Ераміі 39 глава

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Толкование Феофилакта Болгарского

Пераклад Васіля Сёмухі

1 У дзявяты год Сэдэкіі, цара Юдэйскага, у дзясятым месяцы, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблеглі яго.
2 А ў адзінаццаты год Сэдэкіі, у чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца горад быў узяты.
3 І ўвайшлі ў яго ўсе князі цара Вавілонскага і разьмясьціліся ў сярэдняй браме, Нэргал-Шарэцэр, Самгар-Нэво, Сарсэхім, начальнік еўнухаў, Нэргал-Шарэцэр, начальнік магаў, і ўсе астатнія князі цара Вавілонскага.
4 Калі Сэдэкія, цар Юдэйскі, і ўсе вайсковыя людзі ўбачылі іх, — пабеглі, і ўночы выйшлі з горада праз царскі сад у браму паміж дзьвюма сьценамі і пайшлі па дарозе на раўніне.
5 Але войска Халдэйскае пагналася за імі; і дагналі Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх; і ўзялі яго і завялі да Навухаданосара, цара Вавілонскага, у Рыўлу, у зямлю Эмат, дзе ён учыніў суд над ім.
6 І закалоў цар Вавілонскі сыноў Сэдэкіі ў Рыўле ў яго на вачах, і ўсіх вяльможаў Юдэйскіх закалоў цар Вавілонскі;
7 а Сэдэкіі выкалаў вочы, і закаваў яго ў аковы, каб завесьці яго ў Вавілон.
8 Цароў дом і дамы народа Халдэі спалілі агнём, і сьцены Ерусаліма разбурылі.
9 А рэшту людзей, якія заставаліся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перайшлі да яго, і іншы астатні люд Навузардан, начальнік целаахоўцаў, перасяліў у Вавілон.
10 А бедных з народа, якія нічога ня мелі, Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў у Юдэйскай зямлі і даў ім тады вінаграднікі і палі,
11 А пра Ерамію Навухаданосар, цар Вавілонскі, даў такі загад Навузардану, начальніку целаахоўцаў:
12 «вазьмі яго і май яго на ўвазе, і не рабі яму нічога благога, а рабі зь ім так, як ён скажа табе».
13 І паслаў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і Навузардан, начальнік еўнухаў, і Нэргал-Шарэцэр, начальнік магаў, і ўсе князі цара Вавілонскага
14 паслалі і ўзялі Ерамію з двара варты, і даручылі яго Гадолію, сыну Ахікамаву, сыну Сафанаву, завесьці яго дамоў. І ён застаўся жыць сярод народа.
15 Ерамію, яшчэ калі яго трымалі ў двары цямніцы, было слова Гасподняе:
16 ідзі, скажы Аўдэмэлэху Эфіопу: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спраўджу словы Мае пра горад гэты на ліха, а не на дабро яму, і яны збудуцца ў той дзень на вачах тваіх;
17 але цябе Я выбаўлю ў той дзень, кажа Гасподзь, і ня будзеш аддадзены ў рукі людзям, якіх ты баішся.
18 Я выбаўлю цябе, і ты не загінеш ад меча, і душа твая застанецца ў цябе замест здабычы, бо ты на Мяне надзею паклаў, сказаў Гасподзь.

Примечания:

 
Пераклад Васіля Сёмухі
14 У друкаванай версіі «сыны Ахікамаву», аднак правільна — «сыну Ахікамаву».
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.