Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Мацьвея 24 Паводле Мацьвея 24 раздзел

1 І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма.
2 Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.
3 Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку?
4 І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
5 бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», — і многіх увядуць у зман.
6 Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:
7 бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі.
8 А ўсё гэта — болесны пачатак.
9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.
10 І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго;
11 і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;
12 і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх;
13 а хто выцерпіць да канца, уратуецца.
14 І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Царства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
15 Дык вось, калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане на сьвятым месцы, — хто чытае, хай разумее, —
16 тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
17 і хто на даху, той хай ня сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
18 і хто ў полі, той хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
19 Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
20 Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;
21 бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, і ня будзе.
22 І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
23 Тады калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос», альбо «там», — ня верце;
24 бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і дадуць азнакі і вялікія цуды, каб увесьці ў зман, калі ўдасца, і выбраных.
25 Вось, Я наперад сказаў вам.
26 Значыцца, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», — ня выходзьце; «вось, Ён у патайных пакоях», — ня верце;
27 бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага;
28 бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы.
29 І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца;
30 і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай;
31 і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
32 Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета;
33 так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.
34 Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе;
35 неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць;
36 а пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін;
37 але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага,
38 бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
39 і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прыход Сына Чалавечага;
40 тады будуць двое на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
41 дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакінецца.
42 Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе.
43 Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго.
44 Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
45 Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
46 Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так;
47 праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго.
48 А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: «ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,
49 і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п’яніцамі, —
50 дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
51 і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце, 24 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Мацьвея 24 раздзел в переводах:
Мацьвея 24 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.