ПРАЛОГ
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.
Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.
У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.
А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.
Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».
Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ І ЮДЭІ
Сведчанне Яна Хрысціцеля
Вось сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: «Хто ты?» Ён абвясціў, не выракся і вызнаў: «Я не Месія». І спыталіся ў яго: «Дык хто ж? Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не». Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?» Ён сказаў:
«Я голас таго, хто кліча ў пустыні:
“Раўняйце дарогу Пану”,
як сказаў прарок Ісая».
«Вось Баранак Божы»
На другі дзень убачыў Ян Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я сказаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. Я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю». І засведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, які сыходзіў як голуб з неба і застаўся на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: “Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым”. І я бачыў, і засведчыў, што Ён — Сын Божы».
Першыя вучні
На другі дзень зноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных і, убачыўшы Езуса, які ішоў, сказаў: «Вось Баранак Божы». Пачулі двое вучняў яго, што ён казаў, і пайшлі за Езусам. А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: «Чаго шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?» Ён сказаў ім: «Ідзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень. Было каля дзесятай гадзіны.
Адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Знайшоўшы спачатку брата свайго Сымона, сказаў яму: «Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)». І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас», што азначае «Пётр», «скала».
На другі дзень хацеў Езус пайсці ў Галілею. Знайшоўшы Філіпа, сказаў яму: «Ідзі за Мною». Філіп быў з Бэтсаіды, з горада Андрэя і Пятра. Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: «Мы знайшлі таго, пра каго пісалі Майсей у Законе і Прарокі, — Езуса з Назарэта, сына Юзафа». Але Натанаэль сказаў яму: «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» Філіп адказаў яму: «Ідзі і паглядзі». Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, кажа пра яго: «Вось сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падману». Натанаэль адказаў Яму: «Адкуль Ты ведаеш мяне?» Езус адказаў яму: «Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю». Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі, Ты Сын Божы! Ты Кароль Ізраэля!» Езус сказаў яму ў адказ: «Ты верыш, бо Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта». І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба раскрытае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага».
Вяселле ў Кане
А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху. І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль». Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум, Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.
Ачышчэнне святыні
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем. У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там. Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў. А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю». І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне». На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?» Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе». Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?» Ён жа казаў пра святыню свайго цела. І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
Побыт у Ерузалеме
А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў. Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.
Размова з Нікадэмам
Быў сярод фарысеяў чалавек па імені Нікадэм, адзін са старэйшын юдэйскіх. Ён прыйшоў да Езуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як настаўнік. Бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі Бог не будзе з ім». Езус адказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Валадарства». Нікадэм кажа Яму: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Ці ж можа ён другі раз увайсці ва ўлонне маці сваёй і нарадзіцца?» Езус адказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства. Народжанае з цела, ёсць целам, а народжанае з Духа, ёсць духам. Не здзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба нарадзіцца нанова. Вецер вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся з Духа». Нікадэм сказаў Яму ў адказ: «Як гэта можа стацца?» Езус, адказваючы, сказаў яму: «Ты настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага? Сапраўды, сапраўды кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што ўбачылі, а сведчання нашага не прымаеце. Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы не верыце, то як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае? Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто з неба сышоў, — Сын Чалавечы. Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае».
Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, таму што ўчынкі іхнія былі ліхія. Бо кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго ліхія ўчынкі. А хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу».
Апошняе сведчанне Яна Хрысціцеля
Пасля гэтага прыйшоў Езус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую і там заставаўся з імі, і хрысціў. Ян таксама хрысціў у Эноне, недалёка ад Салема, бо там было шмат вады, і прыходзілі туды людзі, і хрысціліся; бо Яна яшчэ не кінулі ў вязніцу.
Узнікла спрэчка ў вучняў Янавых з юдэямі пра ачышчэнне. Яны прыйшлі да Яна і сказалі яму: «Раббі, той, хто быў з табою за Ярданам і пра каго ты сведчыў, Ён хрысціць, і ўсе ідуць да Яго!» Ян сказаў у адказ: «Не можа чалавек нічога ўзяць, калі яму не будзе дадзена з неба. Вы самі мне сведкі ў тым, што я сказаў: я не Месія, але я пасланы перад Ім. Хто мае нявесту, той жаніх; а сябар жаніха, што стаіць і слухае яго, вельмі радуецца голасу жаніха. Гэтая радасць мая поўная. Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым».
Хто прыходзіць з вышыні, той над усімі. Хто з зямлі, той зямны, і па-зямному гаворыць. Хто прыходзіць з неба, той над усімі, і што бачыў і чуў, пра тое сведчыць, але сведчання Ягонага ніхто не прымае. Той, хто прыняў Ягонае сведчанне, пацвердзіў, што Бог праўдзівы. Бо той, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, таму што без меры дае Бог Духа. Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Ягоныя. Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае. Хто ж не верыць у Сына, не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім.
