Другапраўе 11 глава

Пятая кніга Масеява: Другапраўе
Пераклад Яна Станкевіча → Толкование Феофилакта Болгарского

Пераклад Яна Станкевіча

1 Дык любі СПАДАРА, Бога свайго, і дзяржы паручэньне Ягонае, і ўставы Ягоныя, і суды Ягоныя, і расказаньні Ягоныя ўсі дні.
2 І ведайце цяпер, што я кажу вам, а ня сыном вашым, каторыя ня зналі й ня бачылі зыру СПАДАРА, Бога вашага, Ягонае вялікасьці, Ягонае моцнае рукі й высокага пляча Ягонага,
3 І знакоў Ягоных, і ўчынкаў ягоных, каторыя Ён учыніў сярод Ягіпту фараону, каралю Ягіпецкаму, і ўсёй зямлі ягонай,
4 І што Ён учыніў з войскам Ягіпецкім, з коньмі ягонымі і зь цялежкамі ягонымі, што Ён разьліў воды Чырвонага мора на віды іх, як яны гналіся за вамі, і загубіў іх СПАДАР аж дагэтуль,
5 І што Ён зрабіў вам на пустыні, пакуль вы не дайшлі да месца гэтага,
6 І што Ён зрабіў Дафану а Авіраму, сыном Елява, сына Рувінавага, што зямля рашчыніла вусны і глынула іх а дамы іхныя а буданы іхныя а ўсю маемасьць іхную, каторая была ля ног іхных, сярод усяго Ізраеля.
7 Бо вочы вашы бачылі ўсі справы СПАДАРА вялікага, каторыя Ён учыніў.
8 Дык дзяржыце ўсе расказаньне, каторае расказую вам цяпер, каб вы ўмацаваліся, і ўвыйшлі, і апанавалі зямлю, куды вы пераходзіце, каб апанаваць яе,
9 І каб вы працягнулі дні на зямлі, каторую прысягаў СПАДАР айцом вашым даць ім а насеньню іхнаму, зямлю, каторая цячэць малаком а мёдам;
10 Бо зямля, да каторае ты прышоў, апанаваць яе, яна не такая, як зямля Ягіпецкая, з каторае вышлі вы, ідзе ты, пасеяўшы сяўбу сваю, і паліваў яе пры помачы ног сваіх, як гарод варыўны.
11 Але зямля, да каторае вы пераходзіце, каб апанаваць яе, ё зямля з гарамі й далінамі, і ад дажджу нябёснага навадняецца,
12 Зямля, праз каторую СПАДАР, Бог твой, рупіцца; кажначасна вочы СПАДАРА, Бога твайго, на ёй, з пачатку году і аж да канца году.
13 І будзе, калі вы будзеце слухаць расказаньняў Маіх, каторыя расказую вам цяпер, любіць СПАДАРА, Бога свайго, і служыць Яму ўсімі сэрцамі сваімі і ўсімі душамі сваімі,
14 Дык дам дождж зямлі вашай упару, раньні й позны; і ты зьбярэш збожжа свае а вінны сок свой а аліву сваю;
15 І дам траву на полю тваім статку твайму; і будзеш есьці а сыціцца.
16 Сьцеражыцеся, каб не спадманулася сэрца вашае, і вы не адхінуліся, і не пачалі служыць іншым Багом, і не пакланіліся ім.
17 І ўзгарыцца гнеў СПАДАРА на вас, і Ён замкнець неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня дасьць пладоў сваіх; і вы загінеце борзда з добрае зямлі, каторую СПАДАР даець вам.
18 Дык палажыце гэтыя словы Мае на сэрцах сваіх і на душах сваіх, і завяжыце іх на знак на рукі свае, і хай будуць яны начэльнікам памеж ачоў вашых.
19 І вучыце іх дзеці свае, гукаючы празь іх, як ты сядзіш у доме сваім, і як ідзеш дарогаю, і як кладзешся, і як устаеш.
20 І напішы іх на вушакох дому свайго і ў брамах сваіх,
21 Каб на зямлі, каторую СПАДАР прысягаў айцом вашым даць ім, памнажыліся дні вашы а дні дзяцей вашых, падобна да дзён нябёс над зямлёю.
22 Бо калі вы будзеце стродка дзяржаць усе расказаньне гэтае, каторае я расказую вам паўніць, каб любіць СПАДАРА, Бога свайго, каб хадзіць усімі дарогамі Ягонымі й ліпці да Яго,
23 То выжане СПАДАР усі народы гэтыя ад віду вашага, і вы апануеце народы, большыя а дужшыя за вас.
24 Усякае месца, на каторае ступе ступа ног вашых, будзе ваша, ад пустыні й Лібану, ад ракі Еўфрату, аж да мора адзадняга будуць граніцы вашы.
25 Ня ўстое перад вамі ніякая людзіна: страх ваш а ляк ваш дасьць СПАДАР, Бог ваш, на від усяе зямлі, на каторую вы ступіце, як Ён казаў вам.
26 Глянь, сулю вам цяпер дабраславенства й кляцьбу:
27 Дабраславенства, калі паслухаеце расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, каторыя я расказую вам цяпер,
28 А кляцьбу, калі не паслухаеце расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, і адхініцеся ад дарогі, каторую расказую вам цяпер, каб ісьці за багамі іншымі, каторых вы ня знаеце.
29 І будзе, як увядзець цябе СПАДАР у тую зямлю, у каторую ты ўходзіш, каб апанаваць яе, дык дай дабраславенства на гары Ґерызым, і кляцьбу на гары Гэвал.
30 Ці ня ё яны за Ёрданом, за дарогаю на захад сонца, у зямлі Канааняніна, што жывець на раўніне, супроці Ґілґалу, ля дубровы Морэ?
31 Бо вы пераходзіце Ёрдан, каб увыйсьці апанаваць зямлю, каторую СПАДАР, Бог ваш, даець вам, і апануеце яе, і будзеце жыць на ёй.
32 І рупцеся паўніць усі ўставы а суды, каторыя я вам даю цяпер.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.