Вялікая распусніца
1 Затым прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чашаў, і пачаў гаварыць са мною, кажучы: «Хадзем, пакажу табе суд над вялікай распусніцай, якая сядзіць над вялікімі водамі,
2 з якой распуснічалі зямныя каралі, а зямныя жыхары напіліся віном яе распусты».
3 Ён перанёс мяне ў духу на пустыню, дзе я ўбачыў жанчыну, якая сядзела на пунсовым зверы, поўным імёнаў блюзнерства, які меў сем галоў і дзесяць рагоў.
4 А жанчына была апранутая ў пурпуровае і пунсовае адзенне, упрыгожаная золатам, і каштоўным каменнем, і пярлінамі. Яна мела ў сваёй руцэ залаты келіх, поўны агіды і нячыстасці сваёй распусты.
5 На яе чале было напісана імя-таямніца: «Вялікі Бабілён — маці распусніц і агіды зямлі».
6 Я ўбачыў, што жанчына ап’янела ад крыві святых і ад крыві сведак Езуса. Убачыўшы яе, я аслупянеў у вялікім здзіўленні.
7 Анёл сказаў мне: «Чаму ты здзівіўся? Я раскажу табе таямніцу жанчыны і звера, што носіць яе і мае сем галоў і дзесяць рагоў.
8 Звер, якога ты ўбачыў, быў, і няма яго, ён павінен выйсці з бездані і ідзе на згубу. Жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцця ад заснавання свету, будуць дзівіцца з таго, што быў звер, і няма яго, і з’явіцца.
9 Тут патрэбны розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем гор, дзе сядзіць жанчына.
10 Ёсць таксама сем каралёў: пяць упала, адзін ёсць, яшчэ адзін не прыйшоў, а калі прыйдзе, павінен крыху застацца.
11 А звер, які быў і якога няма, з’яўляецца восьмым. Належыць да семярых і пойдзе на згубу.
12 Дзесяць рагоў, якія ты ўбачыў, — гэта дзесяць каралёў, якія яшчэ не прынялі каралеўства, але як каралі атрымліваюць уладу на адну гадзіну разам са зверам.
13 Яны з ім адной думкі, а сваю моц і ўладу даюць зверу.
14 Яны будуць ваяваць з Баранкам, і Баранак пераможа іх, бо Ён Валадар валадароў і Кароль каралёў, а тыя, хто з Ім, — пакліканыя, выбраныя і верныя».
15 І кажа мне: «Воды, якія ты бачыў і над якімі сядзіць распусніца, гэта народы і натоўпы, плямёны і мовы.
16 А дзесяць рагоў, якія ты бачыў, і звер зненавідзяць распусніцу, спустошаць і агаляць яе, з’ядуць яе цела і спаляць агнём.
17 Таму што Бог натхніў іх сэрцы, каб выконвалі Яго намер, будучы адной думкі з Ім, і каб аддалі зверу сваю каралеўскую ўладу, пакуль не споўняцца Божыя словы.
18 Жанчына ж, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які мае каралеўскую ўладу над каралямі зямлі».
Апакаліпсіс святога Яна, 17 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.