Библия › Чарняўскі-17 › Агэя

Агэя

У другі год царавання Дарыя, у першы дзень шостага месяца, Госпад прамовіў праз прарока Агея да Зарабабэля, сына Салаціэля, кіраўніка Юды, і да першасвятара Ешуа, сына Ёсэдэка, кажучы: «Вось што кажа Госпад Магуццяў, прамаўляючы: “Народ гэты кажа: не прыйшоў яшчэ час будаваць дом Госпадаў”». І прамовіў Госпад праз прарока Агея, кажучы: «Ці ж вам час жыць у дамах упрыгожаных, калі гэты дом у руінах? Ды цяпер вось што кажа Госпад Магуццяў: “Разважце ў сэрцах вашых шляхі вашы: вы сееце многа і збіраеце мала; ясцё і не насычаецеся; п’яце і не п’янееце; апранаецеся і не саграваецеся; і той, хто працуе, каб зарабіць, кідае плату ў дзіравы мяшэчак!” Вось што кажа Госпад Магуццяў: “Разважце ў сэрцах вашых шляхі вашы. Узыдзіце на гару, загатуйце дрэва і пабудуйце дом, і ён будзе Мне мілы, і ў ім буду праслаўлены, — кажа Госпад. Спадзяваліся вы многа, і вось, атрымалася мала, і ўнеслі ў дом, і Я рассеяў гэта. А з якой прычыны? — кажа Госпад Магуццяў, — дзеля Майго дома, што ляжыць у развалінах, і вы кожны спяшаецеся ў дом свой. Таму, вось, нябёсы замкнуты над вамі, каб не спускалі расы, і зямлі забаронена, каб не давала пладоў сваіх. І Я выклікаў засуху на зямлю, і на горы, і на пшаніцу, і на віно, і на аліўкавы алей, ды на ўсё, што родзіць зямля, і на людзей, і на жывёлу, і на ўсякую працу ручную”». І Зарабабэль, сын Салаціэля, і першасвятар Ешуа, сын Ёсэдэка, і ўвесь астатак народа пачулі голас Госпада, Бога свайго, і словы прарока Агея, так як Госпад, Бог іх, паслаў яго да іх; і народ праняўся страхам перад Госпадам. І Агей, пасланец Госпадаў, прамовіў паводле прыказання Госпада, кажучы народу: «“Я з вамі”, — кажа Госпад». Ды ўзбудзіў Госпад дух Зарабабэля, сына Салаціэля, кіраўніка Юды, і дух першасвятара Ешуа, сына Ёсэдэка, і дух усяго астатку народа; і прыйшлі яны, і ўзяліся за будаўніцтва дома Госпада Магуццяў, Бога свайго. Дваццаць чацвёртага дня шостага месяца, у другі год цара Дарыя.

Дваццаць першага дня сёмага месяца прамовіў Госпад праз Агея прарока гэтыя словы: «Скажы Зарабабэлю, сыну Салаціэля, кіраўніку Юды, і першасвятару Ешуа, сыну Ёсэдэка, а таксама астатку народа: “Ці застаўся хто ў вас, хто бачыў той дом у ранейшай яго славе? І як вы ўяўляеце яго цяпер? Ці не ёсць так, што ён у вачах вашых, як быццам нішто? Але вось цяпер набярыся сілы, Зарабабэлю, — кажа Госпад, — набярыся сілы, першасвятару Ешуа, сыне Ёсэдэка, набярыцеся сілы, увесь народзе зямлі, — кажа Госпад Магуццяў, — ды вазьміцеся за працу, бо Я з вамі, — кажа Госпад Магуццяў, — прымірэнне, якое заключыў з вамі, калі выходзілі вы з зямлі Егіпта, і Дух Мой прабываў сярод вас: дык не бойцеся!” Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: “Яшчэ адна хвілінка, і Я ўзварухну неба, і зямлю, і мора, і сухмень. І страсяну ўсе народы, і прыйдуць мноствы ўсіх народаў, і напоўню дом гэты хвалою, — кажа Госпад Магуццяў. Маё срэбра і Маё золата, — кажа Госпад Магуццяў. Большай будзе слава дома гэтага новага, чым першага, — кажа Госпад Магуццяў, — і ў гэтым месцы дам Я супакой,” — кажа Госпад Магуццяў». У дваццаць чацвёрты дзень дзевятага месяца, у другі год валадарання Дарыя прамовіў Госпад да прарока Агея, кажучы: гэта кажа Госпад Магуццяў: «Спытайся ў святароў пра закон і кажы: “Калі будзе несці чалавек асвячонае мяса ў крысе адзення свайго і краем яго дакранецца да хлеба, або да чаго-небудзь варанага, або да віна, або да алею, або да якой-небудзь ежы, ці тады будзе асвячоны?”» На гэта ж святары адказалі: «Не». Ды Агей запытаўся далей: «Калі апаганены трупам дакранецца да якой з гэтых рэчаў, ці будуць яны апаганены?» І святары адказалі і сказалі: «Будзе гэта нячыстым!» І адказаў Агей, і казаў: «Такі гэта народ, і такое гэта племя перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — і такая ўся дзейнасць рук іх, і ўсё, што складаюць там у ахвяру, апаганена». І зараз разважце ў сэрцах вашых ад гэтага дня і далей: перш чым пакласці камень на камень у святыні Госпада, чым вы былі? Калі прыходзілі да стога, што мог прыносіць дваццаць мер, было толькі дзесяць; калі прыходзілі да выціскальні, каб выціснуць пяцьдзесят мер, было дваццаць. «Гэта Я гарачым ветрам, і засухай, і градам пакараў вас і ўсю працу рук вашых, і не знайшоўся ні адзін з вас, хто б навярнуўся да Мяне, — кажа Госпад. Разважце ў сэрцах вашых час ад гэтага дня і на будучыню, ад дваццаць чацвёртага дня дзевятага месяца, ад дня, калі быў пакладзены падмурак святыні Госпада; разважце ў сэрцах вашых. Ці ёсць яшчэ насенне ў свірнах? І ці ёсць яшчэ вінаград; і дрэва фігавае, і дрэва гранатавае, і дрэва аліўкавае ці далі плод? Ад гэтага дня буду Я дабраслаўляць!» І другі раз прамовіў Госпад да Агея ў дваццаць чацвёрты дзень месяца, кажучы: «Скажы Зарабабэлю, правіцелю Юды, кажучы: “Я ўстрасу неба і разам зямлю, і перавярну пасад царстваў, і сатру магутнасць царстваў народаў, і перавярну калясніцу і яе вершнікаў; і ўпадуць коні і іх коннікі, кожны пакараны мечам брата свайго. У той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — вазьму цябе, слуга Мой Зарабабэлю, сыне Салаціэля, — кажа Госпад, — і зраблю з цябе як бы пячаць, бо выбраў цябе”, — кажа Госпад Магуццяў».


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.