Святарская 19 глава

Кніга Святарская
Пераклад Чарняўскага 2017 → Комментарии Баркли

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
2 «Гавары ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля і кажы ім: “Будзьце святымі, бо святы Я — Госпад, Бог ваш.
3 Хай кожны паважае маці і бацьку свайго. Пільнуйце суботы Мае. Я — Госпад, Бог ваш!
4 Не звяртайцеся да ідалаў ані не вылівайце сабе багоў з металу. Я — Госпад, Бог ваш!
5 Калі будзеце складаць Госпаду ахвяру прымірэння, дык складайце яе так, каб была яна Яму прыемнай.
6 Будзеце яе есці ў сам дзень ахвяры ды ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.
7 Калі хто гэта будзе есці праз два дні, паганым гэта будзе і не будзе прыемным [Госпаду].
8 Хто будзе гэта есці, панясе правіннасць сваю, бо спаганіў святасць Госпада, ды знішчана будзе душа тая з народа свайго.
9 Калі будзеш жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля свайго, ды не збірай каласоў, якія засталіся.
10 Не збірай у вінаградніку сваім да рэшты і ягады, што абсыпаліся, але пакінь, каб іх сабралі бедныя і прыбыльцы. Я — Госпад, Бог ваш!
11 Не крадзіце і не хлусіце. Хай ніводны з вас не ашуквае блізкага свайго.
12 Не прысягай імем Маім і не зневажай імя Бога твайго. Я — Госпад!
13 Не нагаворвай на блізкага твайго і не чыні яму рабунку. І хай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.
14 Не праклінай глухога ды перад сляпым не кладзі перашкоды, але шануй Бога твайго. Я — Госпад!
15 Не дапускайцеся несправядлівасці на судзе. Не пагарджай асобаю беднай ды не патурай асобе магутнага. Справядліва судзі блізкага свайго.
16 Не будзь паклёпнікам і плеткаром у сваім народзе. Не цікуй на кроў блізкага свайго. Я — Госпад!
17 Не май у сэрцы сваім нянавісці да брата свайго; дакарай яго, каб не мець граху з прычыны яго.
18 Не помсці ды не гневайся на суайчыннікаў сваіх. Любі бліжняга свайго як самога сябе. Я — Госпад!
19 Пільнуйце законы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёламі другой пароды; поля свайго не засявай рознымі гатункамі насення. Не апранай адзення з двух матэрыялаў.
20 Калі хто будзе спаць з жанчынай, выліваючы семя, а яна ёсць нявольніца, заручаная з мужам, але яшчэ не выкуплена і не надзелена воляй, абодва будуць пакараныя, але не карай смерцю, бо не была яна свабоднай.
21 Дзеля таго складзе ён у ахвяру Госпаду ля ўваходу ў палатку сустрэчы за праступак свой барана ў ахвяру адплаты.
22 І ачысціць яго святар бараном ад граху яго перад Госпадам, ды будзе адпушчаны яму грэх, якім зграшыў.
23 Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, не забірайце іх абразання, гэта значыць пладоў, якія яны родзяць; тры гады будуць яны для вас нячыстыя як неабрэзаныя, і нельга іх есці.
24 У чацвёртым годзе ўсе іх плады будуць пасвячоны як дар для Госпада.
25 У пяты год будзеце есці плады іх, каб павялічыўся для вас ураджай з іх. Я — Госпад, Бог ваш!
26 Не ежце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чарамі.
27 Не стрыжыце валасоў кругом галавы, і не караці край барады сваёй.
28 Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памерлых ды не накалвайце надпісы на скуры вашай. Я — Госпад!
29 Не выдавай на ганьбу дачкі сваёй, робячы з яе распусніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.
30 Пільнуйце Мае суботы і паважайце Маё святое месца. Я — Госпад!
31 Не звяртайцеся да выклікаючых духі памерлых і не райцеся ні пра што з варажбітамі, каб праз іх не апаганіліся. Я — Госпад, Бог ваш!
32 Перад сівой галавой устань і шануй старога ды шануй Бога твайго. Я — Госпад.
33 Калі ў вашай зямлі паселіцца побач з табою чужынец, не крыўдзі яго,
34 але хай будзе пасярод вас як тутэйшы, і любі яго, як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!
35 Не дапускайцеся якой-небудзь несправядлівасці на судзе, у мерцы ды ў вымярэнні.
36 Хай будуць у вас справядлівыя вагі, правільныя гіры, справядлівая эфа ды правільны гін. Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай.
37 Захоўвайце ўсе прыказанні Мае і ўсе пастановы, і выконвайце іх. Я — Госпад”».


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.