Езус і самаранка
Калі Езус даведаўся, што фарысеі пачулі, як Ён збірае ўсё больш вучняў і хрысціць больш, чым Ян (хоць сам Езус не хрысціў, а вучні Ягоныя), Ён пакінуў Юдэю і зноў адышоў у Галілею. А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
Ён прыйшоў у самарыйскі горад званы Сіхар, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, свайму сыну. Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць». Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі. Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: “Дай мне піць”, то прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады». Жанчына кажа Яму: «Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?» Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае». Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць». Ён адказаў ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды». Жанчына сказала ў адказ: «У мяне няма мужа». Адказаў ёй Езус: «Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа. Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта сказала». Жанчына кажа Яму: «Пане, я бачу, што Ты прарок. Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца». Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе». Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё». Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».
У гэты момант прыйшлі вучні Ягоныя і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынай, аднак ніводзін не спытаўся: «Чаго Ты хочаш?» або: «Чаму Ты гаворыш з ёю?» Тады жанчына пакінула свой збан і адышла ў горад, і казала людзям: «Ідзіце, паглядзіце на чалавека, які расказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстус Ён?» Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш». Але Ён сказаў ім: «Я маю для спажытку ежу, якой вы не ведаеце». Тады вучні сказалі адзін аднаму: «Ці нехта прынёс Яму есці?» Кажа ім Езус: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу. Ці ж не кажаце вы: “Яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво?” А Я кажу вам: падыміце вашыя вочы і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва! Жнец ужо атрымлівае плату і збірае плён для жыцця вечнага, каб разам цешыліся сейбіт і жнец. Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю».
Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла». Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы Ягонаму слову. А жанчыне казалі: «Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»
Езус у Галілеі
Праз два дні Езус выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею. Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны на сваёй бацькаўшчыне. Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.
Аздараўленне сына прыдворнага
Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын у Кафарнауме. Пачуўшы, што Езус прыбывае з Юдэі ў Галілею, ён пайшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў. Езус жа сказаў яму: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце». Прыдворны кажа Яму: «Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё». Езус адказаў яму: «Ідзі, сын твой жывы». Чалавек паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў. Калі быў яшчэ ў дарозе, слугі ягоныя сустрэлі яго і сказалі, што сын ягоны жыве. Тады распытваў іх, у якую гадзіну яму палепшала? Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго». Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: «Жыве сын твой». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны. Гэта быў другі знак, які ўчыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.
Аздараўленне хворага ля купальні Бэтэзда
Пасля гэтага было юдэйскае свята, і Езус прыйшоў у Ерузалем. Ёсць жа ў Ерузалеме каля Авечай брамы купальня, якая па-габрэйску называецца Бэтэзда і якая мае пяць портыкаў. У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных. [отсутсвует]
Быў там адзін чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў. Езус, убачыўшы яго ляжачым і пазнаўшы, што ён хварэе ўжо доўгі час, сказаў яму: «Хочаш стаць здаровым?» Хворы адказаў Яму: «Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною». Кажа яму Езус: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі». І адразу выздаравеў той чалавек, узяў насілкі свае і пайшоў.
А быў у гэты дзень шабат. Таму сказалі юдэі аздароўленаму: «Сёння шабат, і табе не дазваляецца браць ложа тваё». Ён адказаў ім: «Той, хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложа сваё і хадзі”». Спыталіся ў яго: «Хто той чалавек, які сказаў табе: “Вазьмі і хадзі?”» Але аздароўлены не ведаў, хто гэта, бо Езус знік у натоўпе, які быў у тым месцы. Пасля таго знайшоў яго Езус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага». Чалавек гэты пайшоў і абвясціў юдэям, што гэта Езус аздаравіў яго. І таму юдэі пераследавалі Езуса, бо Ён зрабіў гэта ў шабат. А Езус адказаў юдэям: «Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю». За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі зняважыў шабат, але таксама называў Бога сваім Айцом, робячы сябе роўным Богу.
Улада, дадзеная Айцом Сыну
Тады Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын рабіць сам ад сябе нічога, калі б не бачыў Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое таксама робіць Сын. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя за гэтыя, каб вы дзівіліся. Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця. Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і якія пачуюць, ажывуць. Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе. І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы. Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны, і выйдуць, хто чыніў дабро, каб уваскрэснуць для жыцця, а хто рабіў зло, каб уваскрэснуць для асуджэння. Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.
Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае. Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім сведчыць пра Мяне. Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе. Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. Ён быў светачам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.
Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне. Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне. Вы ніколі не чулі голасу Ягонага, і не бачылі аблічча Яго, і не маеце слова Ягонага, якое было б у вас, бо не верыце таму, каго Ён паслаў. Вы даследуеце Пісанні, бо думаеце, што ў іх вы маеце жыццё вечнае, а яны сведчаць пра Мяне. Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
Я не прымаю славы ад людзей, але ведаю, што вы не маеце ў сабе любові да Бога. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў у імя сваё, вы прынялі б яго. Як можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая паходзіць ад адзінага Бога, не шукаеце? Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом. Ёсць абвінаваўца ваш, Майсей, на якога вы спадзяецеся. Бо калі б вы верылі Майсею, паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. А калі не верыце ягоным пісанням, як паверыце Маім словам?»
Размнажэнне хлеба
Пасля гэтага Езус адышоў за Галілейскае, або Тыберыядскае мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі знакі, якія чыніў над хворымі. І ўзышоў Езус на гару, і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята. Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: «Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?» А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць. Філіп адказаў Яму: «Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць ім, каб кожнаму дасталося хоць крыху!» Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: «Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбіны, але што гэта для такога мноства?» Езус сказаў: «Загадайце людзям сесці». А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч. Езус узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, кажа вучням сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася». Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся ў тых, хто еў.
Калі ж людзі ўбачылі, які знак учыніў Езус, казалі: «Ён сапраўды прарок, які павінен прыйсці на свет!» Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.
Езус ідзе па моры
Калі настаў вечар, вучні Ягоныя сышлі да мора і, сеўшы ў човен, паплылі на другі бераг мора ў Кафарнаум. Ужо сцямнела, а Езус не прыходзіў да іх. Ад моцнага ветру хвалявалася мора. Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, убачылі Езуса, які ішоў па моры і набліжаўся да чоўна, і спалохаліся. Ён жа сказаў ім: «Гэта Я, не бойцеся!» Хацелі ўзяць Яго ў човен, але човен адразу прыстаў да берага, куды яны плылі.
Прамова ў сінагозе ў Кафарнауме
На наступны дзень натоўп, які заставаўся на другім беразе мора, заўважыў, што там быў толькі адзін човен і што Езус не сядаў у човен разам з вучнямі, а яны адплылі адны. Таксама іншыя чаўны прыплылі з Тыберыяды непадалёк ад таго месца, дзе спажывалі хлеб, калі Пан узнёс падзяку. Калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?»
Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!» А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?» Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў».
Яны ж сказалі Яму: «Які ж Ты зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есці”». Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы — гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету». Тады сказалі Яму: «Пане, давай нам заўсёды такі хлеб». Езус адказаў ім: «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць. Але Я сказаў вам, што вы таксама бачылі Мяне, але не верыце. Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, Я не адкіну, бо Я сыйшоў з неба не для таго, каб чыніць сваю волю, але волю таго, хто Мяне паслаў. А воля таго, хто паслаў Мяне, такая, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але каб уваскрасіў у апошні дзень.» Бо такая воля Айца Майго, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае. І Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба», і казалі: «Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я сышоў з неба”?»
Езус сказаў ім у адказ: «Не абурайцеся паміж сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У Прарокаў напісана: “Усе будуць навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне. І не таму, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
Я — хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. Гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто з’есць яго, не памёр. Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта Цела Маё дзеля жыцця свету».
Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: «Як Ён можа даць нам есці сваё цела?» Езус жа сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая — праўдзівы напой. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву праз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі».
Гэта Ён сказаў у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме. Пачуўшы гэта, многія з вучняў Ягоных сказалі: «Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?» Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя абураюцца, сказаў ім: «Ці гэта вас спакушае? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём. Аднак ёсць сярод вас тыя, хто не верыць». Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: «Для таго гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом».
Вызнанне Пятра
З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: «Ці і вы таксама хочаце адысці?» Адказаў Яму Сымон Пётр: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця. А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога». Адказаў ім Езус: «Ці не дванаццаць Я вас выбраў? І адзін з вас — д’ябал». Казаў жа пра Юду Сымона Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, будучы адным з Дванаццаці.
Езус ідзе ў Ерузалем на свята
Пасля гэтага хадзіў Езус па Галілеі. Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі намагаліся забіць Яго.
Набліжалася юдэйскае свята Шатроў. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае ўбачылі Твае справы, якія робіш. Бо ніхто ўпотай не робіць нічога і стараецца сам быць навідавоку. Калі Ты робіш такое, пакажы сябе свету». Бо нават браты Ягоныя не верылі ў Яго. Тады кажа ім Езус: «Мой час яшчэ не настаў, а для вас час заўжды адпаведны. Свет не можа ненавідзець вас, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхія. Вы ідзіце на свята; Я не пайду на гэта свята, таму што яшчэ не споўніўся Мой час». Сказаўшы гэта, Ён застаўся ў Галілеі.
