Библия › Каталіцкі › 1 да Карынцянаў

1-е пасланне да Карынцянаў

УСТУП

Прывітанне і падзяка

Павел, воляй Божай пакліканы быць апосталам Езуса Хрыста, і брат Састэн да Касцёла Божага ў Карынце, да асвячаных у Хрысце Езусе, пакліканых да святасці разам з усімі, хто ў кожным месцы заклікае імя Пана нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага. Ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

Заўсёды дзякую Богу майму за вас дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім пазнаннем. Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста. Ён таксама ўмацуе вас да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста. Верны ёсць Бог, які паклікаў вас да еднасці з Ягоным Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым.

СУПРАЦЬ ПАДЗЕЛАЎ

Заклік да згоды

Заклікаю вас, браты, дзеля імя нашага Пана Езуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і тое ж і каб не было паміж вамі расколу, але каб мелі еднасць у думках і пазнанні. Бо ад людзей Хлоі я даведаўся, браты мае, што ўзнікаюць паміж вамі спрэчкі. Я ж паўтараю тое, што кожны з вас кажа: «Я — Паўла», «Я — Апалоса», «Я — Кефаса», «А я — Хрыста».

Хіба падзяліўся Хрыстус? Хіба Павел быў укрыжаваны за вас, або ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя? Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысціў, апрача Крыспа і Гая, каб не сказаў хто, што ў маё імя быў ахрышчаны. Ахрысціў я таксама дом Стэфана, а ці ахрысціў яшчэ каго, не ведаю. Хрыстус паслаў мяне не хрысціць, але абвяшчаць Евангелле, і не мудрасцю слова, каб не зрабіць марным Хрыстовага крыжа.

Мудрасць крыжа

Для тых, хто гіне, слова аб крыжы — гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, — гэта моц Божая. Бо напісана:

«Я знішчу мудрасць мудрацоў і адкіну розум разумных».

Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не ператварыў Бог мудрасць свету ў глупства? Паколькі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, спадабалася Богу праз глупства прапаведавання збавіць веруючых. Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — згаршэнне, для язычнікаў — глупства, а для тых, хто пакліканы, юдэяў і грэкаў, Ён — Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць. Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей.

Паглядзіце, браты, на пакліканне вашае. Няшмат сярод вас мудрых паводле цела, няшмат моцных, няшмат шляхетнага паходжання. Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных; і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам. Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе, які стаў для нас мудрасцю ад Бога і справядлівасцю, і асвячэннем, і адкупленнем, каб было, як напісана:

«Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану».

Павел абвяшчае Божую мудрасць

Я прыйшоў да вас, браты, не для таго, каб абвяшчаць вам Божую таямніцу ўзнёслым словам ці мудрасцю. Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага. Я стаў перад вамі ў слабасці, у страху і ў вялікім трымценні. А маё слова і прапаведаванне не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні Духа і моцы, каб вера вашая грунтавалася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай.

Мы абвяшчаем мудрасць сярод дасканалых, а не мудрасць гэтага свету ці знікомых князёў гэтага свету. Абвяшчаем мудрасць Божую, схаваную ў таямніцы, якую Бог прадвызначыў перад вякамі для нашай славы. Ніхто з князёў гэтага свету не пазнаў яе, бо калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Пана славы. Але, як напісана: «Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго».

Нам жа Бог адкрыў праз Духа, бо Дух пранікае ва ўсё, таксама ў глыбіні Божыя. Бо хто з людзей ведае чалавечае, акрамя духа чалавека, які ў ім самім? Так і Божага не ведае ніхто, акрамя Духа Божага. Мы ж прынялі не духа свету, але Духа ад Бога, каб ведаць тое, што нам падаравана Богам. І мы гаворым пра гэта, навучаныя не словамі чалавечай мудрасці, але навучаныя Духам, і тлумачым духоўнае пры дапамозе духоўнага. Цялесны ж чалавек не прымае таго, што ад Духа Божага. Бо гэта для яго глупства, і ён не можа спазнаць, таму што гэта разумеюць духоўна. А духоўны чалавек можа разважаць пра ўсё, пра яго ж не можа разважаць ніхто.

Бо хто пазнаў дух Пана, каб павучаць Яго?
Мы ж маем дух Хрыстовы.

Хрыстус — падмурак Касцёла

Браты, я не мог прамаўляць да вас як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце. Я карміў вас малаком, а не цвёрдай ежай, бо вы яшчэ былі слабыя, ды і цяпер яшчэ нямоцныя, таму што вы яшчэ цялесныя. Калі сярод вас ёсць зайздрасць і спрэчкі, ці ж не цялесныя вы і ці ж не паступаеце, як людзі?

Бо калі адзін кажа: «Я — Паўла», а другі: «Я — Апалоса», ці ж не цялесныя вы? Бо хто такі Апалос? Хто такі Павел? Гэта слугі, праз якіх вы паверылі, як кожнаму даў Пан. Я садзіў, Апалос паліваў, але ўзрасціў Бог. Таму неістотна, хто садзіць і хто палівае, бо гэта Бог дае ўзрастанне. Хто садзіць і хто палівае — гэта адно, і кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы. Бо мы — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва, будоўля Божая.

Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе, бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус. А ці будуе хтосьці на гэтым падмурку з золата, срэбра, дарагіх каменняў, дрэва, сена, саломы, пакажа дзень, калі выявіцца справа кожнага. Бо ў агні выкрываецца, і агонь выпрабуе справу кожнага, якая яна. Калі чыя справа, якую ён будаваў, вытрывае, той атрымае ўзнагароду. А калі чыя справа згарыць, зазнае шкоду, сам жа збавіцца, але як бы праз агонь. Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас? Калі хто знішчыць святыню Божую, таго знішчыць Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы.

Няхай ніхто не падманвае самога сябе. Калі хто з вас лічыць сябе мудрым у гэтым свеце, няхай будзе неразумным, каб стаць мудрым. Бо мудрасць гэтага свету — глупства ў Бога. Таму што напісана:

«Ён ловіць мудрых на хітрасці іхняй».

І яшчэ: «Пан ведае думкі мудрых і тое, што яны марныя».

Таму няхай ніхто не хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: ці Павел, ці Апалос, ці Кефас, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога.

Паслуга апостала Паўла

Няхай кожны лічыць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі Божых таямніц. Ад распарадчыкаў жа патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным. Мне ж неістотна, як асудзіце мяне вы ці людскі суд, я і сам сябе не суджу. Бо я ні ў чым сябе не дакараю, але гэта не апраўдвае мяне. Пан ёсць тым, хто мяне судзіць! Таму не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Пан, які асветліць схаванае ў цемры і выявіць намеры сэрцаў. Тады кожны атрымае пахвалу ад Бога.

Браты, дзеля вас я аднёс гэта да самога сябе і Апалоса, каб вы навучыліся ад нас не выходзіць па-за тое, што напісана, каб вы не ўзвышаліся адзін над адным. Бо хто цябе вылучае? Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, то чаму хвалішся, нібыта не атрымаў?

Вы ўжо насыціліся, ужо ўзбагаціліся і пачалі валадарыць без нас. І няхай бы валадарылі, каб мы таксама пачалі валадарыць разам з вамі. Бо я думаю, што Бог паказаў нас, Апосталаў, апошнімі, як людзей, асуджаных на смерць. Таму што мы сталі відовішчам для свету, анёлаў і людзей. Мы неразумныя дзеля Хрыста, вы ж разумныя ў Хрысце; мы слабыя, вы ж моцныя; вы ў славе, а мы без пашаны. Нават да цяперашняй гадзіны мы галадаем і прагнем, церпім галечу і пабоі, не маем дому і цяжка працуем, зарабляючы ўласнымі рукамі. Калі нас праклінаюць, мы благаслаўляем; калі пераследуюць, мы церпім; калі нас зневажаюць, мы молімся. Мы сталі як смецце свету, як адкіды ўсяго ажно дагэтуль.

Я пішу гэта не для таго, каб пасаромець вас, але каб асцерагчы як сваіх умілаваных дзяцей. Бо калі б нават вы мелі безліч выхаваўцаў у Хрысце, у вас усё адно не будзе шмат айцоў, таму што я нарадзіў вас праз Евангелле ў Хрысце Езусе. Дык прашу вас, наследуйце мяне! Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, які ёсць маім дзіцем умілаваным і верным у Пану, каб ён нагадаў вам шляхі мае ў Хрысце Езусе, як я ўсюды навучаю ў кожным Касцёле.

Паколькі я не прыходжу да вас, то некаторыя з вас заганарыліся. Але я хутка прыйду, калі захоча Пан, і распазнаю не словы ганарыстых, але іх моц, бо Валадарства Божае не ў слове, а ў моцы. Чаго хочаце? Каб з кіем я прыйшоў да вас ці з любоўю і ў духу лагоднасці?

Амаральнасць карынцянаў

Паўсюль чуецца, што сярод вас пануе распуста, прычым такая распуста, якой няма нават сярод язычнікаў, што нехта жыве з бацькавай жонкай. Але вы заганарыліся і зусім не патрабавалі, каб той, хто робіць гэты ўчынак, быў выдалены з вашага асяроддзя? Адсутны целам, але прысутны духам, я, быццам прысутны, ужо асудзіў таго, хто ўчыніў гэта, у імя нашага Пана Езуса. Вы, сабраўшыся разам у духоўнай лучнасці са мною, моцаю нашага Пана Езуса павінны выдаць такога чалавека сатане на згубу цела, каб ягоны дух мог збавіцца ў дзень Пана.

Вашае выхвалянне недарэчы. Ці ж не ведаеце, што малая закваска квасіць усё цеста? Дык ачысціце старую закваску, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя. Пасха нашая, Хрыстус, ахвяраваны за нас! Таму будзем святкаваць не ў старой заквасцы, не ў заквасцы зла і подступу, але ў прэсным хлебе чыстасці і праўды.

