Библия › Чарняўскі-17 › Ламентацыі
О, як сумуе адзінокі горад, калісь такі людны, стаўся ён быццам удавою, валадар народаў; князь над правінцыямі, апынуўся ён пад данінаю. Горка ён плача ўсю ноч, і слёзы яго на шчаках яго, няма каму яго суцешыць з усіх прыяцеляў яго: усе сябры яго адвярнуліся ад яго, сталіся яму ворагамі. Пайшоў на выгнанне Юда з прычыны прыцяснення і вялікай няволі; жыве ён між народамі, не знаходзіць супакою, усе пераследнікі яго ловяць яго сярод прыцясненняў. Дарогі Сіёна пустуюць, бо няма нікога, хто б пайшоў на святы; усе брамы яго панішчаны, войкаюць святары ў смутку, дзяўчаты яго зняважаны, і сам ён горыччу прыгнечаны. Ворагі сталі на чале яго, непрыяцелі яго жывуць бяспечна, Госпад бо яго прыціснуў моцна за многія яго злачынствы. Дзяцей яго вядуць нявольнікамі пад наглядам крыўдзіцеля. І страціла дачка Сіёна ўсю дастойнасць сваю, кіраўнікі яе — як алені, не знаходзячыя пашы сабе; валакуцца зняможаныя на вачах пераследніка. Успомніў Ерузалім дні гора свайго і выгнання, усе каштоўнасці свае, якія меў у даўнасці, пакуль не ўпаў народ яго ў рукі варожыя і ніхто яму не дапамог; бачылі яго ворагі і насміхаліся з загубы яго. Зграшыў цяжка Ерузалім, таму стаўся абрыдлым для ўсіх; усе, хто ганарыліся ім, пагардзілі ім, бо бачылі подласць яго: сам ён, уздыхаючы, павярнуўся назад. На краях шатаў яго — бруд, не ўспамінае ён пра будучыню сваю, страшна зняважаны ён, не мае нікога, хто б пацешыў. «Пабач, Госпадзе, гора маё, бо перамогу бярэ вораг». Вораг працягнуў руку сваю на ўсе яго каштоўнасці, а ён глядзеў на паганаў, як уварваліся ў святыню яго, хоць забараніў Ты ім уваходзіць на сход Твой. Увесь народ яго стогне, шукаючы хлеба, на ежу выдалі каштоўнасці свае, каб ажывіць душу: «Зірні, Госпадзе, і ўзваж, бо стаўся я нікчэмны! О вы ўсе, што ідзяце дарогаю, прыгледзьцеся і пабачце, ці ёсць пакута, як мая пакута, якую прыгатаваў мне, якою прыціснуў мяне Госпад у дзень, калі ўзгарэўся гнеў Яго. З гары агонь саслаў Ён, запусціў яго ў косці мае; раскінуў сець на ногі мае, павярнуў Ён мяне назад: пакінуў мяне адзінокага, апанаванага тугой увесь дзень. Сачыў Ён за маімі злачынствамі, рукой Яго згорнуты яны ды ўскладзены на шыю маю, аслабіў Ён сілу маю. Аддаў мяне Госпад у руку, з якой не змагу ніяк падняцца. Выдаліў спасярод мяне Госпад усіх волатаў маіх, зборышча прызваў супраць мяне, каб знішчыць юнакоў маіх, як вінатокам, стаптаў Госпад дзеву, дачку Юды. Таму я і плачу, ды вока маё цячэ слязой, бо далёкім ад мяне стаўся Суцяшальнік, Той, Хто ажыўляе душу маю; сыны мае прапалі, бо перамог вораг». Распасцёр Сіён рукі свае — няма каму яго суцяшаць, Госпад даў загад супраць Якуба, ворагі яго акружылі, стаўся Ерузалім, як спаганены нячыстасцю між імі. «Справядлівы ёсць Госпад, бо супрацівіўся я слову вуснаў Яго. Слухайце, малю, усенькія народы, ды паглядзіце на боль мой: дзяўчаты мае і юнакі мае пайшлі ў няволю. Клікаў я прыяцеляў сваіх, але яны мяне падманулі, святары мае і старэйшыны мае прапалі ў горадзе, бо шукалі харчоў сабе, каб ажывіць душу сваю. Зірні, Госпадзе, бо я пакутую; трасецца нутро маё, сціскаецца сэрца маё ўва мне, бо я быў надзвычай праціўны Табе, на дварэ пагражае мне меч, а дома — смерць. Паслухай, як я ўздыхаю, — ды няма каму мяне пацешыць; усе ворагі мае, пачуўшы аб няшчасці маім, цешацца, бо Ты гэта зрабіў. Прывядзі той дзень, які Ты прадказаў, каб сталіся яны падобнымі да мяне. Няхай уся іх ліхота выйдзе перад аблічча Тваё, і ім зрабі так, як мне зрабіў дзеля ўсялякіх злачынстваў маіх; вялікія бо стагнанні мае і сэрца маё сумуе».
