Библия › Татарыновіч › Да рымлян
Павал, слуга Езуса Хрыстуса, пакліканы Апостал, прызначаны для Божай Эванэліі,* якую загадзіць (Бог) абяцаў праз сваіх Прарокаў у сьвятых Пісаннях, аб Сыне сваім, які целам стаўся яму з насення Давіда й адкрыўся Сынам Божым паводля духа усьвячэння ды праз паўстанне зь мяртвых, Езусе Хрыстусе, Усеспадару нашым,* празь якога мы атрымалі ласку і апастольства, каб дзеля імя Ягонага здабываць да паслушнасьці для веры ўсе народы; між якімі ёсьць і вы пакліканыя Езуса Хрыстуса; — усім у Рыме ўмілаваным Божым, пакліканым да сьвятасьці, ласка і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса. Перш за ўсё дзякую Богу майму праз Езуса Хрыстуса за ўсіх вас, што вера ваша слыве па ўсім сьвеце. Бог мне сьветкай, Якому служу духам маім у Эванэліі Сына Яго, што няўпынна спамінаю вас, просячы ў малітвах маіх заўсёды, каб усёж калінебудзь воля Божая пашчасьціла да вас дастацца. Бо вельмі хацеўбы пабачыцца з вамі, каб удзяліць вам які дар духовы для ўмацавання вашага, ці то парадавацца з вамі супольнаю вераю вашаю й маёю. А ня хочу, браты, пакінуць вас у няведанні таго, што я часта зьбіраўся к вам прыбыць — але аж дагэтуль не дазвалялі перашкоды — каб і ў вас мець нейкі пажытак, як і ў другіх народаў.* Грэкам і барбарам, мудрым і нямудрым, даўжніком зьяўляюся;* восьжа (што да мяне), я гатоў і вам, каторыя ў Рыме, вясьціць Эванэлію. Я бо Эванэліі ня стыдзіўся, таму што яна ёсьць моцай Божай да збаўлення кажнаму веручаму, Жыду перш, ды і Грэку; бо ў ёй адкрываецца справядлівасьць Божая зь веры ў веру, як напісана: А справядлівы зь веры жыве (Габ. 2:4).* Аб’яўляецца бо гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і несправядлівасьць тых людзей, што праўду беспраўднасьцю тамуюць. Бо-ж тое, што можна даведацца аб Богу, ёсьць для іх яўным, Бог бо ім гэта унаяўніў:* нябачнае ў Ім, навет справечная моц і боства ягона, у стварэнні сьвету праз одум над творамі дабачваецца; так-што адмануцца ім нельга ад таго, што пазнаўшы Бога, не аддалі Яму чэсьці й падзякі, як Богу, а блазіліся ў мудрошчах сваіх і амарочылася бяздумнае сэрца іх; у называнні сябе мудрымі абясьцямелі і хвалю нетлага Бога перападобнілі сьмяротнаму чалавеку, птушкам, чацьвёраногім ды гадам. Таму-ж і аддаў іх Бог у похацях сэрцаў іхніх нячыстасьці, каб апаганьвалі між сабою целы свае, бо праўду Божую замянілі яны на хвальш і аддавалі чэсьць ды служылі стварэнню, а не Стварыцелю, каторы багаслаўлёны ёсьць навекі. Амэн. Дзеля таго Бог іх аддаў ганебнай жорсьці: жанчыны бо іхнія замянілі натуральнае ужыванне на антынатуральнае; гэтаксама й мужчыны, заняхаіўшы натуральнае ужыванне жанчыны, разьярваліся пажадлівасьцю адзін да другога, мужчыны на мужчынах дапушчаліся сораму, нясучы на сабе належную заплату за сваё блюдадзейства. А як яны ня рупіліся мець у пазнані Бога, здаў іх Бог на бязглуздыя замыслы — рабіць няпрыстойнасьць; так-што яны поўныя ўсякай няпраўды, злосьці, блюдадзейства, прагавітасьці, подласьці, поўныя ненавісьці, людабойства, сваркі, ашуканства, закатнасьці, падшэпніцтва; зьвяглівыя паклёпнікі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, надутыя пышліўцы, вынаходнікі новых збродняў, непаслушныя бацьком, неразважныя, вераломныя, нязгодалюбныя, бязь літасьці й бяз міласэрдзя. Яны, ведаючы праведны Божы прысуд — што гэтак паступаючыя варты сьмерці — ня толькі самы гэта робяць, але й другім у гэтым спрыяюць.
Дзеля таго неапраўдальны ты, чалавеча, які асуджаеш, чым бо судзіш другога, тым ганьбіш сябе самога, бо робіш тоеж самае, што асуджаеш. Мы-ж ведаем, што іставетна ёсьць суд Божы на тых, каторыя гэтак робяць. Думаеш мо, што ты ўцячэш ад суду Божага, чалавеча асуджаючы гэтак паступаючых, дый сам тоеж робячы? Ці мо празьмерную дабрату, лагоднасьць і доўгацярплівасьць Ягону за нішто маеш, таго не цямячы, што Божая ласкавасьць накіроўвае цябе пакаяцца? Ты-ж праз сваё упорства й непакайнае сэрца прыспараеш сабе гнеў на дзень гневу і зьявы суду Бога, Які «аддасьць кажнаму водля учынкаў ягоных» (Пс. 61:13): тым, каторыя праз вытрыванне ў добрым дзеле шукаюць славы, чэсьці й беззаганнасьці — вечнае жыцьцё; а тым, што ўпіраюцца й не ўдавольваюцца праўдай, але вераць непраўдзе — гнеў і лютасьць. Сум і прыгноба на кажную душу чалавека, што робіць благое, перш Юдэя дый Грэка! А слава, чэсьць і спакой кажнаму робячаму дабро, Юдэю першаму, пасьля і Грэку! Няма бо ў Бога ўвагі на асобу. Тые, што без Закону зграшылі, без Закону й пагінуць, а тые, што ў Законе зграшылі, Законам і асуджаны будуць; бо не такія перад Богам справядлівыя, што Закону толькі слухаюць, але такіе, што спаўняюць Закон, усправядлівецца; калі бо пагане, якія ня маюць Закону, з прыраджэння законнае робяць, дык яны нямаючыя Закону — самы сабе закон; яны выяўляюць зьмест Закону, выпісанага ў іхніх сэрцах, аб гэтым сьветчыць іх сумленне ды думкі, то абвінавачваючыя, то баронячыя адна другую; ў дню, калі Бог судзіць будзе людзкія тайніцы празь Езуса Хрыстуса, водле мае Эванэліі. А калі ты завеш сябе Юдэем, спасылаешся на Закон, Богам ганарышся і знаеш волю Яго ды распазнаеш усё лепшае, навучаны Законам, і ўпэўнены, што ты павадыр сьляпых, сьвятло для занураных у цьме, адукатар невукаў, вучыцель недалеткаў, маючы ў Законе форму веды і праўды — дык якжа ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога; навучаючы ня красьці, крадзеш; кажучы не распуставаць, распустуеш; гідзішся балванамі, а дапушчаешся сьвятазьнявагі; ганарышся Законам, а нарушэннем яго зьняважаеш Бога? Бо-ж напісана: «Праз вас імя Божае зьняважаецца ў паганаў» (Із. 52:5). Абразанне то карыснае, калі спаўняеш Закон; але калі ты нарушаеш Закон, дык абразанне тваё сталася неабрэзаннем. Калі восьжа неабразанец спаўняе пастановы Закону, то ціж неабразанне ягонае не палічыцца яму за абразанне? І той, што хоць з натуры неабразаны, але спаўняе Закон, ці не асудзіць цябе, маючага абразанне й літару Закону ды нарушаючага Закон? Ня той бо Юдэй, хто гэткім ёсьць на выгляд, і ня тое абразаннем ёсьць, што маніфэстуецца на целе; але — хто ўсабешне Юдэй, і тое абразаннем ёсьць, што ў духу і сэрцы, ня ў літары; яму й хвала не ад людзей, але ад Бога.