Я напісаў вам у пасланні, каб вы не вадзіліся з распуснікамі. Ды не наогул з распуснікамі гэтага свету, ці хабарнікамі, ці драпежнікамі, ці ідалапаклоннікамі, бо тады вам трэба было б пакінуць гэты свет! Цяпер жа я напісаў вам не вадзіцца з тымі, хто, называючы сябе братам, з’яўляецца распуснікам, ці хабарнікам, ці ідалапаклоннікам, ці паклёпнікам, ці п’яніцаю, ці рабаўніком. З такім нават не ешце разам. Бо навошта мне судзіць тых, хто звонку? Ці не тых, што сярод вас, судзіце вы? Тых, што звонку, асудзіць Бог. Дык выдаліце нягодніка, які сярод вас!

Звады сярод хрысціянаў

Як адважваецца нехта з вас, маючы справу супраць іншага, судзіцца перад несправядлівымі, а не перад святымі? Хіба не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? А калі вы асуджаеце свет, то ці ж не вартыя вы судзіць у нязначных справах? Хіба не ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, ужо не кажучы пра жыццёвыя справы?

Аднак вы, калі разбіраеце жыццёвыя справы, ці не прызначаеце суддзямі тых, хто ў Касцёле нічога не значыць? На сорам ваш кажу гэта! Няўжо сярод вас няма нікога мудрага, хто б мог рассудзіць паміж сваімі братамі? Але брат судзіцца з братам, і гэта перад няверуючымі? Наогул ганебна для вас само тое, што вы судзіцеся паміж сабою! Ці не лепш вам цярпець несправядлівасць? Ці не лепш вам застацца ашуканымі? Але вы самі крыўдзіце і ашукваеце, і пры гэтым братоў! Хіба не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае? Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі, ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае.

І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы былі асвячаныя, але вы былі апраўданыя ў імя Пана Езуса Хрыста і ў Духу Бога нашага!

Адказная свабода

Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць. Ежа для чэрава, і чэрава для ежы, але Бог знішчыць тое і другое. Цела не для распусты, але для Пана, і Пан для цела. Бог уваскрасіў Пана і нас уваскрасіць сваёй моцаю.

Хіба не ведаеце, што целы вашыя — гэта члены Хрыстовыя? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, учыню іх членамі распусніцы? Канешне, не! Ці ж не ведаеце, што, хто злучаецца з распусніцай, з’яўляецца адным целам з ёю? Бо, як сказана, двое будуць адным целам. А той, хто злучаецца з Панам, становіцца з Ім адным духам. Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які чыніць чалавек, ёсць па-за целам, а распуснік грашыць супраць уласнага цела. Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе? Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым.

СПРАВЫ КАСЦЁЛА

Хрысціянскае сужэнства

Што да напісанага вамі, то добра для мужчыны не кранацца жанчыны. Але, каб пазбегнуць распусты, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.

Муж няхай выконвае свой абавязак адносна жонкі. Таксама і жонка адносна мужа. Жонка не распараджаецца сваім целам, але муж. Таксама і муж не распараджаецца сваім целам, але жонка. Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на нейкі час, каб вы мелі час на малітву, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана праз вашую няўстрыманасць. Кажу гэта як параду, а не як загад. Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.

Нежанатыя і справа разводу

Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра, калі застануцца, як я, але, калі не вытрымліваюць, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым палаць пажадлівасцю.

Тым жа, хто ажаніўся, не я наказваю, але Пан, каб жонка не адыходзіла ад мужа. Калі ж адыдзе, то няхай застаецца без мужа, ці паяднаецца са сваім мужам. Муж таксама няхай не пакідае жонкі.

Астатнім кажу я, не Пан: калі хто з братоў мае жонку няверуючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай не пакідае яе. Таксама жонка, якая мае няверуючага мужа, і той згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго, бо няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і няверуючая жонка асвячаецца праз мужа; інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны святыя. Калі ж няверуючы хоча адысці, няхай адыдзе; брат ці сястра ў такіх выпадках не зняволеныя, бо да згоды паклікаў нас Пан. Адкуль жа ты ведаеш, жонка, што збавіш мужа? Або ты, муж, адкуль ведаеш, што збавіш жонку?

Вернасць пакліканню

Зрэшты, кожны няхай паступае так, як Бог яму вызначыў, да чаго кожнага паклікаў Пан. Так я загадваю па ўсіх Касцёлах. Калі пакліканы хтосьці абрэзаным, няхай не хаваецца. Пакліканы хтосьці неабрэзаным? Няхай не абрэзваецца! Абразанне — нішто, і неабразанне — нішто, але лічыцца выкананне Божых запаведзяў. Кожны няхай застаецца ў тым пакліканні, у якім быў пакліканы. Быў пакліканы як нявольнік? Не турбуйся. Але, калі можаш стаць свабодным, скарыстай з гэтага! Бо нявольнік, пакліканы ў Пану, ёсць свабодным Пана. Гэтак сама і пакліканы як свабодны ёсць нявольнікам Хрыста. Вы куплены дарагой цаною! Не станавіцеся нявольнікамі людзей. Браты, кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у тым няхай застаецца перад Богам.

