Да Галятаў 1 глава

Пасланьне Паўлы да Галятаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Паўла Апостал, (выбраны не́ людзьмі і не́ праз чалаве́ка, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, што ўскрасіў Яго з мертвых,)
 

і ўсе́ браты, што са мною, — цэрквам галятыйскім:
 

ласка вам і мір ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 

Які аддаў сябе́ за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад сучаснага ве́ку крывадушнасьці, па волі Бога і Айца нашага,
 

Якому слава на ве́кі вякоў. Амін.
 

Дзіўлюся, што вы гэтак хутка адвярнуліся ад паклікаўшага вас ласкай Хрыстовай да іншага дабраве́шчаньня,
 

якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць такія, што вас трывожаць і хочуць перавярнуць Эвангельле Хрыстовае.
 

Але, калі-б навет мы або Ангел з не́ба пачаў дабраве́сьціць па-над тое, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе ана́тэма!
 

Як ране́й мы сказалі, і цяпе́р ізноў кажу: хто дабраве́сьціць вам па-над тое, што вы прынялі, няхай будзе анатэма!
 

Бо ці-ж я людзе́й шукаю, ці Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Бо калі-б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыстовым.
 

Апавяшчаю-ж вас, браты, што Эвангельле, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалаве́чае;
 

бо я ані прыняў яго ад чалаве́ка, ані навучыўся, але праз адкрыцьце Ісуса Хрыста.
 

Бо вы чулі аб маім ране́йшым жыцьці ў Юдэйстве, што я бяз ме́ры перасьле́даваў Божую Царкву і пустошыў яе́,
 

і апераджаў у юдэйстве многіх раве́сьнікаў у родзе маім, будучы найбольш руплівым аб бацькаўскія пераказы мае́.
 

Калі-ж Богу ўгодна было, выбраўшы мяне ад чэрава маткі мае́й і паклікаўшы ласкай свае́й,
 

адкрыць у-ва мне́ Сына Свайго, каб я дабраве́сьціў Яго сярод паганаў, — дык я не пачаў зараз-жа ра́дзіцца з це́лам і крывёю
 

і не пайшоў у Ерузалім да Апосталаў, што былі да́ мяне́, а пайшоў у Арабію ды йзноў вярнуўся ў Дамаск.
 

Пасьля, цераз тры гады, хадзіў я ў Ерузалім бачыцца з Пётрай і прабыў у Яго пятнаццаць дзён.
 

Другога-ж з Апосталаў я ня бачыў нікога, апрача Якуба, брата Го́спадавага.
 

А што пішу вам, дык вось перад Богам, што не маню.
 

Пасьля пайшоў я ў староны Сірыі і Кілікіі.
 

Абліччам жа быў я няве́дамы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце́,
 

а толькі чулі яны, што той, хто калісь перасьле́даваў нас, цяпе́р добраве́сьціць ве́ру, якую ране́й нішчыў;
 

і славілі за мяне́ Бога.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.