1 Самуэля 31 глава

Першая кніга Самуэля
Пераклад Антонія Бокуна → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Антонія Бокуна

1 А Філістынцы ваявалі з Ізраілем, і Ізраільцяне пабеглі ад Філістынцаў, і падалі забітыя на ўзгорышчы Гільбоа.
2 І дагналі Філістынцы Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістынцы Ёнатана, Абінадава і Малькішуа, сыноў Саўла.
3 І бой ішоў толькі каля Саўла. І знайшлі яго лучнікі, і ён быў моцна паранены лучнікамі.
4 І сказаў Саўл збраяносцу свайму: «Вазьмі меч твой, і забі мяне ім, каб не прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і не забілі мяне самі, і ня зьдзекваліся з мяне». Але збраяносец не хацеў гэтага зрабіць, бо вельмі баяўся. І Саўл узяў меч, і кінуўся на яго.
5 І ўбачыў збраяносец, што Саўл памёр, і таксама кінуўся на меч свой, і разам з ім памёр.
6 У той дзень загінулі разам Саўл і тры сыны ягоныя, і збраяносец ягоны, і ўсе людзі ягоныя.
7 І ўбачылі Ізраільцяне, што жылі на другім баку раўніны і на тым баку Ярдану, што войска Ізраіля ўцякло і што загінулі Саўл і сыны ягоныя, і яны пакінулі гарады свае, і паўцякалі. І прыйшлі Філістынцы, і абжыліся ў іх.
8 Назаўтра прыйшлі Філістынцы рабаваць забітых і знайшлі Саўла і трох сыноў ягоных, што ляжалі на ўзгорышчы Гільбоа.
9 І адсеклі яны галаву ягоную, і забралі зброю ягоную, і па ўсёй зямлі Філістынскай паслалі весьнікаў, каб абвясьціць у доме ідалаў сваіх і народу.
10 І палажылі яны зброю ягоную ў доме Астарты, а цела ягонае павесілі на муры Бэт-Шэану.
11 І пачулі жыхары Ябэшу Гілеадзкага пра тое, што Філістынцы ўчынілі з Саўлам,
12 і ўсталі ўсе ваяры мужныя, і ішлі ўсю ноч, і зьнялі цела Саўла і целы сыноў ягоных з муру Бэт-Шэану, і прынесьлі іх у Ябэш, і спалілі іх там.
13 І ўзялі яны косткі іхнія, і пахавалі пад тамарыскам у Ябэшы, і посьцілі сем дзён.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.