О, як зацямніў Госпад у гневе Сваім дачку Сіёна! Скінуў з неба на зямлю славу Ізраэля і не прыпомніў падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго. Спустошыў Госпад, не пашкадаваў усе выганы Якуба; разваліў у гневе Сваім умацаванні дачкі Юды; скінуў на зямлю і спаганіў валадарства і князёў яго. Зламаў у разгары гневу Свайго усе рогі Ізраэля; адвярнуў ад аблічча ворага правіцу Сваю, а ў Якубе распаліў нібыта полымя агню, які паглынае ўсё навокал. Напяў лук Свой, як непрыяцель, умацаваў руку Сваю, як вораг, і забіў усё, што прыгожым было на віду ў палатцы дачкі Сіёна; выліў, быццам агонь, гнеў Свой. Госпад стаўся як вораг, праглынуў Ізраэля, праглынуў усе пабудовы яго, знішчыў вежы яго ды памножыў у дачкі Юды боль і смутак. І знішчыў сваю агароджу, як сад, палатку Сваю разбурыў. У няпамяць аддаў Госпад на Сіёне ўрачыстасць і шабат і ў запале гневу Свайго пагардзіў царом і святаром. Адпіхнуў Госпад ахвярнік Свой, ухіліў пашану ад святыні Сваёй, аддаў у рукі ворага муры дамоў Сваіх. Паднялі крык у доме Госпадавым, як у дзень урачыстасці. Задумаў Госпад разбурыць муры дачкі Сіёна; выцягнуў вяроўку, не адвярнуў рукі Сваёй ад знішчэння ды ў смутак прывёў; падмурак і мур сумесна заваліліся. Упалі на зямлю і брамы яго, знішчыў і паламаў запоры яго, яго цар і князі ў паганаў, не існуе закон, ды прарокі яго не атрымліваюць аб’яў ад Госпада. Селі моўчкі на зямлі старэйшыя дочкі Сіёна, попелам пасыпалі галовы свае, адзеліся ў зрэбніцы, пахілілі галовы свае да зямлі дзяўчаты ерузалімскія. Змарнелі вочы мае ад слёз, трасецца нутро маё; вылілася на зямлю жоўць мая дзеля гора дачкі «народа Майго», калі памлелі дзіця і немаўля на плошчах горада. У маці сваіх пыталі: «Дзе пшаніца і віно?» Калі самлелі, быццам пакалечаныя, на плошчах горада, калі выпускалі душы свае на грудзях маці сваіх. Каму прымяркую цябе або з кім параўнаю цябе, дачка Ерузаліма? Да каго прыпадобню цябе, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сіёна? Вялікай бо ёсць, як мора, загуба твая; хто цябе вылечыць? Прарокі твае мелі бачанні для цябе пустыя і недарэчныя, не адкрывалі тваю правіннасць, каб змяніць лёс твой, адкрывалі ж яны табе прароцтвы зманныя і зводныя. Пляскалі ў далоні дзеля цябе ўсе праходзячыя дарогай; свісталі ды ківалі галовамі сваімі дзеля дачкі Ерузаліма: «Дык гэта мае быць горад, які называлі цудам прыгажосці, радасцю ўсяго свету?» Раскрылі на цябе вусны свае ўсе твае