Дык што за першаважнасьць мае Юдэй, або што за карысьць з абразання? Вялікую, і-то з кажнага гледзішча! Перш за ўсё ў тым, што ім здаверана слова Божае. Што з таго, калі некаторыя зь іх і ня ўверылі? Ціж недаверства іхняе зьнівечыць вернасьць Божую? Ніколі! Бог бо праўдамоўны, а чалавек ілжывы (Пс. 115:11), як напісана: Каб апраўдаўся ты у словах тваіх ды перамог, як суджаны будзеш (Пс. 50:6). Каліж нашая паганасьць унаяўнівае Божую справядлівасьць, дык што скажам? Што Бог несправядлівы (палюдзку гаворачы), калі аказвае гнеў? Ніякім чынам! Як бо тады Богу судзіць сьвет? Бо-ж калі праўда Бога маёю беспраўднасьцю унаяўніваецца Яму на хвалу, дык заштож тады я асуджаюся, як грэшнік? І чамуб тады нам не рабіць благое, каб на дабро выйшла, як некаторыя й ачарняюць нас, цьвердзячы, быццам мы гэтак навучаем? Справядлівы засуд гэткім! Дык штож — перавышаем іх? Зусім не; бо-ж мы ўжо даказалі, што ўсе — так Юдэі, як і Грэкі — у граху, як напісана: Няма праведніка ніводнага. Няма разумеючых, няма нікога шукаючага Бога (Пс. 13:2−3); усе з дарогі зьбіліся і усе поспал няпрыгонымі сталіся; няма, хтоб дабро тварыў (Пс. 5:11), няма да-аднаго. Іхняе горла — гэта гроб адчынены; языком сваім ману мелюць; а пад вуснамі у іх яд змяіны (Пс. 139:4). Вусны іх поўныя праклёну й горычы. Ногі іх борздыя да праліцця крыві. Пустэча й бяздолле на шляхох іхніх (Із. 59:7−8). не пазналі шляху супакою (згоды) (Прып. 1:16); няма боязі Бога прад вачыма іхнімі. А мы-ж ведаем, што Закон калі нешта гаворыць, то да тых гаворыць, якіе пад Законам, каб усякі рот быў заткнёны і ўвесь сьвет падлягаў Богу; бо-ж ніякае цела (чалавек) не апраўдаецца перад Ім справамі Закону, праз Закон бо — пазнанне граху. Але цяпер Божая справядлівасьць аб’явілася без Закону, пасьветчаная Законам і Прарокамі. А справядлівасьць тая — праз веру ў Езуса Хрыстуса — для ўсіх і над усімі, што ў яго вераць; няма бо роьніцы! таму, што ўсе зграшылі й пазбаўлены Божае хвалы, апраўданне-ж атрымоўваюць дарма, праз ласку Ягону, праз адкупленне, што ў Хрыстусе Езусе, Якога Бог аддаў на крывавую ахвяру ўласкаўлення празь веру, дзеля аказання свае справядлівасьці ў адпушчэнні грахоў, перш учыненых, калі яшчэ іх цярпеў, каб выявіць сваю справядлівасьць цяпер і аказацца самому справядлівым ды апраўдваючым кажнага веручага ў Езуса Хрыстуса. Дзеж тады тваё самадумства? Выключана. Якім Законам? Учынкаў? Не, але Законам веры. Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю без учынкаў Закону. Няўжож Бог ёсьць толькі Богам Юдэеў, а і не паганаў таксама? Пэўнаж і паганаў. Бог бо ёсьць і адзін, які апраўдвае абразаных празь веру. Дык ціж мы вераю касуем Закон? Ніколі! Але пацьвярджаем яго.
штож — спытаем — здабыў айцец наш Абрагам водля цела? Калі Абрагам апраўданы учынкамі, ён мае пахвалу, але ня ў Бога. Што бо кажа Пісанне? Уверыў Абрагам Богу і гэта залічана яму у апраўданне (Быц. 15:6). Таму хто працуе прызнаецца плата не з ласкі, але з належнасьці, а хто не працуе, але верыць у Таго, Каторы апраўдвае грэшніка, вера яго залічаецца за праведнасьць (водля пастановы з ласкі Бога). Як і Давід называе шчасьлівым чалавека, якому Бог прызнае праведнасьць без учынкаў: Багаслаўлёныя, каму нягоднасці адпушчаны і грахі пакрытыя. Багаслаўлёны муж, якому граху Бог не палічыць (Пс. 31:1−2). Восьжа, ці гэтая багаслаўлёнасьць датычыць толькі абразаных, ці такжа й неабразаных? Бо гаворым, што Абрагаму вера палічана за праведнасьць. Якжа палічана? У абразанні, ці ў неабразанні? Не пасьля абразання, але перад абразаннем. І атрымаў знак абразання, як пячаць праведнасьці, зь веры, якую меў перад абразаннем; так-што стаўся айцом усіх веручых, навет неабразаных, каб і ім была прызнана праведнасьць; ды каб быў айцом абразання не адно тых абразаных, але й тых, што ходзяць сьлядамі веры айца нашага Абрагама, якую меў ён, ня будучы абразаным. Бо не Законам было дадзена Абрагаму й ягоным нашчадкам прырачэнне, што ён станецца дзедзічам сьвету, але праведнасьцю веры. Калі бо спадкаемцамі ёсьць тые, што з Закону, дык пустая тады вера, пустаслоўнае прырачэнне; бо-ж Закон спрычыняе гнеў: дзе няма Закону, няма і праступку. Дзеля таго зь веры, каб было з ласкі, каб прырачэнне аказалася моцнае, для цэлага патомства, ня толькі для таго, што з Закону ёсьць, але і для таго, што зь веры Абрагама, айца ўсіх нас — як напісана: Я паставіў цябе айцом многіх народаў (Быць. 17:4−5) — перад Богам, Якому ўверыў, Які ажыўляе памерлых і няіснуючае называе існуючым. Проці надзеі уверыў ён у надзею стацца айцом многіх народаў паводле сказанага: Гэтак будзе тваё патомства (Быць. 15:5). і не пахіснуўся ў веры, не зважаючы на сваё заміраючае, амаль сталетняе ўжо, цела, ані на прымярцьвелую нутробу Сары. Дый датычна Божага прырачэння не пахіснуўся празь недавяранне, але падмацаваны верай аддаў хвалю Богу, упэўнены, што ўсё абецанае мае моц і даканаць. Таму і палічана яму гэта за праведнасьць. Дый не датычна яго аднаго толькі напісана: Палічана яму (15:6), але датычна й да нас, якім будзе ўлічана вера ў Таго, Каторы абудзіў зь мяртвых Езуса Усеспадара нашага, што быў выданы за нашы грахі ды згробуўстаў для нашага апраўдання.
Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мейма згоду з Богам праз Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, празь Якога, мы й маем доступ да ласкі празь веру, ў якой стаімо і ганарымся надзеяй хвалы Божае. Дый не адным тым, але хвалімся й прыгнобаю, ведаючы, што прыгноба вытварае цярплівасьць, цярплівасьць-жа — досьлед, а досьлед — надзею; надзея-ж не бянтэжыць, бо міласьць Божая разьлітая ў сэрцах нашых праз Духа Святога, нам данага. Хрыстус бо, як мы былі яшчэ недасілкамі, сваечасна ўмёр за нясубожных; а бадай ніхто ня ўмірае за праведніка, хібаб за дабрадзейніка то мо’ хтоб і наважыўся памерці. Але Бог аказвае нам міласьць праз тое, што Хрыстус умёр за нас, як мы былі яшчэ грэшнікамі; дык тым-болей цяпер, як ужо апраўданы Ягонай крывёю, будзем празь яго ўхаваныя ад гневу. Бо калі будучы няпрыязнымі, мы пагоджаныя з Богам празь сьмерць Ягонага Сына, дык тым-болей, будучы пагоджанымі збавімся праз жыцьцё Ягонае. Дый ня толькі гэта, бо і ганарымся Богам празь Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага, дзякуючы Якому атрымалі мы цяпер пагадненне. Таму вось, як праз аднаго чалавека ўвайшоў у сьвет грэх, а праз грэх сьмерць, гэтак і на ўсіх людзей сьмерць перайшла, бо ў ім усе зграшылі. Быў грэх на сьвеце і перад Законам, але ня прызнаваўся віною, бо ня было Закону. Сьмерць аднак валадарыла ад Адама аж да Майжэша, навет над тымі, што не зграшылі праступкам на падобу Адама, які зьяўляецца фігурай будучага. Але дар ласкі ня гэткі, як было праступства; бо калі цераз праступак аднаго памярлі многія, дык шмат болей у ласку Божую і дар з ласкі аднаго чалавека, Езуса Хрыстуса, аплываюць многія. І ня так ёсьць з грахом аднаго, як з дарам; бо суд за адзін грэх дае асуджэнне, ласка-ж за шмат грахоў дае апраўданне. Калі бо ад праступку аднаго чалавека сьмерць празь яго заваладала, то шмат багацей прыймаючы шчодрыя ласкі й дар апраўдання валадарыцімуць у жыцьці праз аднаго Езуса Хрыстуса. Вось-жа, як праз грэх аднаго — усім людзям засуд, так праз праведнасьць аднаго — усім людзям апраўданне жыцьця. Бо як празь непаслухмянасьць аднаго чалавека многія сталіся грэшнікамі, так праз паслухмянасьць аднаго многія сталіся апраўданымі. Закон-жа прыйшоў пазьней, каб увыдатніць праступак, але дзе увыдатніўся праступак, там яшчэ выдатней памножвалася ласка, каб, як грэх валадарыў сьмерцяносна, так і ласка валадарыла праз праведнасьць на жыцьцё вечнае празь Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага.
Дык штож скажам? Трывацімем у граху, каб памнажалася ласка? Барані Божа! Мыж умярлі для граху, якжа тады ў ім будзем жыць? Няўжэ ня ведаеце, што ўсе мы ахрышчаны ў Езусе Хрыстусе, ў Ягонай сьмерці хрысьціліся? Праз хрост бо мы разам зь Ім пахаваныя ў сьмерці, каб як Хрыстус хвалаю Айца ўстаў ізь мяртвых, гэтак і мы ў вабноўленым жыцьці хадзілі. Бо-ж калі мы сталіся прышчэпленымі падобе Ягонай сьмерці, дык таксама і — згробуўстання будзем. Ведаючы тое, што стары чалавек разам зь Ім укрыжаваны, каб грэшнае цела было зьліквідавана ды мы болей ня служылі граху. Хто ўмёр, той ад граху вызваліўся. А калі мы ўмярлі з Хрыстусам, дык верым, што і жыць будзем разам зь Ім. Ведаючы, што Хрыстус згробуўстаўшы, болей ня ўмірае: сьмерць над Ім ужо не валадарыціме. Бо што Ён памёр для граху, дык раз памёр, а што жыве, то для Бога жыве. Гэтак і вы лічэце сябе памёршымі для граху, жывымі-ж для Бога ў Езусе Хрыстусе Усеспадару нашым. Дык хайжа не валадарыць грэх у сьмяротным целе вашым, каб паняволіцца ягоным похацям; і ня выдавайце граху спатрабляць чэлесы вашага цела на ганьбу, а паручайце сябе, як згробуўсталых, ды чэлесы вашыя 0 Богу на знадобу праведнасьці. Грэх бо над вамі валадарыць ня будзе, бож вы не пад Законам, але пад ласкаю. Тады што? Ці будзем грашыць дзеля таго, што мы не пад Законам, але пад ласкаю? Ніколі! Няўжэ ня ведаеце, што каму аддаяцеся ў паслухмяную службу, таго вы і слугі, каго слухаеце: або граху — на сьмерць, або послуху — на праведнасьць. Богу дзякаваць, што будучы ўпярод нявольнікамі граху, вы сталіся шчыра паслушнымі той форме навукі, якой аддаліся. Асвабадзіўшыся ад граху, сталіся паслушнымі праведнасьці. Гавару палюдзку дзеля прыроднай слабасьці вашай: бо як аддавалі вы чэлесы вашыя на услугі нячыстасьці й ганьбе, каб гразнуць у нягоднасьці, гэтак цяпер аддайце вашае цела ў службу праведнасьці на усьвячэнне. Бо-ж як былі вы нявольнікамі граху, тады былі вольнымі ад праведнасьці. І штож за карысьць вы мелі з таго, чаго цяперака даводзіцца саромецца? Бо канец таго — сьмерць. А вось цяпер вы вольныя ад граху і стаўшыся Божымі слугамі, маеце пажытак ваш у-ва ўсьвячэнні, а мэту — ў жыцьці вечным. Заплата бо за грэх — гэта сьмерць; а ласка Божа — гэта жыцьцё вечнае ў Езусе Хрыстусе Усеспадару нашым.