Калі браты Ягоныя прыйшлі на свята, тады і Ён прыйшоў, аднак не адкрыта, а як бы патаемна. Юдэі ж шукалі Яго на свяце і казалі: «Дзе Ён?» І вялікае абурэнне было на Яго ў натоўпе: адны казалі, што Ён добры, другія ж казалі: «Не, Ён уводзіць народ у зман!» Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго праз страх перад юдэямі.
Езус навучае ў святыні
Ужо ў сярэдзіне свята Езус увайшоў у святыню і навучаў. А юдэі дзівіліся, кажучы: «Як жа Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?» Езус ім адказаў: «Маё вучэнне — не Маё, а таго, хто паслаў Мяне. Калі хто хоча выконваць волю Яго, той даведаецца, ці ад Бога вучэнне, ці Я сам ад сябе гавару. Хто гаворыць ад свайго імя, шукае ўласнай славы, а хто шукае славы таго, хто паслаў яго, той праўдзівы і няма ў ім несправядлівасці. Ці Майсей не даў вам Закон? Але ніхто з вас не выконвае Закону. Чаму вы хочаце забіць Мяне?» Натоўп адказаў: «Ты апанаваны злым духам! Хто імкнецца забіць Цябе?» Езус сказаў ім у адказ: «Адну справу зрабіў Я, а вы ўсе здзіўляецеся. Вось, Майсей даў вам абразанне (хоць яно не ад Майсея, але ад айцоў), і вы ў шабат абразаеце чалавека. Калі чалавек прымае абразанне ў шабат, каб не парушыць Закон Майсееў, чаму гневаецеся на Мяне, што Я ў шабат аздаравіў усяго чалавека? Не асуджайце з выгляду, але судзіце судом справядлівым».
Спрэчкі пра паходжанне Хрыста
Некаторыя з жыхароў Ерузалема казалі: «Ці не той гэта, якога хочуць забіць? І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога не кажуць Яму. Хіба старэйшыны на самой справе пераканаліся, што Ён Месія? Але мы ведаем, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Месія, то ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён». Тады Езус, навучаючы ў святыні, прамовіў голасна: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я. І не сам ад сябе Я прыйшоў, але праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце. Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне». Тады шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна. Многія з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Калі прыйдзе Месія, ці Ён учыніць больш знакаў, чым гэты ўчыніў?»
Прадказанне адыходу
Фарысеі ж пачулі, як народ абураецца, і паслалі першасвятары і фарысеі слуг схапіць Яго. Тады Езус сказаў: «Яшчэ нядоўга пабуду з вамі і адыду да таго, хто паслаў Мяне. Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці». Юдэі казалі адзін аднаму: «Куды Ён хоча ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не хоча Ён ісці ў грэцкую дыяспару і вучыць грэкаў? Што Ён меў на ўвазе, кажучы: “Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці”?»
Абяцанне жывой вады
У апошні, вялікі дзень свята, Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой». Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, хто паверыў у Яго, бо яшчэ не было Духа, таму што Езус яшчэ не быў услаўлены.
Новая спрэчка пра паходжанне Езуса
З натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Ён сапраўды прарок!» Другія казалі: «Гэта Месія!» А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід?» І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў натоўпе.
Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі. Прыйшлі ж слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?» Слугі адказалі: «Ніколі ніхто з людзей так не гаварыў». Фарысеі адказалі ім: «Няўжо і вас увялі ў зман? Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў? Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты!» Тады Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім: «Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?» На гэта адказалі яму: «Ці і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі прарок не выйдзе!» І разышліся кожны да свайго дому.
Чужаложніца
Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужалостве і, паставіўшы яе пасярэдзіне, сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве. У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».
Езус — святло свету
І зноў прамовіў да іх Езус, кажучы: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця». Тады фарысеі сказалі Яму: «Ты сам пра сябе сведчыш, таму сведчанне Тваё непраўдзівае». Езус сказаў ім у адказ: «Нават калі Я сведчу сам пра сябе, сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду. А вы не ведаеце, адкуль Я прыйшоў і куды іду. Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога. А калі Я і суджу, то суд Мой праўдзівы, таму што Я не адзін, але Я і Айцец, які паслаў Мяне. І ў Законе вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае. Я і сам сведчу пра сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, які паслаў Мяне». Тады яны сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Езус адказаў: «Вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго». Гэтыя словы Езус сказаў каля скарбніцы, калі вучыў у святыні. І ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.
Чарговае прадказанне адыходу
І зноў сказаў ім Езус: «Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым! Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці». Тады юдэі сказалі: «Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа: “Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці”»? І сказаў ім: «Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету. Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо калі не паверыце, што Я ёсць, памрэце ў грахах вашых». Тады сказалі Яму: «Хто Ты?» Езус адказаў ім: «Але ж, навошта яшчэ кажу вам! Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць, але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое кажу свету». Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца. Тады сказаў ім Езус: «Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць і нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу. І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца». Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго.