ворагі; свісталі, скрыгаталі зубамі ды казалі: «Праглынулі мы, вось жа ёсць дзень, якога мы чакалі: дасягнулі яго, бачым». Здзейсніў Госпад, што намеціў; споўніў слова сваё, што прадказваў у днях даўнасці: знішчыў, не пашкадаваў. І парадаваў ворага праз цябе, і павысіў рог ворагаў тваіх. Хай кліча сэрца тваё да Госпада над мурамі дачкі Сіёна; вылівай слёзы, быццам ручай, днём і ноччу, не давай сабе супакою, ды хай не маўчыць зрэнка вока твайго. Паўстань, лямантуй уночы, на пачатку варты ранняй, вылівай, як ваду, сэрца сваё ў прысутнасці Госпада; падымай да Яго рукі свае, за душу дзетак тваіх, якія млелі ад голаду на рагу вуліц усіх. «Зірні, Госпадзе, і ўзваж, каму ты калі так зрабіў: ці жанчыны маюць есці плод лона свайго — пешчаных рупліва немаўлят? Ці ў святыні Госпадавай мае быць забіты святар ды прарок? Ляжалі на зямлі звонку юнак і старац, мае дзяўчаты і мае юнакі палі ад меча; забіў Ты іх у дзень Свайго гневу, знішчыў іх і не пашкадаваў. Склікаў я, быццам на свята, тых, што трывожылі мяне навокал. Ніхто ў дзень гневу Госпадава не ўцёк, не застаўся ніхто: каго песціў я і гадаваў — вораг Мой знішчыў іх».
Я чалавек, які ведае нядолю сваю ад дубца гневу Яго. Ён мяне падганяў і завёў у цемру, а не ў святло. Толькі на мяне ўвесь дзень звяртаў руку Сваю. Вынішчыў скуру маю і цела маё, сцёр косці мае. Убудаваў у коле маім і акружыў мяне горыччу і мукай. Памясціў мяне ў цемры, быццам мёртвых, на вечнасць. Аббудаваў мяне кругом, каб я не выйшаў, абцяжарыў мае кандалы. Але і калі б я крычаў і прасіў, зацішыў маю малітву. Чатырохкутнымі камянямі закрыў маю дарогу ды перакрыў сцежкі мае. Стаўся Ён для мяне цікуючым мядзведзем і львом у сховішчы. Сцежкі мае паблытаў і разбіў мяне, пакінуў мяне адзінокім. Напяў лук Свой і паставіў мяне як прыцэл для стрэлаў. Упусціў у ныркі мае стрэлы калчана Свайго. Стаўся я на пасмяянне для ўсяго майго народа ды іх песенькай кплівай паўсядзённай. Ён мяне перапоўніў гаркатою, ап’яніў мяне палыном. Паламаў мне на жвіры зубы мае, пагрузіў мяне ў попел. І душа мая пазбылася супакою, забыўся я пра добрае. Дык сказаў: «Прапала дастойнасць мая, ды надзея мая ў Госпадзе. Прыпамяні гора і пілігрымаванне маё — палын і атруту. Памяць памятлівая, і нішчэе ўва мне душа мая. Гэтак разважаць буду ў сэрцы сваім, дзеля таго буду мець надзею». Ласка Госпада, што мы не папрападалі, бо не спынілася Яго літасцівасць. Новая кожнай раніцы, вялікая вернасць твая. «Частка