Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Каласянаў 1 Пасланне да Каласянаў 1 раздзел

УСТУП

Прывітанне

1 Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей —
2 святым і верным братам у Хрысце, якія ў Калосах: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага.
Малітва падзякі за каласянаў

3 Дзякуем Богу, Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды, калі молімся за вас,
4 бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых
5 дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах. Вы пачулі пра яе раней у слове праўды Евангелля,
6 якое прыйшло да вас. І як яно прыносіць плён і расце ва ўсім свеце, так і сярод вас, пачынаючы з дня, калі вы пачулі і пазналі Божую ласку ў праўдзе.
7 Вы навучыліся ёй ад Эпафраса, нашага ўмілаванага супольніка ў служэнні, вернага слугі Хрыстовага для вас,
8 які і выявіў нам вашую любоў у Духу.
Малітва-просьба Паўла

9 Таму і мы, з таго дня, калі пачулі пра вас, няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем Яго волі ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні;
10 каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму, прыносячы плён ва ўсякай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога;
11 каб вы цалкам умацоўваліся паводле моцы славы Ягонай для поўнай вытрываласці і доўгацярплівасці. З радасцю
12 дзякуйце Айцу, які зрабіў вас здольнымі ўдзельнічаць у спадчыне святых у святле,
13 які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства свайго ўмілаванага Сына,
14 у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў.
БЯССПРЭЧНАЯ ПЕРАВАГА ХРЫСТА

Гімн Хрысту — вобразу нябачнага Бога

15 Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння.
16 Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана.
17 Ён ёсць перад усім, і ўсё трывае ў Ім.
18 Ён — Галава цела, гэта значыць, Касцёла. Ён — пачатак, першародны з памерлых, каб ва ўсім Ён меў першынство.
19 Бо спадабалася Богу, каб у Ім жыла ўся паўната
20 і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа.
Плады адкуплення ў жыцці Касцёла

21 Хоць вы калісьці былі адчужаныя і варожыя паводле мыслення і сваіх ліхіх справаў,
22 цяпер Ён прымірыў вас у сваім зямным целе праз сваю смерць, каб паставіць вас перад сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі,
23 калі толькі вы сапраўды непарушна і цвёрда трываеце ў веры і не даеце адвесці сябе ад надзеі Евангелля, якое пачулі і якое было абвешчана ўсяму стварэнню пад небам, слугою якога стаў я, Павел.
Паслуга Паўла ў Касцёле

24 Цяпер я радуюся за вас у цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл,
25 слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб абвяшчаць слова Божае,
26 таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым.
27 Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы гэтай таямніцы, якою ёсць Хрыстус сярод вас — надзея славы.
28 Яго мы абвяшчаем, настаўляючы і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага дасканалым у Хрысце.
29 Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся Яго моцаю, якая магутна дзейнічае ўва мне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Пасланне да Каласянаў, 1 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Да Каласянаў 1 раздзел в переводах:
Да Каласянаў 1 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.