Марка 1 глава

Паводле Марка Сьвятое Эвангельле
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Комментарии Скоуфилда

Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 Пачатак Эва́нгельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напíсана ў прарокаў: вось я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе́ дарогу Тваю перад Табою (Малахія 3:1).
3 Голас гука́ючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабе́це сьце́жкі Яго (Ісая 40:3).
4 Зьявіўся Іоан, хры́сьцячы ў пустыні і абвяшчаючы накутнае хрышчэньне дзеля адпушчэньня грахоў.
5 і выходзілі да Яго ўся старана Юдэйская і Ерузалімцы, і хрысьціліся ад Яго ў рацэ Іордане, спавяда́ючыся з грахоў сваіх.
6 І быў Іоан адзе́ты ў вярблю́давы волас і ў скураны пояс на паясьніцы сваёй, і е́ў саранчу ды дзікі мёд.
7 І прапаведываў, ка́жучы: ідзе́ за мною Дужэйшы за мяне́, у Якога я ня варт, нахіліўшыся, разьвязаць раме́нь абуцьця Яго.
8 Я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.
9 І сталася ў тыя дні, прыйшоў ісус з Назарэту Галіле́йскаго і хрысьціўся ад Іоана ў Іордане.
10 І, як выходзіў із вады, тут жа ўгле́дзіў Іоан расчыня́ючыся не́ба й Духа, як галуба́, зыхо́дзячы на Яго.
11 І голас быў з не́ба: Ты — Сын Мой улю́блены, Якому спагадаю.
12 І зараз Дух павёў Яго ў пустыню.
13 І быў Ён там у пустыні сорак дзён спакуша́ны ад сатаны́, і быў з зьвярамі, і Ангелы служылі Яму.
14 Пасьля-ж таго, як Іоан быў вы́даны, прыйшоў Ісус у Галіле́ю, прапаве́дуючы Эвангельле Царства Божага
15 і кажучы, што споўніўся час і наблíзілася царства Божае: пакайцеся і ве́рце ў Эвангельле.
16 Праходзячы-ж ля мора Галіле́йскага, угле́дзіў Сымона і Андрэя, брата ягонага, як закідалі сеці ў мора, бо яны былі рыбаловы.
17 І сказаў ім Ісус: ідзе́це за Мною, і Я зроблю вас лаўца́мі людзе́й.
18 І яны той жа час пакінулі свае́ се́ці і пайшлі за Ісусам.
19 І, адыйшоўшы адтуль недалёка, Ён угле́дзіў Якава Завядзе́явага і Яна, брата ягонага, таксама ў чаўне́, пра́вючы се́ці.
20 І тут жа клікнуў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Завядзе́я ў чаўне́ з работнікамі, пайшлі за Ім.
21 І прыходзяць у Капэрнаум, і, неадклада́ючы, у суботу ўвайшоў Ён у школу і навучаў.
22 І дзівіліся з Яго навукі, бо, навучаючы іх, быў як той, хто ма́е ўладу, а не́ як кніжнікі.
23 І быў у школе іхняй чалаве́к, якім заўладаў дух нячысты, і закрычэў:
24 Пакінь! што Табе́ да нас, Ісус Назарэйскі? Ты прыйшоў згубіць нас! Ве́даю цябе́, хто ты, Сьвяты Божы!
25 Але Ісус пагразіў яму, кажучы: маўчы́ і вы́йдзі з яго.
26 Тады нячысты дух, устросшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 І ўсе́ спужаліся і пыталіся адзін у аднаго: што́ гэта? што́ гэта за новая навука, што сваёй уладай і ду́хам нячыстым зага́двае, і яны слу́хаюцца Яго?
28 І хутка разыйшлася аб Ім чутка па ўсіх ваколіцах Галіле́і.
29 Выйшаўшы ўраз жа із школы, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя, з Якавам і Іоанам.
30 Це́шча-ж Сымонавая ляжала ў гарачцы; і зараз кажуць Яму аб ёй.
31 Падыйшоўшы, Ён падняў яе́, узяўшы за руку, і гарачка пакінула яе́, і яна пачала служыць ім.
32 Калі-ж настаў ве́чар, як зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злым духам.
33 І ўсё ме́ста сабралося перад дзьвярыма.
34 І Ён аздаравіў многіх, цярпе́ўшых ад розных хворасьцяў, і выгнаў духаў; і не пазваляў злым духам гаварыць, што яны пазналі Яго.
35 А нара́ніцы, устаўшы дужа рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае ме́сца і там маліўся.
36 Сымон і быўшыя з імі пайшлі за Ім;
37 і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: ўсе́ шукаюць Цябе́.
38 Ён кажа ім: пойдзем у бліжэйшыя сёлы і ме́сты, каб Мне́ й там навучаць, бо-ж Я дзеля таго прыйшоў.
39 І Ён навучаў у школах іхніх скрозь па ўсёй Галіле́і і выганяў злых духаў.
40 Прыходзіць да Яго пракажо́ны, мо́лючы Яго і па́даючы перад Ім на кале́ні, дый кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне́ ачысьціць.
41 Ісус жа, зьлітаваўшыся над ім, працягнуў руку, даткнуўся да яго і сказаў яму: хачу, будзь чысты!
42 І, як толькі Ён сказаў гэта, прака́за тут жа зыйшла з яго, і ён ачысьціўся.
43 І, грозна гля́нуўшы на яго, зараз жа адаслаў яго
44 і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы́, але пайдзі, пакажы́ся сьвяшчэньніку і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсе́й, дзеля сьве́дчаньня ім.
45 А ён, вы́йшаўшы, пачаў многа гаварыць і шырыць кругом ве́стку, дзеля чаго Ісус ня мог ужо ўвайсьці адкрыта ў ме́ста, але быў вонках, у мясцо́х пустынных. І прыходзілі да Яго зусюль.

Комментарии Скоуфилда

К этой главе нет комментариев.

Примечания:

 
Пераклад Л. Дзекуць-Малея
13 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «сатаны́» на → «шатана».
21 + вершы 23, 29, 39 — школа = сынагога.
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.