Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 9 Суддзяў 9 раздзел

1 Абімэлех жа, сын Ерабаала, пайшоў у Сіхэм да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсяму роду з дому маці сваёй, кажучы:
2 «Скажыце ўсім людзям у Сіхэме: “Што вам лепш: каб валадарылі над вамі ўсе семдзесят сыноў Ерабаала ці каб валадарыў над вамі адзін чалавек? І прытым майце на ўвазе, што я — косць з косці вашай і цела з цела вашага”».
3 І браты маці яго расказвалі пра яго ўсім людзям у Сіхэме ўсімі гэтымі словамі, і сэрцы іх прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!»
4 І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Баал-Бэрыта; ён сабраў сабе адтуль людзей наёмных і бадзяжных, якія пайшлі за ім.
5 І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Эфры, і на адным камені забіў сваіх братоў, сыноў Ерабаала, семдзесят чалавек. І не забіў толькі Ёатама, наймалодшага сына Ерабаала, бо ён схаваўся.
6 І сабраліся ўсе мужчыны з Сіхэма і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі ды паставілі Абімэлеха царом каля дуба, што стаяў у Сіхэме.
7 Калі паведамілі аб гэтым Ёатаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім і, павысіўшы голас, усклікнуў і сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сіхэма, і хай пачуе вас Бог.
8 Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе цара, і сказалі яны аліўцы: “Царуй над намі.”
9 Яна адказала: “Ці ж магу я вырачыся сваёй сакавітасці, якой ганарацца і багі, і людзі, і пайсці, каб хістацца па-над дрэвамі?”
10 Дык сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і прымі цараванне над намі”.
11 Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я вырачыся салодкасці сваёй і найпрыемнейшых пладоў і ісці, каб хістацца па-над другімі дрэвамі?”
12 Таксама сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь царом над намі”.
13 Вінаградная лаза сказла ім: “Ці магу вырачыся свайго віна, што весяліць багоў і людзей, каб хістацца па-над дрэвамі?”
14 І сказалі ўсе дрэвы крушыне: “Хадзі і будзь царом над намі!”
15 Адказала ім крушына: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на цара, то хадзіце і адпачніце ў маёй засені; а калі не жадаеце, хай агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры лібанскія!”
16 Такім чынам, цяпер, калі справядліва і без граху вы паставілі над сабой царом Абімэлеха, і калі добра абышліся з Ерабаалам і з домам яго, і адплацілі за дабрадзействы таго,
17 хто ваяваў за вас і жыццё сваё ставіў пад небяспеку, каб выратаваць вас з рук мадыянцаў,
18 а вы сёння паўсталі супраць дому бацькі майго і забілі сыноў яго семдзесят чалавек на адным камені, і выбралі сабе царом Абімэлеха, сына паслугачкі яго, над жыхарамі Сіхэма, бо ён брат ваш;
19 дык калі справядліва ўчынілі вы і без памылкі з Ерабаалам і домам яго сёння, то цешцеся з Абімэлеха, і хай ён цешыцца з вас.
20 Калі ж крывадушна зрабілі, хай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!»
21 Калі гэта Ёатам сказаў, ён уцёк і адышоў у Бэру і абжыўся там, баючыся брата свайго Абімэлеха.
22 І цараваў над Ізраэлем Абімэлех тры гады.
23 І пусціў Бог духа найгоршага між Абімэлехам і жыхарамі Сіхэма, якія ўзбунтаваліся супраць яго,
24 каб злачынства забойства сямідзесяці сыноў Ерабаала і праліццё крыві іх павярнулася на Абімэлеха, брата іх, і на жыхароў Сіхэма, якія яму дапамагалі.
25 І жыхары Сіхэма зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і ўчынялі напады, рабуючы кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было аб гэтым Абімэлеху.
26 Тады Гаал, сын Абэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сіхэм, і жыхары Сіхэма паверылі яму.
27 І, выйшаўшы на палі, рвалі яны вінаградныя лозы, і выціскалі вінаградныя гронкі, і, утварыўшы хоры спевакоў, увайшлі яны ў святыню бога свайго, і між снеданнем і выпіўкай пракліналі Абімэлеха,