Ціж вы ня ведаеце, браты, (гавару бо знаючым Закон), што дакуль чалавек жыве, над ім валадарыць Закон? Так вось замужняя жанчына прывязана правам да жывога мужа, а як муж памрэ, яна звальняецца ад права, вязучага з мужам; таму-то называцімецца чужаложніцай, каліь пры жыцьці мужа выйшла за другога; калі-ж памрэ, яна вольная ад права й не ўважацімецца блудадзейкай у замужжы з другім. Гэтак і вы, браты мае, ўмярлі для Закону праз Цела Хрыстусава, каб належаць другому, Згробуўсталаму, ды быць Богу плённымі. Бо-ж як мы былі ў целе, тады грэшныя похаці, што праз Закон былі выяўляныя, дзеелі ў чэлесах нашых, каб даваць плён сьмерці; цяпер-жа мы вызваленыя ад амярцьвяюча путаўшага нас Закону, так што служым абнове духа, а ня водле застарэлае літары. І штож скажам? Закон грахом ёсьць? Зусім не! Дыкжа я не йнакш пазнаў грэх як толькі праз Закон. Я ня ведаўбы пажадлівасьці, каліб Закон не гаварыў: Не пажадай (Выйсьць. 20:16−17). Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, (забароны), збудзіў у-ва мне ўсякую пажадлівасьць; без закону бо грэх быў мяртвы. І я жыў калісь без Закону, але як прыйшло прыказанне, дык грэх ажыў, а я памёр; і праканаўся, што прыказанне, данае мне на жыцьцё, ёсьць на сьмерць; дзеля таго, што грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, зьвёў мяне й забіў ім. Закон, восьжа, сьвяты і прыказанне ёсьць сьвятое, справядлівае і добрае. Дык няўжо тое, што добрае, сталася мне сьмерцю? Барані Божа! Гэта грэх, аказваючыся грахом, праз дабро спрычыняе мне сьмерць, каб праз прыказанне (дабро) стаўся грахом церазьмерным. Бо-ж мы ведаем, што Закон ёсьць духовы, а я цялесны, запраданы граху. Не разумею бо, што раблю, ды ня тое раблю, дабро, якога хочу, але благое, якога ненавіджу, тое раблю. А калі тое раблю, чаго ня хочу, то прызнаю, што Закон добры, і цяперака ўжо не я раблю, але грэх, што жыве ў-ва мне. Ведаю, што ў ва мне, гэта знача ў целе маім, не прабывае дабро; бо хаценне дабра пры мне ёсьць, але выканаць яго не знайходжу спосабу. Не раблю бо дабра, якога жадаю, а — благое, каторага ня хочу, раблю. А калі раблю тое, чаго ня хочу, дык ужо не я раблю гэта, але грэх, што сядзіць у-ва мне. І вось я знайходжу закон у-ва мне, што як замышляю рабіць добрае, дык благое да мяне прыстае; любуюся Божым Законам, як прыстоіць нутраному чалавеку, але бачу іншы закон у чэлесах маіх, што працівіцца закону майго розуму, палонячы мяне пад закон граху, які знайходзіцца ў маім целе. Бяздольны чалавек я! Хто мяне выбавіць ад гэтага цела сьмерці? Ласка Божая праз Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага! А так я сам розумам служу Божаму Закону, а целам закону граху.
І вось цяпер няма ніякага асуду тым, што ў Хрыстусе Езусе не паводле цела, а паводле духа ходзяць; Закон бо духа жыцьця ў Езусе Хрыстусе звольніў мяне ад закону граху і сьмерці. Што было немагчымым для Закону аслабленага целам, тое умагчыміў Бог, пасылаючы Сына свайго ў форме грэшнага цела на ахвяру за грэх і асудзіў грэх у целе; каб у нас паступаючых ня водле цела, а паводле духа, споўнілася апраўданне Закону. Тые, што ёсьць паводле цела, аб цялесным і подумкі маюць, а тые, што паводле духа — аб духовым. Бо мудрасьцю цела ёсьць сьмерць, а мудрасьцю духа — жыцьцё й супакой; цялесная мудрасьць варожая Богу: не паддаецца, дый ня можа паддавацца, Божаму праву. Тые, што ў целе, Богу падабацца ня могуць. Але вы не паводле цела жывяце, а водле духа, калі толькі Дух Божы ў вас прабывае; каліж хто Хрыстовага Духа ня мае, той ня ёсьць Ягоны. А калі ў вас ёсьць Хрыстус, дык хоць цела мяртвае дзеля граху, але дух жывы дзеля праведнасьці. І калі Дух Таго, Які збудзіў ад сьмерці Езуса, у вас прабывае, дык Той, Хто ажывіў зь мяртвых Хрыстуса, ажывіць і вашы сьмяротныя целы прабываючым у вас Духам сваім, Дык вось, браты, ня цела мы даўжнікі, каб жыць водле цела; бо каліб жылі паводле цела, то памраце; а як духам будзеце ўтаймоўваць паступкі цела, жыць будзеце. Тые бо, што кіруюцца Духам Божым, ёсьць сынамі Божымі; таму што вы-ж ня духа няволі атрымалі зноў на страх, а прынялі Духа усынаўлення, якім і клічам Абба (Ойча)! Гэты самы Дух сьветчыць нашаму духу, што мы сыны Божыя. А калі сыны, дык і насьледнікі Бога, а сунасьледнікі Хрыстуса: як разам зь Ім мукі церпім, каб разам зь Ім і уславіцца. Бо, думаю, цяперашніх дачасных горкіх дакудаў нельга й параўняць з будучай хвалою, што аб’явіцца ў нас. Стварэнне бо прагна чакае аб’яўлення сыноў Божых: бо яно пакарылася нікчомасьці не самахоць, але з волі таго, які абнадзеіў яго, што й само яно (стварэнне) будзе вызвалена зь няволі тлення на вольнасьць хвалы Божых сыноў. Бо-ж ведаем, што ўсё стварэнне стогне й мучыцца; дый ня толькі яно, але і мы самы, маючыя задатак Духа, і мы ўсабешне ўздыхаем, вычэкваючы ўсынаўлення выкуплення нашага цела. Мы бо збаўлёныя надзеяй; надзея-ж бачучая ня ёсьць надзеяй; калі бо ўжо хто бачыць, дык чаго яму йшчэ спадзявацца? А вось, як спадзяёмся таго, чаго ня відзім, дык цярпліва чакаем. Такжа й Дух падтрымоўвае нашу немач; бо ня ведаем яксьлед чаго маліць; але сам Дух зя нас моліць нявыказнымі ўздыханнямі. Той, што пранікае сэрцы, ведае чаго просіць Дух: Ён па волі Божай рупіцца аб сьвятых. Дый ведаем, што любячым Бога з празначэння пакліканым усё на дабро абяртаецца; каго бо Ён прадузнаў, тым і прызначыў стацца падобнымі вобразу ягонага Сына, які меў быць першародным між многімі братамі; а каго Ён празначыў, тых і паклікаў; каго-ж паклікаў, тых і апраўдаў; каго апраўдаў, тых і ўславіў. І штож скажам на гэта? Калі за нас Бог, дык хтож насуперак нам? Ён, што Сына свайго не пашчадзіў, а выдаў за ўсіх нас, якжаб і нам разам зь Ім не дараваў усяго? Хтож будзе абвінавачваць выбраных Божых? Бог, які апраўдывае? Хто асуджаціме? Езус Хрыстус, які ўмёр, алеж і згробуўстаў ды праваруч Бога за нас заступаецца? Хтож тады адлучыць нас ад любасьці Божай? Гора, прыгноба, ці прасьлед? Галіта ці голад? Меч ці небясьпека? Як напісана: За Цябе ўвесь дзень мораць нас; лічаць авечкамі зданымі на зарэз (Пс. 43:22). Але ўсё гэта паконываем праз Таго, што ўмілаваў нас. Я упэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні Анелы, ні Уладзтвы й Магуцтвы, ні цяперашнясьць, ні вышыня, ні глыбіня, ані які іншы твор ня ў сіле адлучыць нас ад любасьці Бога ў Езусе Хрыстусе, Усеспадару нашым.
