Адкрыццё 1 глава

Адкрыццё Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Толкование Иоанна Златоуста

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб аб’явіў рабам Сваім, што павінна стацца ў хуткім часе; і, паслаўшы праз анёла Свайго, Ён даў знак рабу Свайму Яну,
2 які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста пра ўсё, што бачыў.
3 Шчасны той, хто чытае і чуе словы прароцтва ды выконвае тое, што ў ім напісана; бо час блізкі.
4 Ян сямі цэрквам у Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад пасадам Яго,
5 і ад Ісуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, Першародны з памерлых і Валадар валадароў зямных. Яму, Які ўзлюбіў нас, і абмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёй,
6 і зрабіў нас царамі і святарамі Богу і Айцу Свайму, Яму слава і валадарства на векі вечныя. Амін.
7 Вось жа, прыходзіць у аблоках, і ўбачыць Яго ўсякае вока, і тыя, што Яго працялі, і залямантуюць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амін!
8 Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, Усемагутны.
9 Я, Ян, брат ваш і сутрывалец у прыгнёце, і ў Валадарстве і ў вытрываласці Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмас, дзеля слова Божага і сведчанне Ісуса Хрыста.
10 Я быў у духу ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,
11 які казаў: «Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, і што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам, што ў Азіі: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыцэю».
12 Я павярнуўся, каб зірнуць, чый быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў,
13 і паміж сямі светачаў залатых Кагосьці, быццам Сына Чалавечага; Ён апрануты ў доўгія шаты і падперазаны пад грудзі залатым поясам;
14 галава ж Яго і валасы былі белыя, як чыстая воўна, быццам снег, і вочы Яго як полымя агню,
15 і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Яго падобны да гуку бурлівых водаў,
16 і Ён трымаў у правай руцэ Сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаўся меч двусечны востры, і твар Яго зіхацеў, як сонца ў магутнасці сваёй.
17 І, убачыўшы Яго, паў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку Сваю на мяне, кажучы: «Не бойся! Я — Першы, і Апошні,
18 і жывы; і быў мёртвым, і, вось, жывы на векі вечныя, амін; і маю ключы смерці і пекла.
19 Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсць і што павінна стацца пасля гэтага.
20 Таямніца сямі зорак, якія ты ўбачыў у Маёй правай руцэ, і сямі светачаў залатых: сем зорак — гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем светачаў — гэта сем цэркваў.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.