Езус і Абрагам
Сказаў тады Езус юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас». Тыя адказалі Яму: «Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому! Як жа Ты кажаш: “Вы станеце свабоднымі?”» Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху. А нявольнік не застаецца ў доме вечна — сын застаецца вечна. Таму калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі. Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак шукаеце, як Мяне забіць, бо слова Майго няма ў вас. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, і вы робіце тое, што чулі ад айца». Тыя сказалі Яму ў адказ: «Абрагам наш айцец». Езус сказаў ім: «Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама. А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, пачутую ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. Вы робіце ўчынкі айца вашага». Яны адказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя. Мы маем аднаго Айца — Бога!» Езус сказаў ім: «Калі б Бог быў вашым айцом, вы б любілі Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу. Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне. Чаму не разумееце мовы Маёй? Бо не можаце слухаць слова Майго. Ваш айцец д’ябал, і вы хочаце выконваць жаданні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойцам ад пачатку і не выстаяў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён хлусіць, кажа ад сябе, бо ён ілгун і бацька хлусні. А паколькі Я кажу праўду, не верыце Мне. Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі кажу праўду, чаму не верыце Мне? Хто ад Бога, той слухае Божыя словы. Вы не слухаеце, бо вы не ад Бога».
Тады юдэі сказалі Яму ў адказ: «Ці мы не маем рацыі, што Ты самаранін і апанаваны злым духам?» Езус адказаў: «Я не апанаваны злым духам, а шаную Айца Майго, вы ж зневажаеце Мяне. Я не шукаю сваёй славы. Ёсць той, хто яе шукае і хто судзіць. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці ніколі». Тады юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: “Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці”. Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі! Кім Ты сябе робіш?» Езус адказаў: «Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: “Ён — наш Бог!” Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я буду ілгуном, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова. Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся». На гэта юдэі сказалі Яму: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?» Езус сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць». Тады яны схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.
Аздараўленне сляпога ад нараджэння
Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. Пакуль Я на свеце, Я — святло свету». Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?» Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!» Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?» Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да купальні Сілоэ і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць». Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».
І павялі яго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. Фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу». Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны. Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!» Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым. Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?» Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым. Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!» Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію. Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»
Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек — грэшнік». Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу». Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?» Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?» Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея. Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем». І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы! Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае. Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння. Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць». Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.
Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?» Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?» Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою». Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану. Тады сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі». Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?» Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш.
Добры пастыр
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых». Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку. Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».
Праз гэтыя словы сярод юдэяў зноў адбыўся падзел. Многія з іх казалі: «Ён апанаваны злым духам і вар’яцее! Нашто Яго слухаеце?» Іншыя казалі: «Гэта не словы апанаванага злым духам! Хіба можа злы дух адкрываць вочы сляпым?»
Езус — Божы Сын
Настала тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма, і Езус хадзіў у святыні па портыку Саламона. Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта!» Езус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне. Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак. Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца. Я і Айцец — адно».
Юдэі зноў узялі камяні, каб каменаваць Езуса. Але Езус сказаў ім: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?» Юдэі адказалі Яму: «Не за добры ўчынак хочам каменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам». Езус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: Вы багі”? Калі тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга адхіліць, то чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: “Блюзнерыш”, бо сказаў: “Я — Сын Божы?” Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне. Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ува Мне, а Я ў Ім». Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй.
Езус ідзе за Ярдан
І пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян, і застаўся там. Многія прыйшлі да Яго і казалі: «Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай». І шмат хто паверыў там у Яго.
Уваскрашэнне Лазара
Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты. Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы. Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы».
Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе». Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю». Вучні ж сказалі Яму: «Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?» Езус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету. А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла». Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго». Вучні Яго сказалі: «Пане, калі заснуў, то выздаравее». Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон. Тады Езус проста сказаў ім: «Лазар памёр. І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго». Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці разам з Ім!»
Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў. Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень». Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?» Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».
Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: «Настаўнік тут, Ён кліча цябе». Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго. Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта. Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць. Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!» Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?» Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі». Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!» А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!» І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць».
Прысуд Сінэдрыёна
Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго. А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус. Тады першасвятары і фарысеі сабралі Сінэдрыён і казалі: «Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат знакаў? Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і знішчаць месца нашае і наш народ!» Адзін жа з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не разумееце і не думаеце, што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не каб увесь народ загінуў!» А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але, будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ, і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно. З гэтага дня вырашылі забіць Яго.
Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у краіну каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.
Набліжэнне Пасхі
Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца. Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: «Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?» А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб схапіць Яго.