Праўду кажу ў Хрыстусе, ня лгу — сьветчыць мне маё сумленне ў Духу Святым — што маю вялікую журбу й неадступны ад сэрца майго боль; я бо сам гатоў быў на анатэму ад Хрыстуса за братоў маіх, родных мне целам; гэта знача, Ізраэльцаў, якім належыцца усынаўленне і слава, і запавет, і заканадаўства, і багаслужба, і абяцанні; іх-жа й айцы, ад іх і Хрыстус паводле цела, істы над усімі Бог багаслаўлёны навекі. Амэн. Алеж ня так, каб слова Божае ня збылося: ня ўсе бо тые з’яўляюцца Ізраэльцамі, што паходзяць ад Ізраэля ды ня ўсе нашчадкі Абрагама ёсьць ягонымі сынамі, але: ад Ізаака звацімецца тваё насенне (Быць. 21:12), гэта знача: ня сыны цела ёсьць Божымі за насенне (патомкаў). А словы празначэння вось гэткія: у гэным-жа часе прыйду і Сара будзе мець сына (Быць. 18:10). дый ня толькі яна, але і Рэбэка, зачаўшая з Ізаакам айцом нашым за адным разам двух сыноў. І калі яны яшчэ ня былі нарадзіліся ды не зрабілі яшчэ нічога добрага ні благога — каб пастанова Божага выбранства засталася ненарушанай — не з учынкаў, але з волі Паклікаўшага, было ёй сказана: большы будзе служыць меншаму (Быць. 25:23), як напісана: Якуба я палюбіў, а да Эзава нехаць меў (Мал. 1:2−3). Што на гэта скажам? Мо Бог несправядлівы? Ніякім чынам! Бо-ж Ён сказаў Майжэшу: Зжалюся над тым, каго шкадую, а зласкаўлюся над тым, да каго літасьць чую (Быць. 33:19). Восьжа, не ад задаючага, ці ад забягаючага зьлітаванне залежыць, але ад Бога мілуючага. Пісанне бо кажа Фараону: Натое Я й паставіў цябе, каб паказаць над табою моц маю, ды каб маё імя па ўсёй зямлі было абвяшчана (Вый. 9:16). Дык — каго хоча пашчаджае, а каго хоча закамяняе. Ты мо скажаш мне: заштож яшчэ вінаваціць грэшнікаў? Хто бо супрацівіцца волі Ягонай? А штож ты за-такі, чалавеча, што з Богам спрачаешся? Ціж пытаціме гліняная знадоба зьляпіўшага яе: чаму ты мяне гэткім згарусьціў? Ці ня ўладны ганчар над глінаю, каб з тагож месіва зрабіць адну судзіну на пачэсную патрэбу, а другую на нізкую? Штож, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і ўнаяўніць сваё магуцтва велецярпліва шчадзіў судзіны гневу, гатовыя ў патрату, каб аказаць такжа багацьці свае хвалы і над судзінамі міласэрдзя, к хвале прыдбанымі, гэта знача: над намі, пакліканымі ня толькі з Юдэеў, але і паганаў; як у кнізе Озэаша (2:23) кажа: Ня мой народ назаву маім народам, а нялюбую — любаю; і станецца, што на тым месцы, дзе было ім сказана: «Вы ня мой народ» — там сынамі Бога жывога названыя будуць (Оз. 1:10). а Ізаяш наўскліч прарочыць аб Ізраэлі: Хоцьбы сыны ізраэльскія лікам былі моў пясок у моры — збавяцца толькі астанкі! Давяршаючы бо слова і прысьпешваючы справядлівасьць, рашуча зьдзесьніць Госпад яго на зямлі (Із. 22−23). І як запрарочыў тойжа Ізай: Каліб Госпад Сабаот не пакінуў быў нам патомства, дык мы сталісяб моў Содома ды ўпадобнілісяб да Гоморы (Із. 1:9). Штож скажам? Пагане, якія ня шукалі праведнасьці, асягнулі праведнасьць, але праведнасьць зь веры; а Ізраэль, шукаўшы закону праведнасьці, не дасягнуў таго закону. Чаму? Бо шукаў яго ня ў веры, а ў учынках моў Закону: спатыкнуліся, бач, аб камень спатыку; як напісана: Кладу вось на Сыоне камень спатыку і скалу абурэння, а кажны, хто ў яго верыць, ня будзе застуджаны (Із. 8:14).
Браты, жадзенне сэрца майго й гарачая малітва да Бога за іхняе збаўленне. Я бо ім сьветчу, што яны маюць для Бога руплівасьць, але неразважную. Не разумеючы справядлівасьці Божай, а намагаючыся ўстанавіць сваю, яны не паддаюцца Божай справядлівасьці. Бо-ж мэтай Закону — Хрыстус на ўсправядліўленне кажнаму веручаму. Майжэш аб усправядліўленні з Закону піша: чалавек яго выконываючы будзе ў ёй жыць (Лев. 18:5). А справядлівасьць зь веры гэтак вось кажа: Не гавары ў сэрцы тваім: хтож узыйдзе ў неба? — гэта знача зьвясьці ўніз Хрыстуса — або: Хтож зыйдзе ў продню? (Паўт. Пр. 30:12−13) — гэта знача: Хрыстуса вывесьці з гробу мяртвых. Што, восьжа, Пісанне кажа? Блізка цябе Слова, ў тваіх вуснах, у сэрцы тваім (Паўт. Пр. 30:14) — знача слова веры, якое весьцім. Бо калі ты вуснамі тваімі вызнавацімеш Езуса Усеспадара, а ў сэрцы будзеш верыць, што Бог яго збудзіў зь мяртвых, дык збавішся; сэрцам бо верыцца дзеля ўсправядліўлення, а вуснамі вызнаецца на збаўленне. Пісанне-ж кажа: Хто ў яго верыць, застыджаны ня будзе (Із. 28:16). Няма бо рожніцы між Юдэем і Грэкам, адзін-жа Госпад усіх, шчодры для ўсіх, Яго ўзываючых. А кажны, хто ўзывае імя Госпадава, будзе збаўлёны. (Ёэль 2:32). Але як узываць таго, ў каго ня ўверылі? Або як уверыць таму, якога ня чулі? Ды як пачуюць без абвяшчаючага? І як абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Напісанаж: О, як гожыя ногі дабравесьнікаў, супакой спавяшчаючых! (Із. 52:7). Адыж ня ўсе паслухалі Эванэліі, бо Ізаяш кажа: Усеспадару, хтож паверыў пачутаму ад нас? (Із. 53:1). Дык вера ад слухання, а слуханне праз Хрыстовае слова. Але пытаю: Ціж ня чулі? То-ж: Па ўсёй зямлі разнёсся голас іх, а словы іхнія на край сьвету. (Пс. 18:5). Ды яшчэ скажу: Ціж Ізраэль ня ведаў? Першы Майжэш гавора: Я праз не народ давяду вас да запаздросьлівасьці, угняўлю вас на народ нецямлівы. (Паўт. Пр. 32:21). А Ізаяш дабітней кажа: Няшукаўшыя знайшлі Мяне, Я аб’явіўся няпытаўшым Мяне. (Із. 65:2). Аб Ізраэлю-ж кажа: Праз дзень цэлы выцягваў Я рукі Мае да народу непаслухмянага і упорытсага. (Із. 65:1).