Дзявоцтва

Адносна дзеваў я не маю наказу ад Пана, але выказваю сваё меркаванне як той, каго міласэрнасць Пана зрабіла вартым даверу. Таму з-за цяперашняга ўціску я лічу добрым, што чалавеку лепш заставацца такім. Ты маеш жонку? Не шукай вызвалення. Не маеш жонкі? Не шукай яе. Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, і калі дзева выйшла замуж, не зграшыла. Але такія зведаюць пакуту ў целе, а я шкадую вас. Я кажу вам, браты, што час кароткі. Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача. І тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца. І тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае. І тыя, хто карыстаецца светам, няхай будуць як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету. Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану. А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы, і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу. Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы дастойна і вытрывала служылі Пану.

Калі хто-небудзь лічыць, што паступае нягодна са сваёй дзевай, бо мінаюць ужо гады яе маладосці, і перакананы, што павінен так паступіць, то няхай паступае, як хоча, ён не грашыць. Няхай жэняцца. Але калі нехта без ніякага прымусу, пануючы над сваёй воляй, цвёрда вырашыў у сваім сэрцы захаваць дзявоцтва, той робіць добра. Таксама і той, хто жэніцца са сваёй дзевай, але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш.

Удовы

Жонка звязаная столькі часу, колькі жыве яе муж. Аднак, калі памёр яе муж, яна можа выйсці замуж за каго пажадае, каб толькі ў Пану. Аднак больш шчаслівай была б, калі б засталася так, як я раю. Думаю, і я маю Божага Духа.

АХВЯРЫ, ШТО СКЛАДАЮЦЦА ІДАЛАМ

Агульныя прынцыпы

Вядома, пра ахвяры ідалам мы ўсе маем пазнанне. Але пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе. Калі хто думае, што пазнаў нешта, той яшчэ не пазнаў як належыць. А калі хто любіць Бога, той вядомы Яму. Наконт спажывання ахвяр ідалам мы ведаем, што нічым з’яўляецца ў свеце ідал і што няма бога, апроч Аднаго. Калі і ёсць так званыя багі на небе ці на зямлі, як ёсць шмат багоў і шмат гаспадароў, то ў нас адзін Бог Айцец, ад якога паходзіць усё і мы існуём для Яго. І ёсць адзін Пан Езус Хрыстус, праз якога ўсё, і мы праз Яго.

Але не ва ўсіх такое пазнанне. Некаторыя і дагэтуль маюць язычніцкую свядомасць і спажываюць ахвяраванае ідалу, а іхняе сумленне, будучы слабым, апаганьваецца. Аднак ежа не набліжае нас да Бога, бо ці ямо, не становімся лепшымі, ці не ямо, не становімся горшымі. Але глядзіце, каб вашая свабода не стала прычынай упадку для слабых. Бо, калі хто ўбачыць, што ты, маючы пазнанне, сядзіш за сталом сярод язычніцкіх ідалаў, то ці яго сумленне, будучы слабым, не заахвоціцца есці ахвяры, прынесеныя ідалам? Так праз тваё пазнанне гіне слабы брат, дзеля якога памёр Хрыстус. Калі вы грашыце так супраць сваіх братоў і раніце іхняе слабое сумленне, вы грашыце супраць Хрыста. Таму, калі ежа схіляе майго брата да граху, ніколі не буду спажываць мяса, каб я не спакусіў брата майго да граху.

Прыклад ахвярнасці Паўла

Ці я не свабодны? Ці я не Апостал? Ці я не бачыў Езуса Хрыста, Пана нашага? Ці не мая вы справа ў Пану? Калі для іншых я не Апостал, то для вас Апостал, бо пячатка майго апостальства — вы ў Пану. Вось такі адказ мой тым, што судзяць мяне. Ці мы не маем права есці ды піць? Ці не маем права мець спадарожніцаю сястру, жонку, як іншыя Апосталы і браты Пана, і Кефас? Ці адзін я і Барнаба не маем права не працаваць?

Хто калі-небудзь служыў у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаграднік і не есць яго пладоў? Або хто пасвіць статак і не есць малака ад статку? Ці я гавару гэта як чалавек? Хіба не кажа гэта і Закон? Бо ў Законе Майсея напісана: «Не завязвай пысы валу, што малоціць». Ці аб валах клапоціцца Бог? Ці не дзеля нас увогуле кажа? Бо дзеля нас напісана, што араты павінен араць з надзеяй, а малацьбіт — з надзеяй на частку. Калі мы пасеялі ў вас духоўнае дабро, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае? Калі іншыя маюць права над вамі, то мы тым больш? Аднак мы не скарысталі з гэтага права, але ўсё церпім, каб не ўчыніць якой перашкоды Хрыстоваму Евангеллю. Ці ж не ведаеце, што тыя, хто працуе пры святыні, жывяцца са святыні, а тыя, што служаць пры ахвярніку, маюць частку з ахвярніка? Так і Пан загадаў тым, хто абвяшчае Евангелле, жыць з Евангелля.

