Быцьцё 41 глава

Першая кніга Масеява: Быцьцё
Пераклад Яна Станкевіча → Толкование Иоанна Златоуста

Пераклад Яна Станкевіча

1 І было пры канцу двух год: і Фараон сьніў: і во, ён стаіць ля ручая.
2 І во, з ручая паднялося сем кароваў пазорных выглядам і сытых целам; і пасьціліся на сітнікавай траве.
3 І во, сем кароваў накшых паднялося просьле іх із ручая, выглядам брыдкіх і худых целам, і сталі ля тых кароваў на беразе ручая.
4 І зьелі каровы брыдкія выглядам і худыя целам сем кароваў пазорных выглядам і сытых. І прачхнуўся Фараон,
5 І заснуў, і сьніў ён другі раз: і во, сем каласоў выплылі на сьцябле адным, таўстых і харошых.
6 І во, сем каласоў ценькіх і высушаных усходнім ветрам растуць просьле іх.
7 І глынулі каласы ценькія сем каласоў таўстых а поўных. І прачхнуўся Фараон, і вось сон.
8 І было нараніцы, і стрывожаны быў дух ягоны, і паслаў, і гукнуў усіх чарадзеяў Ягіпту і ўсіх мудрыцоў сваіх, і паведаў Фараонім сон свой; але ня было, хто б зьясьніў іх Фараону.
9 І гукаў князь чашнікаў Фараону, кажучы: «Грахі свае ўспамінаю я сядні.
10 Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд да дому начэльніка старожы, мяне а князя пекароў.
11 І мы сьнілі сон аднае ночы, я й ён, подле значаньня свайго сну сьнілі мы.
12 І там быў з намі дзяцюк Гэбрэй, нявольнік начэльніка старожы. І паведалі мы яму, і ён зьясьніў нам сны нашыя, кажнаму подле сьненьня ягонага зьясьніў.
13 І было: як ён зьясьніў нам, так і сталася: мяне зьвярнулі на становішча мае, а таго засілілі».
14 І паслаў Фараон, гукнуў Язэпа; і пасьпешна вывялі яго з уземля. І ён пагаліўся, і зьмяніў адзецьце свае, і прышоў да Фараона.
15 І сказаў Фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б зьясьніў яго; а я чуў празь цябе кажучых, што ты, чуючы сон, зьясьніш яго».
16 І адказаў Язэп Фараону, кажучы: «Гэта не ад мяне — Бог можа адказаць супакоям Фараону».
17 І сказаў Фараон Язэпу: «У маім сьне: вось, стаю я на беразе ручая.
18 І во, з ручая паднялося сем кароваў сытых целам і пазорных выглядам, і пасьціліся яны на сітнікавай траве.
19 І вось, сем кароваў накшых выходзяць просьле іх, бедныя, вельмі брыдкія выглядам і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдчыні, у вусёй зямлі Ягіпецкай.
20 І зьелі каровы худыя й брыдкія сем кароваў ранейшых сытых.
21 І ўвыйшлі ў чэравы іхныя, але ня цямка было, ці яны ўвыйшлі ў нутры іхныя. І іх выгляд брыдкі, як і спачатку. І я прачхнуўся.
22 І я сьніў: і во, сем каласоў выплываюць на адным сьцябле, поўных і харошых.
23 І во, сем каласоў схудалых, ценькіх а высушаных усходнім ветрам растуць просьле іх.
24 І глынулі каласы ценькія сем каласоў добрых. Я расказаў гэта чарадзеям, але ніхто не расказаў імне значаньня».
25 І сказаў Язэп Фараону: «Сон Фараонаў адзін ён: што Бог чыне, тое ён наказаў Фараону.
26 Сем кароваў добрых — сем год яны; і сем тых каласоў добрых — сем год яны: сон адзін гэта.
27 І сем кароваў худых і брыдкіх, што вышлі просьле іх сем год яны; і сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам — будуць сем год галадові.
28 Гэта тое слова, што я казаў Фараону: і што Бог учыне, тое Ён паказаў Фарону.
29 Вось, сем год настаець вялікае сыціні ў вусёй зямлі Ягіпецкай.
30 І настануць просьле іх сем год галадові; і забудзецца ўвесь тый дабрабыт у зямлі Ягіпецкай, і прывядзець галадоў да канца гэты край.