Пытаю тады: Няўжо Бог адкінуў свой народ? Ніколі! Бо і я-ж Ізраэлец з роду Абрагама, з пакалення Бэн’яміна. Бог не адкінуў свайго народу, які ўпярод выбраў. Ціж ня ведаеце што Пісанне кажа аб Гальяшу, як ён скардзіцца Богу на Ізраэля? Усеспадару! Прарокаў Тваіх пазабівалі, аўтары Твае паразвальвалі, застаўся толькі, я адзін, ды й мае душы шукаюць. (3 Кар. 19:10−14). І штож яму гаворыць Божы адказ? Пакінуў Я Сабе сем тысяч мужоў, якіе не ўвагнулі перад Баалем калень. (3 Кар. 19:18). Гэтак вось і ў нашым часе ёсьць астанак, выбраны з ласкі. А калі з ласкі, дык не за учынкі, інакш бо: ласка ня былаб ужо ласкай. Дык штож? Ізраэль не асягнуў таго, чаго шукаў, выбраныя-ж асягнулі; а рэшта заскемелі, як напісана: Бог даў духа атупеньня, вочы каб ня бачылі, а вушы каб ня чулі аж па сянняшні дзень. (Із. 29:10; Паўт. Пр. 29:4). А Давід кажа: Хай стол іх станецца ім цянётамі й пасткаю: ім на упадак ды на адплату; Хай зацьмяцца ім вочы, каб ня бачылі, а хрыбет згорбіцца назаўсёды. (Пс. 68:23−4). Пытаю восьжа: Ціжбы гэтак яны спатыкнуліся, каб аж упасьці? Зусім не! Дык-жа іхні упадак стаўся для паганаў збаўленнем, выклікаючы ў іх зайздросьлівасьць. А калі праступства іх сталася багацьцем для сьвету, а заняпад — абагаценнем паганаў, то наколькіж болей — поўналікасьць іхняя? Вам-жа кажу, паганам: Дакуль астаюся Апосталам паганаў, я ўслаўляцюм паслугу маю; так што мо’ і маіх суродзічаў разбуджу парыў і хоць некаторых збаўлю. Бо калі адкіненне іх ёсьць пагадненнем для сьвету, то чымжа будзе прыняцьце іх, як ня жыцьцё з мяртвых? Калі бо рошчына сьвятая, дык — і цеста; і калі корэнь сьвяты, дык — і гальлё. Каліж навет дзе-якія з галін і адламаны, а ты, будучы аліўною дзічкаю, заміж іх прышчэплены ды стаўся злучвом кораня й аліўкавых сокаў, дык ня вывышайся перад галінамі; калі-ж вывышаешся, дык ведай тое, што ня ты кораня дзяржыш, але корань — цябе. Скажаш мо: Адломаны галіны, каб я быў прышчэплены. Добра. Іх адламана дзеля недаверства; а ты-ж стаіш верай — ня будзь-жа ганарлівы, але боязны; бо калі Бог не пашчадзіў галін прыродных, тымболей можа не пашчадзіць і цябе. Дык май на увазе дабрату і суровасьць Божу: на адпалых суровасьць, а на цябе дабрата, калі вытрываеш пры дабраце Божай; інакш бо — і ты будзеш адцяты. Але й яны, калі трывацімуць у недаверстве, будуць прышчэплены; Бог бо мае сілу нанава ўшчапіць іх. Бо калі ты, адцяты ад дзікое з-натуры аліўкі, быў проці натуры прышчэплены к добрай аліўцы, дык тым-болей прышчэпяцца да свае аліўкі,тые, што з-натуры да яе належаць. Ня хочу бо пакінуць вас, браты, у няведанні тайніцы гэтае — каб ня мроілі самы сабе — што засьлепленне пала на Ізраэля толькі часткова, пакуль ня ўвойдуць поўнасьцю пагане; а тады і ўвесь Ізраэль будзе збаўлёны, як напісана: Прыйдзе з Сыону Вызваліцель, які адверне бязбожнасьць ад Якуба. І гэта будзе ад мяне запавет ім, як адпушчу грахі іхнія. (Із. 59:20). З увагі на Эванэлію яны дзеля вас ворагі, а паводле выбрання — улюблёныя дзеля айцоў; бо дары Божыя і поклік нязьменныя. Як і вы калісь ня верылі Богу, а цяпер вось даступіліся міласэрдзя празь іхняе няверства, гэтак і яны ня ўверылі цяпер у памілаванне вас, каб і самы асягнулі міласэрдзе. Бог бо ўсіх замкнуў у няверстве, каб над усімі зьлітавацца. О, глыбіня багацьцяў прамудрасьці й веды Божай! Якжа недасяжныя пастановы Ягоныя і нявысьледныя шляхі Ягоныя! Хто бо калі пазнаў думку Госпада!? Або хто быў дараднікам Ягоным? (Із. 40:13). Ці хто даў Яму першы, камуб меў аддаваць? (Із. 40:13−14). Усё бо зь Яго, празь Яго і для Яго. Яму хвала навекі. Амэн.
Дык прашу вас, браты, на міласьць Боскую, аддавайце вашае цела ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу, на разумную службу вашу. А не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але пераіначцеся аднаўленнем розуму, каб дазналіся якой ёсьць воля Божая: што водле яе ёсьць добрае, што мілае, што дасканальнае. Кажу бо, данаю мне лаксаю, ўсім з вас: ня думайце болей як трэба, але думайце ўмеру, водле надзеленага кажнаму ад Бога дару веры. Бо як у вадным целе шмат маем складовых частак, а яны ня тую самую выконваюць дзейнасьць, гэтак усе мы зьяўляемся адным целам у Хрыстусе, а паасобку — адзін другога сустаўныя часьціны. А паводле надзеленай нам ласкі маем розныя дары: ці-то прароцтва ў дзялянцы веры, ці-то службовасьці ў выконванні ўраду, ці-то навуковасьці ў навучанні, ці-то напаміну ў настаўлянні; і гэтак вось: калі абдарваеш (субожынай), дык — у прастаце; калі старшынюеш, дык — рупліва; калі міласэрдзішся, дык — пагодна. Любасьць ваша хай будзе бяз прытворства; брыдзьцеся благога, а гарнецеся якмага да дабра; ўзаемна любецеся па-брацку, ў ветлівасьці адзін другога апераджайце; у руплівасьці не слабейце, духам палайце; Усеспадару служэце; пацяшайцеся надзеяй, будзьце ў горы цярплівымі, ў маліцьве вытрывалымі; ў патрэбе сьвятых успаможнікамі, ў гасьціннасьці сусьціжнікамі. Дабраслаўляйце прасьледуючых вас, багаслаўляйце, а не клянеце. Радуйцеся з радуючыміся, плачце з плачучымі. Будзьце міжсобку аднадумнымі, ня мудруючыся завысока, а хінецеся да пакорных; ня мройце надта аб самамудрасьці. Нікому злом за зло не адплачвайце, але дбайце аб дабры ня толькі перад Богам, але і перад усімі людзьмі. Калі магчыма ды калі гэта залежыць ад вас, будзьце з усімі людзьмі ў згодзе. Ня мсьцеце, мілыя, самы за сябе, а пакіньце гэта гневу Божаму, напісана бо: Мне належыць помста і я адплачу — кажа Госпад. (Паўт. Пр. 32:35). Але, каліб вораг твой быў галодны, накармі яго; каліб меў смагу, напаі яго: гэта бо робячы, ты вугальлё гарачае зьбярэш яму на голаў. (Прып. 25:21−22). Не дайся злу перамагчы сябе, але зло дабром паконывай.