Але я нічым з гэтага не карыстаўся. Напісаў жа гэта не для таго, каб так сталася для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым… Гэтага майго гонару ніхто не знішчыць. Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо гэты абавязак ўскладзены на мяне. Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля. Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду, а калі не з уласнай, то выконваю даручаны абавязак. Якая ж мая ўзнагарода? Такая, каб, бескарысліва абвяшчаючы Евангелле, я не карыстаўся правам, дадзеным мне праз яго абвяшчэнне.

Будучы свабодным ад усіх, я стаў нявольнікам усіх, каб здабыць яшчэ больш. Для юдэяў я стаў як юдэй, каб здабыць юдэяў. Для тых, хто падпарадкоўваецца Закону, я стаў як той, хто падпарадкоўваецца Закону (хоць сам не быў пад Законам), каб здабыць падпарадкаваных Закону. Хоць маю Закон Божы, але згодны з Законам Хрыста, я стаў для тых, хто не мае Закону, як той, хто не мае Закону, каб здабыць тых, хто не мае Закону. Для нядужых я стаў як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць прынамсі некаторых. Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам.

Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб яе атрымаць. Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё: толькі тыя, каб атрымаць знішчальны вянок, а мы — незнішчальны. Таму я не бягу так, нібы бязмэтна, не змагаюся так, нібы б’ючы паветра; але я суровы да свайго цела і знявольваю яго, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца няздатным.

Прыклад з гісторыі Ізраэля

Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора, і ўсе акунуліся за Майсеем у воблаку і ў моры, і ўсе елі тую самую духоўную ежу, і ўсе пілі той самы духоўны напой, бо пілі з духоўнай скалы, што спадарожнічала ім, а скалою быў Хрыстус. Аднак большасць з іх не ўпадабаў Бог, таму яны былі загублены ў пустыні.

Гэта адбылося як прыклад для нас, каб мы не пажадалі дрэннага, як жадалі яны. Не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Народ сеў, каб есці і піць, ды ўстаў забаўляцца». Не будзем распуснічаць, як некаторыя з іх распуснічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы. І не выпрабоўвайце Хрыста, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў. Не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад згубніка. Гэта здарылася з імі як прыклад, бо напісана дзеля павучэння нам, якім выпала жыць у канцы вякоў. Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці. Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць.

Хрыстус — адзіны Пан

Мае ўмілаваныя, уцякайце ад ідалапаклонства. Я гавару вам як разумным, а вы разважце самі, што кажу. Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго Хлеба. Глядзіце на Ізраэль паводле цела: ці тыя, хто спажывае ахвяры, не з’яўлюцца супольнікамі алтара?

Што ж кажу я? Ці ахвяра ідалам мае значэнне? Або ідал мае значэнне? Не, бо тое, што ахвяруюць, яны ахвяруюць дэманам, а не Богу. Я ж не хачу, каб вы сталі супольнікамі дэманаў. Вы не можаце піць келіха Пана і келіха дэманаў. Не можаце сядзець за сталом Пана і за сталом дэманаў. Няўжо мы будзем абуджаць зайздрасць Пана? Хіба мы мацнейшыя за Яго?

Усё павінна служыць Божай хвале

Усё можна, але не ўсё карысна. Усё можна, але не ўсё будуе. Няхай ніхто не шукае свайго, але таго, што карысна для іншага. Усё, што прадаецца на рынку, ешце без дакораў сумлення, бо Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй.

Калі хто з няверуючых запрашае вас, і вы хочаце пайсці, ешце ўсё, што дадуць, без дакораў сумлення. Аднак, калі хто скажа вам: «Гэта ахвяра са святыні», не ешце з увагі на таго, хто гэта вам сказаў, і дзеля сумлення. Кажу не пра вашае сумленне, а таго чалавека. Бо дзеля чаго маю свабоду будзе асуджаць чыёсьці сумленне? Калі я з удзячнасцю прымаю ежу, то чаму асуджаюць мяне за тое, што я дзякую?

Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую. Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага, як і я стараюся дагадзіць усім ва ўсім, шукаючы не сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя.

Наследуйце мяне, як і я наследую Хрыста.

ПАРАДАК НА ЛІТУРГІЧНЫХ СХОДАХ

Мужчына і жанчына на літургічным сходзе

Хвалю вас, што вы памятаеце пра мяне і захоўваеце тое, што я пераказаў вам. Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны — Хрыстус, галава жанчыны — мужчына, а Хрысту галава — Бог. Кожны мужчына, які моліцца або прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сябе. І кожная жанчына, што моліцца або прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сябе, бо выглядае, як аголеная. Калі жанчына не пакрывае галавы, то няхай і абстрыжэцца. Калі стрыгчыся ці галіцца жанчыне сорам, няхай пакрывае сваю галаву.

Мужчына не павінен пакрываць сабе галаву, бо ён вобраз і адлюстраванне хвалы Божай. Жанчына ж — адлюстраванне хвалы мужчыны. Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны. І не мужчына быў створаны дзеля жанчыны, але жанчына дзеля мужчыны. Таму жанчына павінна мець на галаве знак улады над ёю з увагі на анёлаў. Аднак у Пану няма ні жанчыны без мужчыны, ні мужчыны без жанчыны. Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну, а ўсё ад Бога. Мяркуйце самі: ці належыць, каб жанчына малілася Богу з непакрытаю галавою? Або ці сама прырода не вучыць нас, што, калі мужчына адрошчвае валасы, то яму ганьба. Але, калі жанчына адрошчвае валасы, для яе гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест пакрыцця. А калі б хто захацеў спрачацца, то ні мы не маем такога звычаю, ні Касцёлы Божыя.