28 калі казаў Гаал, сын Абэда: «Хто такі Абімэлех і хто такі Сіхэм, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Ерабаала, а Зэбул — яго ўрадовец? Служыце людзям Гамора, бацькі Сіхэма! Навошта мы будзем яму служыць?
29 Каб хто аддаў гэты народ пад маю руку, я прагнаў бы Абімэлеха і сказаў бы яму: “Збяры сваё вялікае войска і прыходзь!”»
30 Зэбул, кіраўнік горада, пачуўшы гаворку Гаала, сына Абэда, вельмі раззлаваўся
31 і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, паведамляючы: «Вось, Гаал, сын Абэда, і яго браты прыбылі ў Сіхэм і падбухторваюць горад супраць цябе.
32 Дык устань уночы ты і народ твой і схавайцеся ў полі.
33 А раніцай, калі сонца ўзыдзе, нападзі на горад, а калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможаш».
34 Дык устаў Абімэлех з усім войскам сваім уночы і ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сіхэма.
35 І Гаал, сын Абэда, выйшаў і стаў на ўваходзе ў браму горада; устаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з месца засады.
36 І калі Гаал убачыў войска, ён звярнуўся да Зэбула: «Вось, мноства людзей сыходзіць з гор». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цені гор, а табе здаецца, што людзі».
37 І зноў Гаал кажа: «Вось, народ сыходзіць з сярэдзіны зямлі, а адзін клін ідзе па дарозе Аўгуравых Дубоў».
38 Тады сказаў яму Зэбул: «Дзе ж твае вусны цяпер, якімі ты казаў: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта не той народ, якім ты пагарджаеш? Ідзі і ваюй супраць яго».
39 Дык пайшоў Гаал, бо глядзеў на яго народ сіхэмцаў, і ваяваў супраць Абімэлеха.
40 Гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінулі вельмі многія з яго боку ў дарозе да брамы горада.
41 І Абімэлех вярнуўся ў Аруму; а Гаала і братоў яго Зэбул выгнаў з горада, забараніўшы ім жыць у ім.
42 І назаўтра выйшаў народ на поле. Паколькі было аб гэтым паведамлена Абімэлеху,
43 ён сабраў войска сваё і падзяліў на тры дружыны, зрабіўшы засаду ў палях. І, бачачы, што народ выходзіць з горада, устаў і пабіў іх.
44 І ён са сваёй дружынай напаў і захапіў уваход у браму горада; а дзве другія дружыны пабілі ворагаў, якія разбегліся па полі.
45 Затым Абімэлех увесь той дзень атакаваў горад, і здабыў яго, і, забіўшы жыхароў яго, а сам горад знішчыўшы, пасыпаў яго соллю.
46 Калі гэта пачулі тыя, што былі ў Сіхэмскай вежы, яны сышлі ў падзямелле свяцілішча Эль-Бэрытаa.
47 Таксама Абімэлех, пачуўшы, што ўсе людзі з Сіхэмскай вежы схаваліся ў адным месцы,
48 з усім народам сваім падняўся на гару Сэлмон, і, узяўшы сякеру, адсек сук ад дрэва, і, несучы яго ўскладзеным на плячо, загадаў тым, хто быў з ім: «Вы бачыце, што я раблю, — хутка рабіце тое ж».
49 І яны, навыперадкі адсякаючы галлё з дрэў, пайшлі за кіраўніком, і падпалілі галлё, якім абклалі падзямелле; і здарылася так: ад дыму і агню ўсе людзі пагінулі, каля тысячы мужчын, і столькі ж жанчын, жыхароў Сіхэмскай вежы.
50 А адтуль выправіўшыся, Абімэлех прыйшоў да горада Тэбэц, які ён абкладваў, і здабыў яго.
51 А ў сярэдзіне горада была моцная вежа, у якой схаваліся і мужчыны, і жанчыны, і ўсе грамадзяне горада, вельмі моцна замкнуўшы браму, і ўзышлі на дах той вежы, стаўшы ўздоўж умацаванняў.
52 І Абімэлех, падышоўшы пад самую вежу, настойліва змагаўся, і, наблізіўшыся, ён пажадаў падпаліць браму.
53 І вось, нейкая жанчына скінула на галаву Абімэлеха даволі вялікі камень, што ляжаў наверсе, і разбіла чэрап яго.
54 Ён хутка паклікаў свайго збраяносца і сказаў яму: «Дастань меч свой і забі мяне, каб часам не сказалі, што я забіты жанчынаю». Ён ударыў яго мечам. І, калі ён памёр,
55 усе мужчыны Ізраэля, бачачы гэта, вярнуліся ў свае пасяленні.
56 Так Бог аддаў яму за зло, якое зрабіў Абімэлех бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх.
57 Таксама жыхарам Сіхэма было аддадзена за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ёатама, сына Ерабаала.

Зноскі:

46 a: «бога дагавора».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 9 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.