Кажная душа хай будзе паддана вышэйшым уладам; няма бо ўлады, якая ня былаб ад Бога; а тыя што ёсьць, дык яны Богам устаноўлены. Хто восьжа працівіцца ўладзе, той працівіцца Божай установе; а праціўнікі самы на сябе асуд узводзяць. Бо старшыны ня ёсьць для боязі добрых паступкаў, але благіх. Хочаш не баяцца ўлады? Паступай добра, дык атрымаеш ад яе пахвалу; янаж бо — слуга Божы табе на дабро. Калі аднак рабіў ты благое, дык бойся, бо-ж не без патрэбы меч носіць, будучы слугой Божым і гнейўным імсьціцелем блага паступаючаму. Таму вось трэба слухаць ня толькі дзеля кары, але і дзеля сумлення. Праз тое-ж і падаткі плаціце, што яны-ж службоўцы Божыя, гэтага толькі й пільнуючыя. Аддавайце наагул кажнаму належнае: каму падатак — падатак, каму чынш — чынш, каму боязь — боязь, каму чэсьць — чэсьць. Нікому нічым не аставайцеся ў даўгу, хіба толькі ўзаемнай любасьцю; хто бо любіць другога, Закон выканаў. Бо-ж: Ня чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч хвальшыва, не пажадай чужога (Выйсь. 20:13−17) ды ўсе іншыя прыказанні зьмяшчаюцца ў гэтым вось слове: Любі твайго бліжняга, як сябе самога. (Лев. 19:18). Любасьць бліжняму ня робіць благога. Восьжа любасьць — гэта поўня Закону. А знаючы час, ведайце, што пара ўжо нам зо-сну ўстаці. Цяпер бо бліжэйшае наша збаўленне, чым тады, як уверылі. Ноч мінула, дзень наблізіўся. Дык адкіньма дзеі цемры, а прыадзеньмася ў зброю сьвятла. Як у дзень паводзьмася чэсна: не ў балаваннях і п’янстве, не ў любошчах і распусьце, не ў разладзе ды зайздрасьці; але ў Езуса Хрыстуса Усеспадара ахінаецеся і дагаджанне целу не абяртайце ў похаць.
Слабога ў веры прымайце, ня ўступаючы зь ім у сподумныя спрэчкі. Іншы бо верыць, што можна есьці ўсё, а слабаверны есьць толькі гародніну. Хто есьць, хай ня грэбуе тым, што ня есьць; а хто ня есьць, хай не дакарае таму, хто есьць, Бог бо яго прыняў. Ты хто такі, што судзіш чужога слугу? Пры сваім Гаспадару стаіць ён або падае; і астоіцца, Бог мае сілу утрымаць яго. Адзін адрожнівае дзень ада дня, для іншага-ж кажны дзень адзінакавы: кажны хай пры сваёй думцы застаецца. Хто дні разрожнівае, для Бога іх разрожнівае; і хто есьць, дзеля Бога есьць, бо-ж дзякуе Богу; ды хто ня есьць, дзеля Бога ня есьць і аддае падзяку Богу. Ніхто бо з нас ня жыве для сябе і ніхто для сябе ня ўмірае. Калі жывём, дык для Бога жывём, калі ўміраем, дык для Бога ўміраем. Восьжа — ці жывём, ці ўміраем — мы заўсёды Госпадавы. Натое-ж Хрыстус умёр і згробуўстаў, каб над мяртвымі й жывымі валадарыць. А ты нашто асуджаеш брата свайго? Або чаму пагарджаеш сваім братам? Усе мы станем на судзе Хрыстовым, напісана бо: Жыву Я — кажа Госпад — усякае калена ўвагнецца прада Мною, і ўсякі язык вызнаваціме Бога. (Із. 45:24). Гэтак вось кажны з нас дасьць за сябе адказ Богу. Дык не асуджайма болей адзін другога, а лепш думайце аб тым, каб ня быць абразай, або згоршаннем для брата. Я ведаю й перакананы ў Езусе Усеспадару, што няма нічога самога ў сабе нячыстага, толькі для таго ёсьць нячыстым, хто ўважае гэта за нячыстае. Калі твой брат цярпіць прыгнобу дзеля стравы, то ты ўжо ня кіруешся любасьцю: ня губі тваёю страваю таго, за каго памёр Хрыстус. Каб не зьняважалася нашае дабро. Бо валадарства Божае гэта не яда й не напітак, але справядлівасьць, супакой ды радасьць у Духу Святым. Хто ў гэтым служыць Хрыстусу, той і Богу мілы, і людзям даўспадобны. Дбайма, восьжа, пра тое, што вядзе да супакою ды ўзаемнага павучэння. Не разбурай праз яду дзеля Божага; ўсё чыстае фактычна, але дрэнна чалавеку, які есьць праз спакусу. Добра ня есьці мяса, ня піць віна ды не рабіць таго, што маглоб твайго брата згоршыць, або зьняможыць. Ты маеш веру? Май яе сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы, хто ня сумляваецца ў тым, што пастанаўляе. А хто сумляваецца, той калі есьць, ужо засуджаны, бо ня робіць у добрай веры; ўсё бо, што ня зь веры — грэх.
