваіх.
 

І павяла яго з сабою пасля таго, як адняла, з трохгадовым быком, адной эфай мукі і з бурдзюком віна; і прывяла яго ў дом Госпада ў Сіло. А хлопец быў яшчэ дзіцём.
 

І прынеслі яны ў ахвяру быка, і прадставілі хлопца Гэлі.
 

І сказала тады Ганна: «Прашу, гаспадару мой, хай жыве душа твая, гаспадару; я тая самая жанчына, якая стаяла тут перад табой і маліла Госпада.
 

Маліла я пра гэтае дзіця, і споўніў Госпад просьбу маю, аб якой я прасіла ў Яго.
 

Таму і даручаю яго Госпаду; на ўсе дні, колькі будзе жыць, ён адданы на службу Госпаду». І пакланілася там Госпаду.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.