Плач 3 глава

Плач Ярэміі
Пераклад Антонія Бокуна → Новый Библейский Комментарий

Пераклад Антонія Бокуна

1 Я — той муж, які бачыў гора ад кію гневу Ягонага.
2 Ён вёў мяне і прывёў у цемру, а не ў сьвятло.
3 Толькі супраць мяне Ён павярнуўся. Ён зьвярнуў руку Сваю на мяне ўвесь дзень.
4 Ён зьнішчыў цела маё і скуру маю, патрушчыў косткі мае.
5 Ён забудаваў [агароджай] мяне і атачыў жоўцю і гаротаю,
6 пасадзіў мяне ў месца цёмнае, як памерлых даўно.
7 Ён абгарадзіў мяне, і я ня выйду; Ён зрабіў цяжкімі кайданы мае.
8 Нават калі я крычу і малю, Ён спыняе малітву маю.
9 Ён абгарадзіў шляхі мае часанымі камянямі, скрывіў сьцежкі мае.
10 Ён для мяне — як мядзьведзь, што цікуе, як леў у засадзе.
11 Ён забраў шляхі мае і разьдзёр мяне, пакінуў мяне спустошаным.
12 Ён нацягнуў лук свой і паставіў мяне як мэту для стралы,
13 пусьціў у ныркі мае стрэлы з сагайдаку Свайго.
14 Я стаў насьмешкай для ўсяго народу свайго, прыпеўкаю іхняй увесь дзень.
15 Ён насыціў мяне горкімі травамі, напаіў мяне палыном,
16 пакрышыў зубы мае жвірам, выкачаў мяне ў попеле.
17 Ён аддаліў душу маю ад супакою, я забыўся пра добрае.
18 І я сказаў: «Загінула сіла мая і спадзяваньне маё на ГОСПАДА».
19 Узгадай нядолю маю і гаротнасьць маю, палын і жоўць.
20 Узгадваючы, узгадвае [пра Цябе] і гнецца ў-ва мне душа мая.
21 Я вяртаю гэта да сэрца майго, і дзеля гэтага я спадзяюся.
22 Гэта міласэрнасьць ГОСПАДА, што мы не загінулі, бо не спынілася літасьць Ягоная.
23 Яна аднаўляецца кожную раніцу; вялікая вернасьць Твая.
24 «ГОСПАД — гэта частка мая, — казала душа мая, — дзеля гэтага я спадзяюся на Яго».
25 Добры ГОСПАД да тых, якія на Яго спадзяюцца, да душы, якая шукае Яго.
26 Добра мець надзею і маўкліва [чакаць] збаўленьня ад ГОСПАДА.
27 Добра для чалавека, які носіць ярмо ў маладосьці сваёй.
28 Няхай ён сядзіць самотна і маўчыць, бо Ён узлажыў на яго [ярмо].
29 Няхай закрые пылам вусны свае, можа, ёсьць [яшчэ] надзея.
30 Няхай падставіць шчаку таму, які б’е яго, няхай насыціцца ганьбаю,
31 бо не адкідае на вякі Госпад,
32 бо Ён дае пакуты, але літуецца паводле мноства міласэрнасьці Сваёй,
33 бо не з [жаданьня] сэрца Свайго Ён прыгнятае і дае пакуты сынам чалавечым.
34 Калі топчуць пад нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,
35 калі перакручваюць суд для чалавека перад абліччам Найвышэйшага,
36 калі блытаюць чалавека ў справе [судовай], хіба Госпад ня бачыць [гэта]?
37 Хто той, які скажа, і [так] станецца, а Госпад [пра гэта] не загадаў?
38 Ці ня з вуснаў Найвышэйшага выходзіць ліха і дабро?
39 Чаму наракае чалавек, які жыве? Няхай чалавек [наракае] на грахі свае.
40 Будзем шукаць і дасьледаваць шляхі свае, і вернемся да ГОСПАДА.
41 Узьнясем сэрцы нашыя і далоні да Бога ў небе.
42 Мы адступіліся і збунтаваліся, Ты не дараваў.
43 Ты закрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў і не шкадаваў.
44 Ты закрыў Сябе хмараю, каб не дайшла малітва [да Цябе].
45 Ты ўчыніў нас сьмецьцем і агідаю паміж народамі.
46 Разьзявілі на нас пашчы свае ўсе ворагі нашыя.
47 Страх і яма сталіся ў нас, спусташэньне і загуба.
48 Струмяні вады цякуць з вока майго з прычыны загубы дачкі народу майго.
49 Вока маё выліваецца безупынна, няма палёгкі,
50 аж пакуль ня ўзгляне і ня ўбачыць ГОСПАД з неба.
51 Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак гораду майго.
52 Палюючы, палююць на мяне, як на птушку, ворагі мае без прычыны.
53 Кінулі ў яму жыцьцё маё і кідалі ў мяне камяні.
54 Воды паліліся на галаву маю, я сказаў: “Я загінуў”.
55 Я клікаў імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, з ямы найглыбейшай.
56 Ты чуў голас мой. Не закрывай вуха Тваё ад уздыханьня майго, ад ляманту майго.
57 Ты наблізіўся [да мяне] ў дзень, калі я клікаў Цябе. Ты сказаў: “Ня бойся”.
58 Ты бараніў мяне, Госпадзе, у справе душы маёй, Ты адкупіў жыцьцё маё.
59 Ты бачыў, ГОСПАДЗЕ, крыўду маю, судзі суд мой.
60 Ты бачыў усю помсту іхнюю, усе намеры іхнія супраць мяне.
61 Ты чуў ганьбаваньне іхняе, ГОСПАДЗЕ, усе намеры іхнія супраць мяне,
62 вусны тых, якія паўсталі на мяне, і разважаньні іхнія супраць мяне ўвесь дзень.
63 Паглядзі, як яны сядаюць і ўстаюць, а я — прыпеўка для іх.
64 Вярні ім аднагароду, ГОСПАДЗЕ, паводле справаў рук іхніх.
65 Дай ім смутак сэрца, праклён Твой [няхай будзе] на іх.
66 Перасьледуй [іх] у гневе і зьнішчы іх з-пад неба ГОСПАДАВАГА.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.