Вячэра Пана

Даючы гэтыя настаўленні, я не хвалю таго, што вы збіраецеся разам не на карысць, але на шкоду. Бо, перш за ўсё, я чую, што, калі вы збіраецеся разам як Касцёл, сярод вас паўстае разлад. І ў гэта я часткова веру. Бо павінны быць у вас падзелы, каб і выпрабаваныя маглі выявіцца сярод вас. Таму, калі вы збіраецеся дзеля гэтага, то гэта не спажыванне Вячэры Пана, бо кожны бярэцца раней з’есці ўласны спажытак. Так адзін застаецца галодным, а другі п’янее. Хіба не маеце дамоў, каб есці і піць? Ці вы пагарджаеце Касцёлам Божым і прыніжаеце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас? За гэта не пахвалю!

Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб, узнёс падзяку, паламаў і сказаў: «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». Таксама ўзяў пасля вячэры келіх, кажучы: «Гэта ёсць келіх новага запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць». Кожны раз, калі будзеце есці гэты Хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе. Таму той, хто будзе есці гэты Хлеб ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты ў граху супраць Цела і Крыві Пана. Няхай выпрабоўвае сябе чалавек, а потым няхай есць гэты Хлеб і п’е з гэтага келіха. Бо хто есць і п’е, не зважаючы на Цела Пана, той есць і п’е на сваё асуджэнне. Праз гэта сярод вас многа слабых ды хворых, і даволі памірае. Бо, калі б мы судзілі саміх сябе, то не былі б асуджанымі. Калі ж судзіць нас Пан, то дакарае нас, каб мы не былі асуджаныя разам са светам.

Таму, браты мае, калі збіраецеся на пасілкі, чакайце адзін аднаго. Калі хто галодны, няхай есць дома, каб вы не збіраліся на асуджэнне. Іншыя справы вырашу, калі прыйду.

Харызмы Духа Святога

Аб духоўных справах, браты, не хачу пакінуць вас у няведанні. Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то вялі вас да нямых ідалаў, быццам зняволеных. Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто пад уплывам Духа Божага не можа сказаць: «Праклён на Езуса!» І ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.

Розныя ёсць дары, але той самы Дух. Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан. Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць. Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова пазнання паводле таго самага Духа; іншаму — вера ў тым самым Духу; іншаму — дар аздараўлення ў тым жа Духу; іншаму — моц чыніць цуды, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моваў. А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае.

Члены аднаго цела — Касцёла

Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус. Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам. Цела — гэта не адзін член, але шмат. Калі скажа нага: «Я не рука, таму не належу да цела», то ці ж яна не належыць да цела? І калі скажа вуха: «Я не вока, таму не належу да цела», то ці ж яно не належыць да цела? Калі ўсё цела — гэта вока, то дзе ж слых? Калі ўсё слых, то дзе нюх? Цяпер жа Бог змясціў члены, кожны паасобку ў целе, як захацеў. А калі б усе былі адным членам, то дзе цела? Цяпер жа членаў шмат, але цела адно. Таму не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна!», ці таксама галава — нагам: «Вы мне не патрэбныя!» Але ж члены цела, якія здаюцца найслабейшымі, нашмат больш патрэбныя. І тыя, якія лічам менш пачэснымі ў целе, мы больш ушаноўваем, і нашым непрыстойным мы надаём больш прыстойнасці, бо нашым прыстойным гэтага не трэба. Але Бог сфармаваў цела, даючы слабейшым большую пашану, каб не было падзелу ў целе, але каб усе члены рупіліся адзін аб адным. Таму, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены. Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — члены.

Адных Бог паставіў у Касцёле найперш апосталамі, другіх — прарокамі, трэціх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы. Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы? Ці ўсе маюць дар аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць? Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях.

Гімн любові

Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы.

Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто.

Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці.

Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.

Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца. Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым, а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне. Калі я быў дзіцём, то як дзіця гаварыў, як дзіця думаў, як дзіця разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае. Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.

А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў.

Харызмы і агульнае дабро

Імкніцеся да любові, клапаціцеся аб духоўным, асабліва аб дары прароцтва. Хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу. Ніхто не разумее яго, бо ён пра таямнічае гаворыць. А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаванне, напамін і суцяшэнне. Хто гаворыць мовамі, будуе сябе, а хто прарочыць, будуе Касцёл. Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб вы прарочылі, бо большы той, хто прарочыць, чым той, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе тлумачыць дзеля будавання Касцёла.

Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, калі не буду прамаўляць да вас праз аб’яўленне, пазнанне, прароцтва і навучанне? Бо і бяздушныя інструменты, ці то жалейка, ці гуслі, калі не даюць адметных гукаў, то як распазнаць, што іграюць на жалейцы ці на гуслях? І калі труба будзе выдаваць невыразны гук, хто пачне рыхтавацца да бою? Так і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, як зразумеюць, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер. Несумненна, ёсць шмат разнастайных моў на свеце, і няма ніводнай без значэння. Калі я не разумею сэнсу мовы, то буду чужынцам таму, хто гаворыць, і для мяне той, хто гаворыць, чужынец.

Так і вы, калі рупіцеся аб духоўных дарах, старайцеся ўзрастаць у іх дзеля будавання Касцёла. Таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб умеў тлумачыць. Бо калі я малюся на мовах, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца бясплодным. Што ж рабіць? Буду маліцца духам і буду маліцца розумам, буду спяваць духам і буду спяваць розумам. Бо калі ты будзеш благаслаўляць у духу, то як неўтаямнічаны скажа «амэн» на тваё дзякаванне, калі не ведае, што кажаш? Ты хораша дзякуеш, але не будуеш другога. Дзякую Богу, што больш за ўсіх вас гавару мовамі, але ў Касцёле хачу сказаць лепш пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым дзесяць тысяч слоў на мовах.

Браты, не будзьце дзецьмі ў думках, але будзьце дзецьмі для зла, а ў думках будзьце сталымі.

У Законе напісана:

«Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але і тады не паслухаюць Мяне», —

кажа Пан. Так што мовы з’яўляюцца знакам не для веруючых, але для няверуючых; прароцтва ж не для няверуючых, але для веруючых. Калі б увесь Касцёл сабраўся разам, і ўсе пачалі гаварыць мовамі, то калі ўвойдуць неўтаямнічаныя ці няверуючыя, ці не скажуць яны, што вы вар’яты? Калі б усе прарочылі, і ўвайшоў бы няверуючы ці неўтаямнічаны, то ўсімі ён будзе дакараны, усімі асуджаны, і выявяцца тайны яго сэрца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, кажучы: «Сапраўды, з вамі Бог!»

Што ж рабіць, браты? Калі вы збіраецеся разам, то кожны ці спявае, ці навучае, ці мае аб’яўленне, ці мову, ці тлумачэнне — усё гэтае няхай будзе на будаванне. Калі хто гаворыць мовамі, гаварыце па двое, ці найбольш па трое, ды па чарзе, а тлумачыць няхай адзін. Калі ж няма таго, хто тлумачыць, няхай у Касцёле маўчаць. Няхай гавораць сабе і Богу. І прарокі няхай гавораць па двое ці па трое, іншыя няхай разважаюць. Калі ж другому з седзячых будзе дадзена аб’яўленне, то першы няхай маўчыць. Бо ўсе паасобку можаце прарочыць, каб усе вучыліся і ўсе заахвочаныя былі суцешаныя. Нават духі прарочыя падпарадкаваныя прарокам, таму што Бог не з’яўляецца Богам бязладдзя, але спакою.
Як ёсць ва ўсіх Касцёлах паміж святымі, жанчыны ў Касцёлах няхай маўчаць, бо не дазволена ім гаварыць, але няхай будуць падпарадкаваныя, як і кажа Закон. Калі хочуць чаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў, бо сорамна жанчыне гаварыць у Касцёле.

Ці ад вас выйшла слова Божае, або ці да вас адных дайшло? Калі хто лічыць, што ён прарок ці мае іншы духоўны дар, няхай прызнае, што тое, пра што я пішу вам, — гэта запаведзь Пана. Хто гэтага не прызнае, сам будзе непрызнаны. Таму, браты мае, старайцеся прарочыць і не забараняйце гаварыць мовамі. Няхай усё адбываецца прыстойна і згодна з парадкам.

ВАКОЛ ПРАЎДЫ АБ УВАСКРАСЕННІ

Уваскрасенне Хрыста

Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце, і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі! Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і што з’явіўся Кефасу, а потым — Дванаццаці. Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя памерлі. Потым з’явіўся Якубу, потым — усім Апосталам. Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду. Бо я найменшы з Апосталаў і не варты называцца Апосталам, паколькі пераследаваў Касцёл Божы. Але з ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць, і ласка Ягоная, дазеная мне, не была дарэмнаю. Наадварот, я працаваў больш за іх усіх, ды і не я, а ласка Божая, што са мною. Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.

Уваскрашэнне веруючых у Хрысце

Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння памерлых? Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос! А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная. Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі памерлыя не ўваскрасаюць. Бо калі памерлыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос. А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых. Тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, згінулі. Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.

Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі. Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека — і ўваскрашэнне памерлых. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага. Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне і ўсялякую ўладу, і сілу. Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае. Як апошні вораг будзе знішчана смерць, бо ўсё пакладзена пад ногі Ягоныя. Калі ж скажа, што ўсё падпарадкавана, то відавочна, за выключэннем таго, хто падпарадкаваў Яму ўсё. Калі ж усё будзе Яму падпарадкавана, тады і сам Сын падпарадкуецца таму, хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.

