1 Самуэля 26 глава

Першая кніга Самуэля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Чарняўскага 2017

1 І прыбылі зіфейцы ў Габу да Саўла, кажучы: «Вось, Давід хаваецца на ўзгор’і Гахіла, што на супрацьлеглым баку пустыні».
2 І ўстаў Саўл, і вырушыў у пустыню Зіф, і з ім тры тысячы мужчын, з адабраных у Ізраэлі, каб адшукаць Давіда ў пустыні Зіф.
3 І размясціўся лагерам Саўл на ўзгор’і Гахіла, што знаходзілася на дарозе на супрацьлеглым баку пустыні. А Давід знаходзіўся ў пустыні; і, убачыўшы, што выйшаў Саўл за ім у пустыню,
4 паслаў ён разведчыкаў, і ўпэўніўся, што Саўл сапраўды туды прыйшоў.
5 І ўстаў Давід, і прыбыў да месца, дзе быў Саўл. І ўбачыў ён месца, дзе спаў Саўл і Абнэр, сын Нэра, кіраўнік войска яго. А Саўл спаў у палатцы, і астатні народ вакол яго.
6 І сказаў Давід Ахімэлеху, хетэю, і Абісаю, сыну Сэруі, брату Ёаба, кажучы: «Хто пойдзе са мною ў лагер да Саўла?» І сказаў Абісай: «Я пайду з табой».
7 Дык Давід і Абісай дабраліся цішком ноччу да людзей і знайшлі Саўла, які ляжаў і спаў у палатцы, і дзіду, убітую ў зямлю каля галавы яго, а Абнэр і народ спалі вакол яго.
8 І сказаў Абісай Давіду: «Сёння Бог аддае ворага твайго ў рукі твае. Дык дазволь, я прыб’ю яго дзідаю да зямлі раз, і другі ўжо раз не будзе патрэбы».
9 І сказаў Давід Абісаю: «Не забівай яго, бо ці ж можа быць не вінаваты той, хто падняў руку сваю на намашчэнца Госпадавага?»
10 І сказаў Давід: «Жыве Госпад, бо толькі Госпад пакарае яго, або прыйдзе дзень яго, каб ён памёр, або ён загіне, пайшоўшы на вайну.
11 Хай будзе ласкавы да мяне Госпад, каб я не падняў руку сваю на намашчэнца Госпадавага. А цяпер вазьмі дзіду, што каля галавы яго, і чару з вадой, і пойдзем».
12 І ўзяў Давід дзіду і чару з вадою, якая была каля галавы Саўла, і яны пайшлі, і ніхто іх не бачыў, і ніхто не ведаў, і ніхто не прачнуўся, але ўсе спалі, бо сон ад Госпада сышоў на іх.
13 І калі перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары здалёку і быў вялікі прастор між імі,
14 закрычаў Давід да людзей і да Абнэра, сына Нэра: «Абнэр, ці не адкажаш мне?» І Абнэр у адказ сказаў: «Хто ты? Чаму ты звяртаешся да цара?»
15 І Давід сказаў Абнэру: «Ці ты не мужчына? І хто іншы параўнаецца з табой у Ізраэлі? Дык чаму ты не пільнаваў гаспадара свайго, цара? Бо ўваходзіў нехта з народа, каб забіць цара, гаспадара твайго.
16 Нядобра тое, што ты зрабіў. Жыве Госпад, бо вы — сыны смерці, якія не пільнавалі гаспадара свайго, намашчэнца Госпадавага. Такім чынам, цяпер паглядзі, дзе дзіда цара і дзе чара з вадою, што стаяла каля галавы яго».
17 А Саўл пазнаў голас Давіда і сказаў: «Ці гэта твой голас, сын мой Давід?» І Давід сказаў: «Гэта мой голас, гаспадару мой, цар».
18 І гаварыў: «Чаму гаспадар мой пераследуе паслугача свайго? Што я зрабіў? Ці ёсць што благое ў руцэ маёй?
19 Дык вось, цяпер хай паслухае, прашу, гаспадар мой, цар, словы паслугача свайго: “Калі Госпад падгаварыў цябе супраць мяне, хай будзе Яму прыемная пахкая ахвяра; калі ж сыны чалавечыя — хай будуць яны праклятыя перад Госпадам, бо выгналі яны мяне сёння, каб я не жыў у спадчыне Госпада, кажучы: “Ідзі, служы чужым багам”.
20 І зараз хай кроў мая не будзе вылітая на зямлю далёка ад аблічча Госпада; бо цар Ізраэля выбраўся, каб цікаваць на адну блыху, як быццам пераследуе хтосьці ў гарах курапатку».
21 І сказаў Саўл: «Зграшыў я. Вярніся, сын мой Давід; бо ўжо ніколі больш не зраблю табе крыўды за тое, што дарагая была сёння ў вачах тваіх душа мая; відаць, што я дзейнічаў бязглузда і шмат разоў памыляўся».
22 І ў адказ сказаў яму Давід: «Вось дзіда цара; хай пяройдзе адзін з паслугачоў і возьме яе.
23 А Госпад адплаціць кожнаму паводле яго справядлівасці і вернасці; бо аддаў цябе сёння Госпад у рукі мае, і я не хацеў падымаць рукі сваёй на намашчэнца Госпадавага.
24 І як каштоўным было жыццё тваё ў вачах маіх, так няхай каштоўным будзе жыццё маё ў вачах Госпада, і хай вызваліць Ён мяне ад усякага няшчасця».
25 І сказаў Саўл Давіду: «Дабраславёны ты, сын мой Давід; і ўсё, што будзеш рабіць, зробіш, і чым пажадаеш авалодаць, тым будзеш валодаць». А Давід пайшоў сваёй дарогай, і Саўл вярнуўся на сваё месца.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.