мая — Госпад, — кажа душа мая, — таму і чакаць буду Яго». Добры ёсць Госпад для тых, хто спадзяецца на Яго, для душы, што шукае Яго. Добра ёсць моўчкі чакаць збаўлення Госпадава. Добра чалавеку, калі б нёс ярмо ад сваёй маладосці. Будзе сядзець адзінокі і маўчаць, калі гэта накладзена на яго. Хай усуне вусны свае ў попел, калі яшчэ ёсць надзея. Хай таму, хто б’е, падставіць шчаку, каб той напоўніўся ганьбаю. Не адпіхне бо навечна Госпад. Бо калі нават прынізіў, усё ж пашкадуе паводле мноства міласэрнасці Сваёй. Не ад сэрца паніжае Ён і карае сыноў чалавечых. Таптаць пад нагамі сваімі ўсіх палонных зямлі, крывіць права чалавека на віду Найвышэйшага, ашукваць чалавека на судзе сваім, — ці ж Госпад гэтага не ведае? Хто ж ёсць такі, што сказаў — і сталася? Ці ж Госпад не загадаў? Ці ж з вуснаў Найвышэйшага не выходзяць дабро і зло? Як можа наракаць чалавек, які жыве, кожны за грахі свае? Прасочым за дарогамі сваімі, разгледзім і навернемся да Госпада. Падымем сэрцы нашы разам з рукамі да Госпада ў неба. Мы паводзілі сябе ліха і былі бунтаўнікамі; таму і Ты неперамольны быў. Адзеўся Ты ў гнеў і караў нас, забіваў, не шкадаваў. Пакрыўся Ты хмараю, каб не дайшло маленне. Выдаў нас на выкараненне, як агіду спаміж народаў. Разявілі на нас свае вусны ўсе ворагі нашы. Удзелам нашым сталіся: страх ды яма, знішчэнне ды разруха. Ручаі слёз выпускае вока маё над знішчэннем дачкі «народа Майго». Вока маё вылівае слёзы, не спыняецца, бо няма супакою. Пакуль Госпад не зірне і не пабачыць з нябёсаў, вока маё трывожыць душу маю дзеля ўсіх дачок горада майго. Палявалі на мяне, як на птушку, надарма ворагі мае. Губілі ў балоце жыццё маё ды кідалі ў мяне камяні. Падымаліся воды над галавою маёй, я сказаў: «Прападаю». Прызываў я імя Тваё, Госпадзе, з глыбіні ямы. Чуў Ты мой крык: «Не адварочвай вуха Свайго ад майго плачу і ўмольванняў». Ты наблізіўся ў той дзень, калі прызываў я Цябе, сказаў Ты: «Не бойся!» Разбіраў Ты, Госпадзе, справу душы маёй: адкупіў Ты жыццё маё. Бачыш, Госпадзе, гора маё, судзі справядліва мяне. Ты бачыш усю злосць іх, усе іх намеры адносна мяне. Ты чуеш знявагі іх, Госпадзе, усе іх намеры адносна мяне. Вусны цікуючых на мяне і задумкі іх супраць мяне ўвесь дзень. Зірні на іх сяданні і ўставанні, я — песенька іх. Адгадзі ім, Госпадзе, па ўчынках рук іх. Дай ім закамянеласць сэрца і праклён Твой . Пераследуй іх у гневе і знішчы іх з-пад нябёс Тваіх, Госпадзе!