Намашчэнне ў Бэтаніі
За шэсць дзён да Пасхі прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ён уваскрасіў. Таму прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале. Марыя ж узяла фунт міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і намасціла ногі Езусу, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. А дом напоўніўся пахам міра. Сказаў тады Юда Іскарыёт, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго: «Чаму не прадалі гэтага міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?» А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі. Сказаў яму Езус: «Пакінь яе, каб яна захавала гэта на дзень Майго пахавання. Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце».
Мноства народу з юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшлі не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара, бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.
Урачысты ўезд у Ерузалем
На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Ерузалем, узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі:
«Гасанна!
Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана,
Кароль Ізраэля!»
А Езус знайшоў асляня і сеў на яго; як напісана:
«Не бойся, дачка Сіёна.
Вось Кароль твой ідзе,
седзячы на асляняці».
Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага, але калі Езус быў услаўлены, тады ўзгадалі, што так было пра Яго напісана і так Яму зрабілі.
Натоўп, які быў з Ім, сведчыў, што Ён паклікаў Лазара з магілы і ўваскрасіў яго. Таму народ і сустрэў Яго, бо пачуў, што Ён учыніў такі знак. А фарысеі казалі адзін аднаму: «Бачыце, што нічога не дапамагае? Увесь свет пайшоў за Ім!»
Прадказанне ўзвышэння Сына Чалавечага
Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса». Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу. А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў!»
Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім». Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе». Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці. Натоўп спытаўся ў Яго: «Мы чулі з Закону, што Месія трывае навекі. Дык чаму Ты кажаш, што павінен быць узвышаны Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?» Тады Езус сказаў ім: «Яшчэ нядоўга будзе святло сярод вас. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб цемра не агарнула вас. А хто ходзіць у цемры, не ведае, куды ідзе. Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб стаць дзецьмі святла». Сказаўшы гэта, Езус адышоў і ўкрыўся ад іх.
Бязвер’е людзей
Хоць Ён учыніў перад імі столькі знакаў, яны не паверылі ў Яго, каб збылося слова, сказанае прарокам Ісаем:
«Пане, хто паверыў пачутаму ад нас?
Каму адкрылася плячо Пана?»
Таму не маглі верыць, бо, як сказаў яшчэ Ісая:
«Ён асляпіў вочы іх
і зрабіў жорсткімі сэрцы іхнія,
каб не бачылі вачыма
і не разумелі сэрцам,
і не навярнуліся,
каб Я вылечыў іх».
Гэта сказаў Ісая, бо бачыў славу Яго і казаў пра Яго. Аднак жа і са старэйшын шмат хто паверыў у Яго, але праз страх перад фарысеямі не прызнаваліся, каб не выключылі іх з сінагогі, бо яны больш любілі чалавечую славу, чым славу Божую.
Вера ў Езуса — вера ў Бога
Езус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, а ў таго, хто паслаў Мяне. І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне. Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры. І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет. Хто пагарджае Мною і не прымае Маіх словаў, той мае сабе суддзю — слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень. Бо Я казаў не ад сябе, але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць. І Я ведаю, што запаведзь Ягоная — гэта жыццё вечнае. Таму тое, што Я кажу, кажу так, як сказаў Мне Айцец».
АПОШНЯЯ ВЯЧЭРА
МУКА, СМЕРЦЬ І ЎВАСКРАСЕННЕ ЕЗУСА
Абмыццё ног
Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх. І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць Яго, Езус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе, устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны. Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: «Пане, Ты хочаш абмыць мне ногі?» Езус адказаў яму: «Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля». Сказаў Яму Пётр: «Не, не абмыеш ніколі маіх ног!» Езус адказаў яму: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною». Сымон Пётр кажа Яму: «Пане, не толькі ногі, але і рукі, і галаву!» Сказаў яму Езус: «Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе». Бо ведаў, хто выдасць Яго. Таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў заняў месца за сталом, і сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам. Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга не большы за свайго гаспадара, і пасланнік не большы за таго, хто паслаў яго. Калі гэта ведаеце і чыніце так, вы шчаслівыя. Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю, каго выбраў. Але няхай збудзецца Пісанне: “Хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю”. Цяпер, перш чым гэта станецца, кажу вам, каб, калі станецца, вы паверылі, што Я ёсць. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне».
Прадказанне здрады Юды
Сказаўшы гэта, Езус узрушыўся духам і засведчыў, кажучы: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне». Вучні глядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, пра каго Ён кажа. Быў адзін з вучняў Ягоных, якога любіў Езус і які спачываў на грудзях Езуса. Яму і кіўнуў Сымон Пётр, каб даведаўся, хто той, пра каго Ён кажа. Той жа прыпаў да грудзей Езуса і спытаў у Яго: «Пане, хто гэта?» Езус адказаў: «Той, каму Я, абмакнуўшы, падам кавалак хлеба». І, абмакнуўшы кавалак, падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. Тады, пасля спажыцця кавалка, увайшоў у яго д’ябал. І сказаў яму Езус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй». Але ніхто з тых, хто быў за сталом, не зразумеў, чаму Ён так сказаў яму. Паколькі Юда меў скарбонку, то некаторыя думалі, што Езус сказаў яму: «Купі, што нам трэба на свята», або каб даў што-небудзь убогім. Ён жа, спажыўшы кавалак, адразу выйшаў. А была ноч.
