Прыпавесць пра сейбіта

1 Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора.
2 Ён шмат чаму навучаў іх у прыпавесцях і ў сваім павучанні казаў ім:
3 «Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала пры дарозе. Прыляцелі птушкі і падзяўблі яго.
5 Іншае ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая.
6 А калі ўзышло сонца, яно завяла, бо не мела карэння, і засохла.
7 Іншае ўпала ў церні, і выраслі церні, і заглушылі яго так, што яно не прынесла плёну.
8 Іншае ўпала на добрую глебу і прынесла плён, які ўзышоў і вырас. І адно ўрадзіла ў трыццаць, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў сто разоў».
9 І сказаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Чаму Езус навучае ў прыпавесцях?

10 А калі застаўся адзін, тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесці.
11 І Ён сказаў ім:

«Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях,

12

каб яны глядзелі і не бачылі,
слухалі і не разумелі,
каб не навярнуліся
і каб не было адпушчана ім».

Тлумачэнне прыпавесці пра сейбіта

13 І сказаў ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці?
14 Сейбіт сее слова.
15 Пасеянае пры дарозе — гэта тыя, у якіх сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх.
16 Пасеянае на камяністых месцах — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго,
17 але не мае ў сабе кораня і нясталы. Потым, калі за слова настане ўціск ці пераслед, адразу спакушаюцца.
18 Іншае, пасеянае ў цернях, — гэта тыя, хто чуе слова,
19 але турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.
20 А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў сто разоў».
Прыпавесць пра светач

21 І казаў ім: «Ці для таго прыносяць светач, каб паставіць яго пад пасудзіну або пад ложак? Ці ўсё ж для таго, каб паставіць яго на свечніку?
22 Бо няма нічога схаванага, што б ні адкрылася, і няма нічога таемнага, што б ні выявілася.
23 Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
24 І сказаў ім: «Зважайце на тое, што чуеце. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена будзе вам.
25 Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае».
Прыпавесць пра зерне

26 І сказаў: «Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю.
27 Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае.
28 Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
29 Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво».
Прыпавесць пра гарчычнае зерне

30 І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго?
31 Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі.
32 Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».
Заканчэнне навучання ў прыпавесцях

33 У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць.
34 І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.
Суцішэнне буры

35 У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: «Пераправімся на другі бераг».
36 І, адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, так як быў, у човен; таксама былі з Ім іншыя чаўны.
37 І ўзнялася вялікая бура. Хвалі так залівалі човен, што ён ужо напаўняўся вадою.
38 А Езус спаў на карме на ўзгалоўі. Пабудзілі Яго і сказалі Яму: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?»
39 Устаўшы, Ён загадаў ветру і сказаў мору: «Змоўкні, супакойся!» Тады вецер сціх, і настала вялікая ціша.
40 А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?»
41 Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: «Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Марка, 4 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Марка 4 раздзел в переводах:
Марка 4 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.