Мы дужэйшыя, павінны зносіць немачы нядужых, а не сабе дагаджаць. Кажны з вас хай падабаецца бліжняму для дабраўзгадавання. Бо і Хрыстус ня шукаў сябеўпадобы, але як напісана: Знявагі Цябе зьняважаючых зваліліся на мяне. (Пс. 68:10). І ўсё, што калісь было напісана, у павучэнне нам напісана, каб праз цярплівасьць і суцеху з Пісання, ўхавалі надзею. А Бог цярплівасьці й суцехі няхай склоніць вас да ўзаемнага аднадумства ў навуцы Езуса Хрыстуса, каб згоднадушна, аднымі вуснамі хвалілі Бога й Айца нашага Усеспадара Езуса Хрыстуса. Дзеля гэтага прыймайце адзін другога, як і Хрыстус прыняў вас у хвалу Божу. Кажу тое, што Езус Хрыстус стаўся слугою абразаных дзеля зьдзейсьнення праўды Божай аб абяцанні айцом; а для паганаў — зь літасьці, каб славілі Бога, водля напісанага: За тое вызнаваць буду Цябе сярод народаў і сьпяваціму іменню Твайму. (Пс. 17:50.) І далей сказана: Весялецеся, пагане, з народам Яго! (Паўт. Пр. 32:43). Ды яшчэ: Хвалеце Госпада ўсе пагане і выслаўляйце ўсе народы (Пс. 116:1). А Ізай кажа: З’явіцца патомак Ессэвы, што падымецца валадарыць над народамі; на Яго спадзявацца будуць пагане (Із. 11:10). Няхайжа Бог надзеі напоўніць вас усякай радасьцяй і супакоем у веры, каб вы абагаціліся надзеяй і моцай Святога Духа. І сам я упэўнены аб вас, браты мае, што й вы самы поўныя дабраты, поўнасныя ўсякай умеласьці й можаце даваць адзін другому напамін; сьмялей-жа пісаў я вам, браты, часткова як-бы дзеля прыпаміну вам праз даную мне ад Бога ласку: быць слугою Хрыстуса Езуса між паганамі сьвятарска абвяшчаючы Эванэлію Божу каб ахвяра паганаў была асьвячоная Духам Святым і прынятая. Маю восьжа перад Богам пахвалу ў Езусе Хрыстусе; ня сьмею бо пра тое й гаварыць, чаго не даканаў Хрыстус празь мяне, каб упаслушніць паганаў: словам і чынам, моцаю знакаў і цудаў, магуцтвам Святога Духа; так што ад Ерузалему й ваколіц аж да Іллірыі напоўніў я ўсё Эванэліяй Хрыстуса. Пры гэтым я мяркаваў вясьціць Эванэлію не там, дзе імя Хрыстуса ўжо было ведамае, каб ня будаваць на чужой заснове, але як напісана: Каму не абвяшчана аб ім, убачаць, а нячуўшыя даведаюцца (Із. 52:15). Якраз дзеля гэтага я шмат разоў і перашкоды меў прыйсьці к вам. Цяпер-жа, ня маючы болей поля працы ў тых краінах, ды ад многіх лет задаючы да вас прыбыць, як толькі накіруюся ў Гішпанію, спадзяюся ў дарозе пабачыцца з вамі; а вы мяне правядзяце туды, як толькі крыху нацешуся вамі. А цяпер я іду ў Ерузалім з паслугаю для сьвятых; бо Македонія й Ахаія вырашылі зрабіць дапаможную нейкую зборку на патрэбы убогіх сьвятых у Ерузаліме. Вырашылі, бо-ж даўжнікамі іх зьяўляюцца; калі бо пагане сталіся супольнікамі іхніх духовых скарбаў, дык тады і — цялесных. І як гэта выканаю, даручыўшы ім гэтую зборку асабіста, накіруюся адведваючы вас, у Гішпанію. Я ведаю, што калі прыйду да вас, дык прыйду ў поўні багаслаўленства Хрыстусавай Эванэліі. Прымеж таго малю вас, браты, праз Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага і праз ласку Духа Святога, ўспамагайце мяне ў сваіх малітвах да Бога, каб выбавіў мяне ад няверных у Юдэі ды каб мая ахвяра паслугі сьвятым у Ерузаліме была прынятая; каб мне з радасьцю прыйсьці да вас, калі гэта Богу міла, й падбадзёрыцца між вамі. Бог супакою хай будзе з усімі вамі. Амэн.
Паручаю вам Фэбу, нашу сястру, катора знайходзіцца на служэнні эклезіі ў Кенхрах, каб годна прынялі яе з Богам, як прыстоіць сьвятым, ды памаглі ёй, у чым яна меціме ў вас патрэбу, бо-ж і яна многіх, а навет і мяне самога, ўспамагала. Прывітайце Прыску і Аквілю, супрацоўнікаў маіх у Хрыстусе Езусе, (якія за маё жыцьцё галоваў сваіх шчадзілі й якім дзякую ня толькі я, але і ўсе эклезіі сярод паганаў), вітайце й эклезію ў іхнім доме. Перадайце прывет міламу майму Эпэнэту, каторы ёсьць першафруктам Азыі ў Хрыстусе. Вітайце Марыю, якая шмат для вас працавала. Паздароўце Андроніка й Юнію, маіх сваякоў і са мною вязьненых, што славіліся між Апосталамі ды перш за мяне ўверылі ў Хрыстуса. Прывітайце Амплія любага майго ў Богу. Аддайце прывет Урбану, супрацоўніку нашаму ў Хрыстусе Езусе і міламу майму Стахію. Вітайце Апэльлеса дазнанага ў Хрыстусе; здароўце ўсіх з дому Арыстобуля. Паздароўце Гэрадыёна, сваяка майго; і Нарцызавых тых, што ў Хрыстусе. Перадайце прывет Трыфэну й Трыфозу, што працуюць з Богам; ды найдаражэйшай Пэрсыдзе, якая вельмі шмат старалася для Хрыстуса. Прывітайце Руфа, ў Богу выбранага, й ягону ды маю матку. Вітайце Асынкрыта, Флегонта, Гэрму, Патробу, Гэрмаса ды іншых братоў, што зь імі. Паздароўце Філялёга і Юлію, Нэрэя й ягону сястру; Олімпія ды ўсіх зь імі сьвятых. Здароўце адзін другога сьвятым цалункам. Усе эклезіі Хрыстуса засылаюць вам прывет. Шчыра прашу вас, браты, сьцеражэцеся тых, што шыраць нязгоду й зьняверу проці навукі, якое вы навучыліся; ухіляецеся ад іх; гэткія бо ня Хрыстусу Усеспадару нашаму служаць, а свайму чэраву, ды разлашчваннем і салодкімі славамі зводзяць нявінныя сэрцы. Вашая паслухмянасьць веры ведамая ўсюды, таму цешуся з вас; але жадаю, каб вы былі растропнымі ў добрасьці й няпрыступнымі для зла. Бог міру-згоды скрышыць борзда пад ступамі вашымі шатана. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з вамі! Прывет вам ад Тыматэя, майго супрацоўніка, і Люцыя і Язона і Созыпатра, маіх сваякоў. Вітаю з Богам вас і я, Тэрцый, што напісаў гэты ліст. Засылае прывет вам Гай, гасьцінны для мяне, ды цэлая эклезія. Прывітанне вам і ад Эраста, скарбніка места, ды ад брата Кварта. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з усімі вамі. Амэн. А таму, Каторы мае моц уцьвярдзіць вас згодна з маёй Эванэліяй і навучаннем аб Езусе Хрыстусе, водле аб’яўлення ад вякоў прамоўчванай тайніцы, а цяпер выяўленай з прароцкіх Пісанняў па загаду Бога прадвечнага для послуху веры, абвешчанай усім народам — адзінаму Богу прамудраму чэсьць і хвала, празь Езуса Хрыстуса, на вякі вечныя. Амэн.