31 І ня будзе пазнаваны дабрабыт у зямлі з прычыны галадові тае, каторая будзе просьле яго, бо яна будзе вельмі вялікая.
32 А што паўтарыўся тый сон Фараону двойчы, знача, што запраўды гэта слова ад Бога і што сьпяшаецца Бог споўніць Яго.
33 І цяпер няхай выглядзе Фараон мужа кемнага а мудрага, і няхай пастанове яго над зямлёю Ягіпецкай.
34 Няхай гэта ўчыне Фараон, і прызнача ўраднікаў па зямлі, і зьбірае часьць пятую ізь зямлі Ягіпецкае за сем год дабрабыту.
35 І зьбяруць усякую еміну гэтых настаючых добрых год, і няхай назьбіраюць збожжа пад руку Фараонаву на емя ў местах, і няхай хаваюць.
36 І будзе гэта еміна на запас зямлі на сем год галадові».
37 І падабалася гэтае слова ў ваччу Фараона і ў вачох усіх слуг ягоных.
38 І сказаў Фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі, як гэты, чалавек, што Дух Божы ёсьць у ім?»
39 І сказаў Фараон Язэпу: «Просьле тога, што Бог паведаміў табе ўсе гэта, дык няма нікога такога кемнага а мудрага, як ты.
40 Ты будзеш над дамоваю маёю, і подле слова твайго ўзброіцца ўвесь народ мой; адно пасадам я буду вялікшым за цябе».
41 І сказаў Фараон Язэпу: «Гля, прызначыў я цябе над усёю зямлёю Ягіпецкаю».
42 І зьняў Фараон пярсьцёнак свой з рукі свае, і даў яго на руку Язэпу; і ўбраў яго ў вадзежу зь цянюсенькага палатна, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную;
43 І загадаў яго павезьці на другіх цялежках сваіх, і прагаласілі перад ім: «Кланяйцеся!» І прызначыў яго над усёй зямлёю Ягіпецкай.
44 І сказаў Фараон Язэпу: «Я Фараон, і безь цябе ніхто не падыйме рукі свае і нагі свае ў вусёй зямлі Ягіпецкай».
45 І назваў Фараон імя Язэпава: Цафнаф Панеах; і даў яму Асэнеф, дачку Поты-Фераву, сьвятара Она, за жонку. І вышаў Язэп на зямлю Ягіпецкую.
46 Язэпу было трыццаць год, як ён стаў перад відам Фараонавым, караля Ягіпецкага. І вышаў Язэп ад віду Фараонавага, і прайшоў па ўсёй зямлі Ягіпецкай.
47 І выдала зямля ў сямёх гадох дабрабыту ізь зярняці кучамі.
48 І зьбер ён усякую еміну сямёх год, каторыя былі ў зямлі Ягіпецкай, і разьмясьціў гэта емя па местах; еміну палёў кажнага места, аколіцы ягонае ён памясьціў у сярэдзіне яго.
49 І пазьбіраў Язэп збожжа, як пяску на тым мору, шмат вельмі, ажно перасталі лічыць, бо ня стала лікаў.
50 І ў Язэпа нарадзілася двух сыноў перш, чымся прышлі гады галадові, каторыя нарадзіла яму Асэнеф, дачка Поты-Ферава, сьвятара Она.
51 І назваў Язэп імя першака: Манас, «Бо Бог даў імне забыцца ўсю гароту маю і ўсю дамову айца майго».
52 Імя другога назваў: Яхрэм, «Бо распладзіў мяне Бог у зямлі гароты мае».
53 І мінулі сем год дабрабыту, каторы быў у зямлі Ягіпецкай;
54 І пачалі сем год галадові прыходзіць, як сказаў Язэп. І была галадоў па ўсіх землях, але ў вусёй зямлі Ягіпецкай быў хлеб.
55 І як галадавала ўся зямля Ягіпецкая, і крычэў народ да Фараона хлеба, і сказаў Фараон усім Ягіпцянам: «Пайдзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа».
56 І была галадоў па ўсёй зямлі: і адчыніў Язэп усе, што было ў іх, і прадаваў Ягіпцянам. І галадоў павялічылася ў зямлі Ягіпецкай.
57 І ўся зямля прыходзіла да Ягіпту купляць у Язэпа, бо павялічылася галадоў па ўсёй зямлі.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.