О, як счарнела золата, змянілася найчысцейшае золата. Раскінуты святыя камяні па вуглах усіх вуліц. Высакародныя сыны Сіёна і дарагія, як чыстае золата, як жа палічаны яны за гліняныя гаршкі — працу рук ганчара? Але ж нават шакалы падстаўляюць саскі і кормяць сваіх малых; а дачка народа майго жудасная, як страус на пустыні. Прысох язык немаўляці да паднябення яго ў смазе, малыя хлеба прасілі, ды не было, хто б ім адламаў. Тыя, што елі прысмакі, падалі на вуліцах, а тыя, што выхоўваліся ў пурпуры, ляжалі ў гноі. Большай сталася злачыннасць дачкі народа майго, чым грэх Садома, які прапаў у адзін момант, і рукі не дакраналіся да яе. Яе назарэі бялейшыя за снег, бялейшыя за малако, чырванейшыя целам за каралы, выгляд іх — як шафір. Твар іх сцямнеў, як вугаль, і не пазнаць іх на плошчах; прысохла іх скура да касцей, высахла і зрабілася, як дрэва. Шчаснейшыя забітыя мечам, чым памерлыя з голаду, бо гэтыя прападалі зняможаныя ад няплоднасці зямлі. Рукі жанчын міласэрных варылі дзяцей сваіх, былі яны іх ежай у час загубы дачкі народа майго. Споўніў Госпад гнеў Свой, выліў распал гневу Свайго; і распаліў на Сіёне агонь, які паглынуў падмуркі яго. Не верылі валадары зямлі дый усе жыхары свету, што ўварвецца вораг і непрыяцель праз брамы Ерузаліма. З прычыны грахоў яго прарокаў і ліхоты яго святароў, якія пасярод яго кроў справядлівых пралілі. Цягаліся на плошчах, як сляпыя, крывёй спаганеныя так, што не мог ніхто дакрануцца да шатаў іх. «Уцякайце! Ён нячысты! — крычалі перад імі, — Уцякайце прэч! Не дакранайцеся!» Калі ўцяклі яны ды бадзяліся, гаварылі між паганамі: «Не будзе іх больш, каб абжыліся яны». Аблічча Госпада разагнала іх, на іх ужо Ён не паглядзіць: у аблічча святароў яны не ўглядаюцца і не літуюцца над старымі. «Дакуль марнеюць нашы вочы, дарэмна чакаючы дапамогі! З вартавой вежы нашай выглядалі мы народ, які можа нас збавіць. Яны цікавалі за крокамі нашымі, каб мы не хадзілі па плошчах нашых. Наблізіўся канец наш, споўніліся дні нашы; вось, прыходзіць канец наш. Скарэйшымі былі пераследнікі нашы за арлоў паднебных; яны гналіся за намі праз горы, цікавалі на нас у пустыні. Дух вуснаў нашых — Намашчэнец Госпадаў, схоплены ён у іх ямы, а мы аб ім казалі: “У яго засені будзем жыць між народамі”. Цешся і весяліся, дачка Эдома, якая жывеш у зямлі Уц. І да цябе прыйдзе келіх, нап’ешся і аголішся. Дачка Сіёна, ліха тваё споўнілася, на перасяленне не выганіць больш цябе, а карае Ён за ліхасць тваю, дачка Эдома, выяўляе грахі твае».
«Прыпомні, Госпадзе, што нас напаткала; глянь і прыгледзься да нашай брыдоты. Спадчына наша прыпала чужынцам, чужаземцам — дамы нашы. Сталіся мы сіротамі без бацькі, а маці нашы — быццам удовы. Ваду сваю за грошы купляем, за сваё дрэва грошы плацім. Падганяюць нас з ярмом на шыі, замучаным не даюць супачынку. Да Егіпта выцягвалі мы рукі і да Асірыі, каб наесціся хлеба. Бацькі нашы награшылі, і няма іх, а мы нясём на сабе іх злачыннасць. Слугі пануюць над намі, і няма нікога, хто б адкупіў з рук іх. З небяспекаю для жыцця нашага здабываем хлеб сабе на віду меча ў пустыні. Наша скура, як печ, разгарэлася ад страшэннага голаду. На Сіёне паганілі жанчын, а дзяўчат — па гарадах Юды. Князі павешаны рукамі іх, і да аблічча старых не мелі пашаны, юнакі жорны насілі, хісталіся хлопчыкі пад бярвеннямі. Старэйшыны пакінулі браму, моладзь жа — свае карагоды песенныя. Знікла з сэрцаў нашых радасць, у жалобу змяніліся нашы скокі. З галавы нашай спаў вянец, гора нам, бо мы награшылі! Таму сумным сталася сэрца наша, таму і зацямніліся вочы нашы, дзеля гары Сіён, бо яна апусцела: лісы шнуруюць па ёй. Але Ты, Госпадзе, трываць будзеш вечна, Твой пасад з пакалення ў пакаленне. Чаму навек хочаш пра нас забыцца, чаму на доўгія дні Ты нас пакідаеш? Навярні нас, Госпадзе, да Цябе, і мы вернемся, аднаві дні нашы, як ад пачатку. Ці ж назаўсёды нас адпіхаеш? Ці так ужо моцна на нас злуешся?»
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017