Новая запаведзь любові
Калі ж выйшаў, Езус сказаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: куды Я іду, вы пайсці не можаце. Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Прадказанне адрачэння Пятра
Кажа Яму Сымон Пётр: «Пане, куды Ты ідзеш?» Адказаў яму Езус: «Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці за Мною, але потым пойдзеш». Сказаў Яму Пётр: «Пане, чаму я не магу цяпер пайсці за Табою? Жыццё сваё аддам за Цябе». Адказаў яму Езус: «Жыццё сваё аддасі за Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне.
Езус — дарога да Айца
Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».
Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі». Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца. І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб уславіўся Айцец у Сыне. Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта.
Абяцанне Суцяшыцеля
Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму».
Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: «Пане, як сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а не свету?» Езус сказаў яму ў адказ: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне.
Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам. Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца. Ужо нядоўга Мне размаўляць з вамі, бо надыходзіць валадар гэтага свету. Ён нічога не мае ўва Мне. Але каб свет ведаў, што Я люблю Айца і раблю так, як наказаў Мне Айцец. Устаньце, пойдзем адгэтуль.
Сапраўдная вінаградная лаза
Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. Іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі. Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Вучні і свет
Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў. Калі б вы былі са свету, ён любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет ненавідзіць вас. Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць. Але ўсё гэта будуць рабіць вам з прычыны імя Майго, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне. Калі б Ян не прыйшоў і не гаварыў з імі, не мелі б граху. Цяпер жа не маюць апраўдання за свой грэх. Хто ненавідзіць Мяне, той і Айца Майго ненавідзіць. Калі б Я не ўчыніў тых спраў, якіх не рабіў ніхто іншы, яны не мелі б граху. А цяпер яны бачылі і зненавідзелі Мяне і Айца Майго. Але няхай збудзецца слова, напісанае ў іхнім Законе: “Зненавідзелі мяне без прычыны”.
Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне. Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.
Я сказаў вам гэта, каб вы не зняверыліся. Вас адлучаць ад сінагогі. Але прыходзіць час, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што здзяйсняе пакланенне Богу. І так будуць рабіць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне. Але я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе іхні час, згадалі тое, што Я сказаў вам. Я не казаў вам гэтага ад пачатку, бо Я быў з вамі.
Дух Суцяшыцель
Цяпер Я адыходжу да таго, хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?” Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў сэрца вашае. Аднак Я кажу вам праўду: лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас. А калі адыду, пашлю Яго да вас. Калі Ён прыйдзе, пераканае свет наконт граху, справядлівасці і суда. Наконт граху, бо не вераць у Мяне. Наконт справядлівасці, бо іду да Айца, і вы ўжо не ўбачыце Мяне. Наконт суда, бо князь гэтага свету ўжо асуджаны.
Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.
Смутак ваш абернецца ў радасць
Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне». Некаторыя з вучняў сказалі адзін аднаму: «Што гэта Ён кажа нам: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне,” і: “Я іду да Айца”?» Казалі таксама: «Што гэта значыць: “Яшчэ крыху”? Не ведаем, што Ён кажа». А Езус пазнаў, што хацелі ў Яго спытаць, і сказаў ім: «Распытваецеся адзін у аднаго пра тое, што Я сказаў: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне?” Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш абернецца ў радасць. Жанчына, калі нараджае, смуткуе, бо прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіця, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет. Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас. У той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам. Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўнай. Гэта Я казаў вам у прыпавесцях. Надыходзіць час, калі ўжо не ў прыпавесцях буду казаць, а адкрыта абвяшчу вам пра Айца. У той дзень будзеце прасіць у імя Маё. І не кажу, што Я буду прасіць Айца за вас. Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі, што Я выйшаў ад Бога. Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца». Вучні сказалі Езусу: «Вось цяпер Ты гаворыш адкрыта і не кажаш ніякай прыпавесці. Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе. Таму верым, што Ты прыйшоў ад Бога». Езус адказаў ім: «Цяпер верыце? Вось надыходзіць час і ўжо настаў, калі вы рассеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною. Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет».
Малітва Езуса
Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста. Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.
Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі, і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, паходзіць ад Цябе. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне. Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе.
Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. І збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне. А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет зненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету.
Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету. Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе.
Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.
Ойча справядлівы, свет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх».
