Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лявіт 16 Лявіт 16 раздзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея пасьля сьмерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча ГОСПАДА і памерлі,
2 і сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону, брату твайму, каб ня ў кожны час ён уваходзіў у [Месца] Сьвятое за заслону перад накрыўкай, якая на Каўчэгу, каб ён не памёр, калі Я буду аб’яўляцца ў воблаку над накрыўкай.
3 Вось, будзе ён уваходзіць у [Месца] Сьвятое, узяўшы маладое цяля ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпаленьня.
4 І няхай апранецца ён у шату льняную сьвятую, і сподні льняныя будуць на целе ягоным, і перапаяшацца паясом ільняным, а на галаву ўскладзе ільняны кідар; гэта шаты сьвятыя. Няхай ён абмые цела сваё ў вадзе і апране іх.
5 І возьме ад грамады сыноў Ізраіля двух казлоў: аднаго — у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня.
6 І Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх за сябе і перапросіць за сябе і за дом свой.
7 І возьме двух казлоў, і паставіць іх перад абліччам ГОСПАДА перад уваходам у Намёт Спатканьня.
8 І кіне Аарон жэрабя на гэтых казлоў: адно жэрабя — для ГОСПАДА, а другое жэрабя — для Азазэля.
9 І прывядзе Аарон таго казла, на якога выпала жэрабя для ГОСПАДА, і складзе яго ў ахвяру за грэх,
10 а казла, на якога выпала жэрабя для Азазэля, паставіць жывога перад абліччам ГОСПАДА, каб выканаць перамаленьне і каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.
11 І прывядзе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе і на перамаленьне за сябе і за свой дом, і заб’е цяля ў ахвяру за грэх за сябе.
12 І возьме поўную кадзільніцу напаленых вуглёў з ахвярніка, які перад абліччам ГОСПАДА, і поўныя жмені пахкага тоўчанага кадзіла, і занясе за заслону;
13 і кіне кадзіла на агонь перад абліччам ГОСПАДА. Воблака кадзіла закрые накрыўку, якая над Каўчэгам Сьведчаньня, і ён не памрэ.
14 І возьме крыві цяляці, і пакрапіць пальцам сваім перад накрыўкай з усходу. Сем разоў пакрапіць перад накрыўкай пальцам, змочаным у крыві.
15 І заб’е казла за грэх народу, і ўнясе кроў яго за заслону, і зробіць з крывёй яго тое самае, што зрабіў з крывёй цяляці, і пакрапіць ёю накрыўку зьверху і сьпераду,
16 і перапросіць за [Месца] Сьвятое, за нячыстасьць сыноў Ізраіля і за злачынствы іх паводле ўсіх грахоў іхніх. Гэтак сама зробіць ён з Намётам Спатканьня, які знаходзіцца ў іх сярод нячыстасьці іхняй.
17 Ніводзін чалавек не павінен быць у Намёце Спатканьня, калі Аарон увойдзе, каб выканаць перамаленьне ў [Месцы] Сьвятым, аж пакуль ён ня выйдзе. І ён перапросіць за сябе, за дом свой і за ўсю царкву Ізраіля.
18 І выйдзе да ахвярніка, які перад абліччам ГОСПАДА, і ўчыніць перамольваньне над ім, і возьме крыві бычка і крыві казла, і памажа ёю рогі ахвярніка з усіх бакоў,
19 і пакропіць сем разоў яго пальцам, умочаным у крыві, і ачысьціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраіля, і асьвяціць яго.
20 І скончыць перамольваньне над [Месцам] Сьвятым, Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і прывядзе жывога казла.
21 І ўскладзе Аарон абедзьве рукі свае на галаву жывога казла, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраіля, усе злачынствы іхнія і ўсе грахі іхнія, і ўзложыць іх на галаву казла, і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.
22 І панясе казёл з сабой усе правіны іхнія ў зямлю бязьлюдную, і выганіць ён казла ў пустыню.
23 І Аарон увойдзе ў Намёт Спатканьня, здыме шаты льняныя, якія апрануў, уваходзячы ў [Месца] Сьвятое, і пакладзе іх там.
24 І абмые цела вадою ў месцы сьвятым, і апране адзеньне сваё, і выйдзе, і складзе ахвяру цэласпаленьня за сябе і за народ, і перапросіць за сябе і за народ.
25 І тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.
26 А [чалавек], які выгнаў казла для Азазэля, памые адзеньне сваё, абмые цела сваё ў вадзе, і вернецца ў табар.
27 А бычка ахвяры за грэх і казла ахвяры за грэх, кроў якіх унесена была для перамаленьня за [Месца] Сьвятое, вынясуць па-за табар і спаляць разам са скураю, мясам і нячыстасьцю іхняй.
28 Той, хто спаліць іх, памые адзеньне сваё і абмые цела сваё ў вадзе, і вернецца ў табар.
29 Гэта будзе для вас пастановай вечнай. У сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца прыгнятайце душы вашыя пакутаю, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыхадзень, які паселіцца паміж вамі.
30 У той дзень будзе перамаленьне за вас дзеля ачышчэньня ад усіх грахоў вашых, каб былі вы чыстымі перад абліччам ГОСПАДА.
31 Гэта для вас супачынак супачынку, прыгнятайце душы вашыя. Гэта пастанова вечная.
32 І будзе перамольваць сьвятар, які быў памазаны і пасьвячоны на сьвятарства на месца бацькі свайго. І ўскладзе ён на сябе шаты льняныя, шаты сьвятыя,
33 і ўчыніць перамольваньне за Сьвятое Сьвятых і Намёт Спатканьня, ахвярнік, і за сьвятароў і за ўвесь народ царквы.
34 Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год перамольваць за сыноў Ізраіля за ўсе грахі іхнія». І зрабіў ён, як загадаў ГОСПАД Майсею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лявіт, 16 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.