Мацьвея 1 глава

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 Кніга радаво́ду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Аўраа́мавага.
2 Аўраам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Якава; Якаў спарадзіў Юду і братоў яго;
3 Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Фамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;
4 Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
5 Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руфі;
6 Авід спарадзіў Ясе́я; Ясе́й спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Салямона ад Ур’явай;
7 Салямон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;
8 Аса спарадзіў Ясафата; Ясафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Озію;
9 Озія спарадзіў Яфама; Яфам спарадзіў Ахаза; Ахаз спарадзіў Язэкію;
10 Язэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Іосію;
11 Іосія спарадзіў Якіма; Якім спарадзіў Яхоньню ды братоў яго, перад перасяленьнем у Вавілон.
12 Пасьля-ж перасяле́ньня ў Вавілон Яхоньня спарадзіў Саляфііла; Саляфііл спарадзіў Зарававэ́ля;
13 Зарававэ́ль спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліакіма; Эліакім спарадзіў Азора;
14 Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;
15 Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матфана; Матфан спарадзіў Якава;
16 Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад каторай нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос.
17 Гэтак усіх радоў ад Аўраама да Давіда чатырнаццаць радоў; і ад Давіда да перасяле́ньня ў Вавілон чатырнаццаць радоў; і ад перасяленьня ў Вавілон да Хрыста чатырнаццаць радоў.
18 Ражство Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маткі Яго Марыі з Язэпам, раней іхняга вясе́льля, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога.
19 Язэп жа, муж яе́, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе́, хаце́ў тайком адпусьціць яе́.
20 Але, калі ён падумаў гэтае, вось Ангел Гасподні зьявіўся яму ўва сьне́ і сказаў: Язэп, сын Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зарадзіўшаеся ў ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;
21 вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён спасе́ людзе́й Сваіх ад грахоў іх.
22 А ўсё гэтае зда́рылася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
23 вось Дзяўчына пры́йме ў нутро і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Эмануіл, гэта значыць: з намі Бог (Ісая 7:1).
24 Устаўшы зо́-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму Ангел Гасподні, і прыняў жонку сваю,
25 і ня ве́даў яе́, ажно нарадзіла Сына свайго першароднага, і ён даў Яму імя: Ісус.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.