Арышт Езуса
Сказаўшы гэта, Езус выйшаў з вучнямі сваімі за зімні ручай Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя. Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі. Таму Юда ўзяў кагорту і слуг ад першасвятароў і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй. Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: «Каго шукаеце?» Яму сказалі: «Езуса з Назарэта». Кажа ім: «Гэта Я!» Стаяў жа з імі таксама Юда, які выдаў Яго. І калі Ён сказаў ім: «Гэта Я!», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю. Тады Ён зноў спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Езуса з Назарэта». Езус адказаў: «Я сказаў вам, што гэта Я! Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці», каб збылося слова, якое сказаў: «З тых, каго Ты даў Мне, Я не згубіў нікога». Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас. Але Езус сказаў Пятру: «Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць з келіха, які даў Мне Айцец?»
Езус перад Анной. Адрачэнне Пятра
Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром. Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ.
За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, таму ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара. Пётр жа стаяў звонку каля брамы. Тады той другі вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра. Служанка-брамніца кажа Пятру: «Ці і ты з вучняў гэтага чалавека?» Ён сказаў: «Не!» Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было зімна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае. Езус адказаў яму: «Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога. Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў». Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?» Езус адказаў яму: «Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне?» Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы.
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. І сказалі яму: «Ці і ты з вучняў Ягоных?» Ён адрокся і сказаў: «Не!» Адзін са слугаў першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў: «Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе?» Пётр зноў адрокся. І адразу заспяваў певень.
Езус перад Пілатам
Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з’есці Пасху. Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў: «У чым абвінавачваеце гэтага чалавека?» Яны сказалі яму ў адказ: «Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе». Пілат жа сказаў ім: «Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго закону!» Юдэі сказалі яму: «Нам нікога не дазваляецца забіваць». Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ.
Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, паклікаў Езуса і сказаў Яму: «Ці Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?» Пілат адказаў: «Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што Ты зрабіў?» Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб Мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль». Пілат сказаў Яму: «Дык Ты кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас». Пілат сказаў Яму: «Што такое праўда?» І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і сказаў ім: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязня. Калі хочаце, я адпушчу вам караля юдэйскага?» Тады яны зноў закрычалі: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.
«Вось чалавек!»
Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. Падыходзілі да Яго і казалі: «Вітай, кароль юдэйскі!» І білі Яго па твары. А Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: «Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны». Езус выйшаў у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: «Вось чалавек!» Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: «Укрыжуй, укрыжуй!» Сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны». Юдэі адказалі яму: «Мы маем Закон, і паводле Закону Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Сынам Божым».
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш. Ён зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса: «Адкуль Ты?» Але Езус не адказаў яму. Тады Пілат сказаў Яму: «Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?» Езус адказаў: «Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе».
Прысуд смерці
Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: «Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара! Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара». Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе на месцы, якое называлі Літастрот, а па-габрэйску Габата. Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў ён юдэям: «Вось кароль ваш!» А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Пілат кажа ім: «Я павінен укрыжаваць вашага караля?» Першасвятары адказалі: «Не маем караля, апроч цэзара». Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса.
Укрыжаванне Езуса
Несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота. Там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: «Езус Назаранін, кароль юдэйскі». Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-габрэйску, па-лацінску і па-грэцку. Першасвятары юдэяў казалі Пілату: «Не пішы: “Кароль юдэйскі”, але што Ён сказаў: “Я — кароль юдэйскі”». Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў!»
Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая. Таму сказалі адзін аднаму: «Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца». Так збылося сказанае ў Пісанні:
«Падзялілі між сабою маю вопратку
і аб адзежыне маёй кінулі лёсы».
Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.
Смерць Езуса
Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну». Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа.
Пахаванне
Юдэі, паколькі быў дзень прыгатавання Пасхі, каб не заставаліся целы на крыжы ў шабат, бо гэты дзень шабату быў вялікі, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы. Таму прыйшлі жаўнеры і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада. А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: «Косць Ягоная не будзе зламаная». І ў іншым месцы Пісанне кажа: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі».
Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але тайна, з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Езуса. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў Яго цела. Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў. Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.
Пустая магіла
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых. Так вучні зноў вярнуліся да сябе.
Езус з’яўляецца Марыі Магдалене
Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса. Яны сказалі ёй: «Жанчына, чаго ты плачаш?» Яна адказала ім: «Забралі майго Пана, і не ведаю, дзе паклалі Яго». Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў, але не ведала, што гэта Езус. Сказаў ёй Езус: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала Яму: «Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго». Езус сказаў ёй: «Марыя!» А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік»). Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага». Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.
Езус з’яўляецца вучням
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
Вызнанне Тамаша
Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»
Мэта кнігі
Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус — гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
ЭПІЛОГ
Каля Тыберыядскага мора
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі». Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу. Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Даручэнне Пятру пастырскай улады
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх». Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх». І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш». А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
Лёс умілаванага вучня
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?» Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?» Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною». І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»
Заканчэнне Евангелля
Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае. Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019