Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

Судзьдзяў 4 Судзьдзяў Ізраэлявых 4 раздзел

1 І далей рабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА. Егуд жа памер.
2 І выдаў іх СПАДАР у рукі Явіна, караля Канаанскага, каторы гаспадарстваваў у Гацору; і вайводцам у яго быў Сысэра, а ён жыў у Гарошэф-Гаґоіме.
3 І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА; бо ў яго было дзевяцьсот зялезных цялежак, і ён моцна ўціскаў сыноў Ізраелявых дваццаць год.
4 І Дэвора, жонка-прарока Лапідофіха, судзіла Ізраеля таго часу.
5 І жыла яна пад пальмаю Дэворынаю, меж Рамы й Бэт-Элю, на гары Яхрэмавай; і ўзыходзілі да яе сынове Ізраелявы на суд.
6 І паслала, і пагукала Варака Авіноаменка зь Кедэшу Неффалімовага, і сказала яму: «Ціж не расказаў СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Пайдзі, прыцягні людзёў на гару Табор і вазьмі із сабою дзесяць тысячаў чалавекаў із сыноў Неффалімовых а сыноў Завулонавых;
7 А Я прыцягну да цябе аж да цур’я Кішону, Сысэру, вайводцу Явіновага, і цялежкі ягоныя, і множасьць ягоную, і аддам яго ў рукі твае"».
8 І сказаў ёй Варак: «Калі ты пойдзеш з імною, то я пайду; а калі ня пойдзеш з імною, не пайду».
9 І яна сказала: «Пайсьці пайду з табою; толькі не табе ўжо будзе чэсьць на гэтай дарозе, у каторую ты йдзеш, бо ў руку жонкі выдасьць СПАДАР Сысэру». І ўстала Дэвора, і пайшла з Вараком да Кедэшу.
10 І згукаў Варак Завулона а Неффаліма да Кедэшу, і ўзышлі да ног ягоных дзесяць тысячаў чалавекаў, і Дэвора ўзышла зь ім.
11 І Гэвер Кінянін аддзяліўся ад Кінян, ад сыноў Говававых, сьця Масеявага, і расьцягнуў будан свой ля дубровы ў Цаананіме ля Кедэшу.
12 І наказалі Сысэру, што ўзышоў Варак Авіноаменак на гару Табор.
13 І згукаў Сысэра ўсі цялежкі свае, дзевяцьсот зялезных цялежак, і ўвесь люд, каторы ў яго, з Гарошэф-Гаґоіму аж да цур’я Кішону.
14 І сказала Дэвора Вараку: «Устань, бо гэта тый дзень, у каторым дасьць СПАДАР Сысэру ў рукі твае; ціж ня пойдзе СПАДАР перад табою!» І зышоў Варак із гары Табору, і дзесяць тысячаў чалавекаў за ім.
15 І ўчыніў СПАДАР сумятяю Сысэры, і ўсім цялежкам ягоным, і ўсякаму табару ягонаму ад ляза мяча перад Вараком, і зышоў Сысэра зь цялежак, і ўцякаў пехатой.
16 І Варак гнаўся за цялежкамі а за табарам аж да Гарошэф-Гаґоіму, і паў увесь табар Сысэрын ад ляза мяча, не засталося нават аднаго.
17 І Сысэра ўцёк пехатой да будану Яілінага, жонкі Гэвера Кіняніна, бо быў мір памеж Явіна, караля Гацорскага, і дому Гэвера Кіняніна.
18 І вышла Яіль напярэймы Сысэры, і сказала яму: «Зайдзіся, спадару мой, зайдзіся да мяне, ня бойся». І ён зайшоўся да яе, да будану, і яна накрыла яго каберцам.
19 І сказаў ён: «Дай імне, калі ласка, крыху вады напіцца, бо я сьмягну». І яна разьвязала мех малака, і дала яму піць, і накрыла яго.
20 І сказаў ёй: «Стань ля дзьвярэй будану, і калі хто прыйдзе, і папытаецца ў цябе, і скажа: "Ці няма тут каго?" Ты кажы: "Няма"».
21 І ўзяла Яіль Гэверыха калок ад будану, і ўзяла молат у руку сваю, і падышла да яго ціханька, і ўбіла калок у віскавіцу ягоную, і прыбіла да зямлі; а ён спаў у глыбокім сьне, бо быў стамаваўшыся, і памер.
22 І вось, Варак гоніцца за Сысэрам. І вышла Яіль напярэймы яму, і сказала яму: «Увыйдзі, я пакажу табе чалавека, каторага ты шукаеш». Ён увыйшоў да яе, і вось, Сысэра ўпаўшы мертвы, і калок у віскавіцы ягонай.
23 І ўкарыў Бог таго дня Явіна, караля Канаанскага, перад сынамі Ізраелявымі.
24 І дужэла рука сыноў Ізраелявых болей а болей, і была цяжкая над Явіном, каралём Канаанскім, аж пакуль ня выгубілі яны Явіна, караля Канаанскага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Судзьдзяў Ізраэлявых, 4 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.