2 да Карыньцянаў 1 глава

Другое Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Комментарии Скоуфилда

Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат, — царкве́ Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі па ўсёй Ахайі:
2 ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Багасла́ўлены Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, Аце́ц міласэрдзя і Бог усякага пацяшэньня,
4 што пацяшае нас у кожным горы нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, што ў усялякім горы, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас самых!
5 Бо, водле таго, як памнажаюцца ў нас мукі Хрыстовыя, гэтак памнажаецца Хрыстом і паце́ха нашая.
6 Ці тужым мы, дык дзеля вашае паце́хі і збаўле́ньня, якое дзе́ецца перажываньнем тых жа мук, якія й мы це́рпім; ці ўцяшаемся, дык дзеля вашае паце́хі і збаўле́ньня.
7 І надзе́я нашая аб вас цьвёрдая, бо ве́даем, што вы ўчасьнікі як мук нашых, так і пацяшэньня.
8 Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ве́далі аб нашым горы, што сталася нам у Азіі, бо бязьме́рна цяжка было нам праз сілу, ажно не спадзяваліся астацца жывымі.
9 Але самыя ў сабе ме́лі прыгавор сьмяротны, каб спадзявацца не на самых сябе́, а на Бога, што мертвых ускрашае.
10 Які і выбавіў нас ад гэткае сьме́рці і выбаўляе, і на Якога спадзяе́мся, што й яшчэ выбаўляць будзе
11 пры дапамозе і вашай малітве за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
12 Бо пахвала нашая гэткая: пасьве́дчаньне сумле́ньня нашага, што мы ў прастаце́ й яснаце́ Божай, не ў цяле́снай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі на сьве́це, асабліва-ж у вас.
13 І мы пішам вам ня іншае, як тое, што вы ці чытаеце, ці разуме́еце, дый спадзяюся, што даканца́ зразуме́еце,
14 як вы часткова і зразуме́лі ўжо ў нас, што будзем пахвалой вашай, таксама, як і вы нашай, у дзень Госпада Ісуса.
15 І з гэтай пэўнасьцяй ме́ўся я прыйсьці да вас ране́й, каб вы другі раз ме́лі ласку,
16 ды праз вас прайсьці ў Македонію, з Македоніі-ж ізноў прыйсьці да вас, а вы правялі-б мяне́ ў Юдэю.
17 Маючы гэткае жаданьне, ці-ж я лёгкадумна не́шта зрабіў? Ці, што я надумываю, водле це́ла надумываю, каб было ў мяне́ то так, так, то не́, не́?
18 Ве́рны-ж Бог, што слова нашае да вас ня было так і не́!
19 Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, пра Якога мы ў вас абвяшчалі, — і я, і Сілуан, і Цімахве́й, — ня быў так і не́, але было ў Ім так.
20 Бо колькі ёсьць абяцаньняў Божых, у Ім так і ў Ім амін, на славу Богу праз нас.
21 Той жа, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысьце́ і памазаў нас, ёсьць Бог,
22 Які і запячатаў нас, і даў задатак Духа ў сэрцах нашых.
23 Я-ж Бога клічу ў сьве́дкі на душу маю, што, ашчаджаючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынт
24 не затым, што пануем над ве́раю вашай, — але мы дапамагаем радасьці вашай: бо ве́рай вы цьвёрдыя.

Комментарии Скоуфилда

К этой главе нет комментариев.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.