Бо што ж зробяць тыя, хто прымае хрост за памерлых? Калі памерлыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта яны прымаюць за іх хрост? Навошта і мы пастаянна трапляем у небяспеку? Я кожны дзень паміраю. Сведчаннем гэтаму ваша пахвала, браты, якую маю ў Езусе Хрысце, Пану нашым! Калі я, як чалавек, змагаўся ў Эфесе з дзікімі звярамі, то якая мне карысць? Калі памерлыя не ўваскрасаюць, будзем есці і піць, бо заўтра памром. Не падманвайце сябе. Дрэнныя размовы псуюць добрыя звычаі. Абудзіцеся па-сапраўднаму і не грашыце! Бо некаторыя з вас не ведаюць Бога. Кажу гэта вам на сорам.

Цела пасля ўваскрашэння

Хтосьці скажа: «Як памерлыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыйдуць?» Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, перш чым не памрэ. Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне, напрыклад, пшаніцы ці чаго іншага. Бог жа дае яму такое цела, як хоча, і кожнаму насенню ўласнае цела. Не ўсе целы аднолькавыя, але адно ў людзей, іншае ў жывёл, іншае таксама ў птушак, яшчэ іншае ў рыб. Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але іншая слава нябесных, а іншая — зямных. Іншая слава сонца, іншая — месяца, іншая таксама слава зорак, бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай. Так і ўваскрашэнне памерлых. Сеецца ў тленні, паўстае ў нятленнасці. Сеецца ў пагардзе, паўстае ў славе. Сеецца ў слабасці, паўстае ў моцы. Сеецца цела зямное, паўстае цела духоўнае.
Калі ёсць зямное цела, ёсць і духоўнае. Так і напісана: «Першы чалавек Адам стаў жывой істотай», апошні Адам — жыватворным духам. Але не духоўнае першае, а зямное, потым духоўнае. Першы чалавек з зямлі ёсць пылам; другі Чалавек — з неба. Які быў з пылу, такія і тыя, што з пылу; які нябесны, такія і нябесныя. І як мы насілі вобраз таго, што з пылу, так будзем насіць вобраз нябеснага. Але кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць атрымаць у спадчыну Валадарства Божае, і тленнае не атрымае ў спачыну нятленнасць.

Перамога над смерцю

Вось, я кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе будзем перамененыя, адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы. Калі яна загучыць, памерлыя ўваскрэснуць як нятленныя, а мы пераменімся. Бо трэба, каб тленнае апранулася ў нятленнасць, а смяротнае апранулася ў несмяротнасць. Калі ж тленнае апранецца ў нятленнасць, а смяротнае апранецца ў несмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова:

«Перамога паглынула смерць. Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»

Джала смерці — грэх, а сіла граху — Закон. Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста. Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану.

ЗАКАНЧЭННЕ

Справа складак для ўбогіх

Што датычыць складкі для святых, то рабіце і вы так, як я ўстанавіў у Касцёлах Галатыі. У першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае штосьці, калі яму добра вядзецца, каб не збіраць складкі тады, як я прыйду. Калі ж прыйду, то тых, каго вы выберыце, пашлю з лістамі, каб аднеслі ваш дар у Ерузалем. А калі неабходна будзе і мне пайсці, то пойдуць са мною.

Планаванне падарожжа ў Карынт

Я ж прыйду да вас, калі прайду Македонію. У вас, магчыма, затрымаюся, або нават і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду. Бо не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходам, але спадзяюся прабыць у вас трохі часу, калі Пан дазволіць. У Эфесе затрымаюся аж да Пяцідзясятніцы, бо для мяне адчынены вялікія і шырокія дзверы, і шмат ёсць праціўнікаў. Калі прыйдзе да вас Цімафей, глядзіце, каб быў у вас бяспечны, бо ён працуе для справы Пана, як і я. Таму няхай ніхто не пагарджае ім. Правядзіце яго ў спакоі, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі. Што да брата Апалоса, то я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас. Ды наогул ён не меў ахвоты ісці цяпер, але прыйдзе, калі яму будзе зручна.

Заключныя заахвочванні і прывітанні

Чувайце, трывайце ў веры, будзьце мужнымі і моцнымі. Усё ў вас няхай робіцца ў любові. Прашу вас, браты: вы ведаеце сям’ю Стэфана, што яна — першы плод Ахаі, і што яны аддалі сябе на служэнне святым. Таму і вы будзьце паслухмянымі такім ды кожнаму, хто садзейнічае вам і цяжка працуе. Я рады прыйсцю Стэфана, Фартуната і Ахаіка, бо яны запоўнілі для мяне вашую адсутнасць. Яны падтрымалі мяне і вас на духу. Таму шануйце такіх.

Вітаюць вас усе Касцёлы Азіі. Вітаюць вас шчыра ў Пану Аквіла і Прысцыла разам з Касцёлам, які збіраецца ў іх доме. Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.

Гэта ўласнаручнае маё, Паўла, прывітанне. Калі хто не любіць Пана, няхай будзе выключаны з супольнасці. Марана-та!

Ласка Пана Езуса няхай будзе з вамі. Любоў мая з усімі вамі ў Хрысце Езусе.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.