Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 10 Паводле Мацвея 10 раздзел

МІСІЙНАЯ ПРАМОВА

Імёны Апосталаў

1 Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
2 Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны,
3 Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш,
4 Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
Місія Дванаццаці

5 Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: «На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце.
6 Але перадусім ідзіце да загубленых авечак з дому Ізраэля.
7 Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”.
8 Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце.
9 Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
10 ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік сваёй стравы.
11 У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце.
12 А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго.
13 Калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас.
14 А калі хто не прыме вас і не паслухаецца словаў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых.
15 Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.
Прадказанне пераследу

16 Вось Я пасылаю вас, як авечак паміж ваўкоў. Таму будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы.
17 Асцерагайцеся людзей, бо вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах сваіх будуць біць вас.
18 Павядуць вас да намеснікаў і да каралёў за Мяне дзеля сведчання перад імі і язычнікамі.
19 Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну, што сказаць.
20 Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
21 Брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў, і заб’юць іх.
22 Усе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
23 Калі вас будуць пераследаваць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24 Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
25 Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, а слугу — як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш так назавуць хатніх яго.
Каго баяцца?

26 Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым.
27 Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах.
28 Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене.
29 Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.
30 У вас жа і валасы на галаве палічаны.
31 Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.
Адвага ў вызнанні Хрыста

32 Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
33 А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
34 Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не спакой прыйшоў Я прынесці, а меч.
35 Бо Я прыйшоў паставіць
чалавека супраць бацькі ягонага,
і дачку супраць маці яе,
і нявестку супраць свекрыві яе;
36 і будуць ворагамі чалавеку хатнія ягоныя.
37 Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне.
38 І хто не бярэ крыжа свайго, а ідзе за Мною, той не варты Мяне.
39 Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго.
Заканчэнне прамовы

40 Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне.
41 Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае ўзнагароду справядлівага.
42 І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Мацвея, 10 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Мацвея 10 раздзел в переводах:
Мацвея 10 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.