Адкрыцьце 1 глава

Адкрыцьце Іоана Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → В переводе Лутковского

 
 

Адкрыцьце Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў раба́м Сваім, што́ мусіць стацца ў хуткім часе, і даў знак, паслаўшы праз Ангела Свайго рабу́ Свайму Іоану,
 

які пасьве́дчыў слова Божае і сьве́дчаньне Ісуса Хрыста, ды тое, што сам бачыў.
 

Шчасьлівы, хто чытае і хто слухае словы прароцтва ды захоўвае напісанае ў ім: бо час блізкі.
 

Іоан да сямёх цэркваў, што ў Азіі: ласка на вас і мір ад Таго, што есьць і што быў і што прыдзе, ды ад сямёх духаў, што перад пасадам Ягоным,
 

і ад Ісуса Хрыста, сьве́дкі верыго́днага, першака́ із мёртвых і павадыра цароў зямных; Яму, палюбіўшаму нас ды ў крыві Сваёй абмыўшага нас ад грахоў нашых,
 

(ды зрабіў нас царамі й сьвяшчэньнікамі Богу і Айцу Свайму), хвала́ і дзяржава на ве́чныя вякí. Амін.
 

Вось, ідзе з хмарамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, што пракалолі Яго; і загалосяць перад Ім усе роды зямлі. Але́, амін.
 

Я ёсьць Альфа і Омэга, пачатак і канец, кажа Госпад, Які ёсьць і быў і прыдзе, Уседзяржыцель.
 

Я — Іоан, і брат ваш, і таварыш у горы і ў царстве, і ў цярпе́ньні Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмос, дзеля слова Божага і сьве́дчаньня Ісуса Хрыста.
 

Я быў у духу ў дзе́нь Гасподні і пачуў ззаду за мной вялікі голас, як-бы трубы́, мовячы:
 

Я ёсьць Альфа і Омэга, Пе́ршы й Апошні; і: што бачыш, напішы ў кнігу ды пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыатыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляодыкію.
 

І я павярнуўся, каб пабачыць голас, што гутарыў са мною, і, павярнуўшыся, угле́дзіў се́м залатых сьве́тачаў
 

і сярод сямёх сьве́тачау — падобнага да Сына Чалаве́чага, апранутага ў доўгую ша́ту і падперазанага праз грудзі залатым паясом;
 

а галава й валасы ў Яго бе́лыя, як бе́лая воўна, як сьне́г; і вочы ў Яго, як полымя агністае;
 

і ногі ў Яго падобныя да ме́дзі, быццам у пе́чы распа́леныя; і голас у Яго быццам гук водаў многіх;
 

і ме́ў Ён у правай руцэ сваёй се́м зорак; і із вуснаў Ягоных выходзіў ме́ч двусе́чны востры; і аблічча ў Яго быццам сонца сьве́ціць у сіле сваёй.
 

І, калі я ўгле́дзіў Яго, я паваліўся к нагам Ягоным, быццам мёртвы; і Ён паклаў на мяне́ Сваю правіцу, мовячы да мяне́: Не палохайся: Я ёсьць Пе́ршы і Апошні ды Жывы;
 

і быў Я мёртвы, і вось жыву на ве́чныя вякí; амін. І маю ключы пе́кла і сьме́рці.
 

Напішы, што ўбачыў ды што ёсьць і што ма́е стацца пасьля гэтага:
 

тайна сямёх зорак, што бачыў ты ў правіцы Маёй, ды се́м сьве́тачаў залатых: се́м зорак — Ангелы сямёх цэркваў, а се́м сьве́тачаў, што ты бачыў, ёсьць се́м цэрквау.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.