Библия › Чарняўскі-17 › 1 Пятра

1-ы ліст Пётры

Пётра, Апостал Ісуса Хрыста, перасяленцам, расцярушаным у Понце, у Галатыі, у Кападоцыі, у Азіі і ў Бітыніі, выбраным наканаваннем Бога Айца пры асвячэнні Духам, дзеля паслухмянасці і пакраплення Крывёй Ісуса Хрыста: хай ласка і супакой будуць вам шчодра памножаны. Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які ў вялікай міласэрнасці Сваёй праз уваскрэсенне з памерлых Ісуса Хрыста адрадзіў нас да жывой надзеі, да спадчыны незнішчальнай, і беззаганнай, і неўвядальнай, што захавана на нябёсах для вас, якія магутнасцю Божай праз веру захоўваецеся дзеля збаўлення, прыгатаванага аб’явіцца ў апошні час. З гэтага радуйцеся, хоць цяпер мусіце пасмуткаваць крыху дзеля шматлікіх выпрабаванняў, каб выпрабаваная ваша вера выявілася шмат даражэйшай за золата — яно, хоць і выпрабавана ў агні, ды ідзе на загубу, — на славу, пахвалу і гонар пры з’яўленні Ісуса Хрыста. Яго, хоць не бачылі, вы любіце і хоць цяпер не бачыце Яго, але верыце і цешыцеся радасцю невымоўнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы праз веру вашу збаўлення душ. Гэтага збаўлення шукалі і выглядалі прарокі, якія прадказвалі будучую для вас ласку, даследуючы, калі і на якую пару паказваў Дух Хрыстоў, Які ў іх прабываў і Які прадказваў пакуты Хрыста і пазнейшую славу. Ім было адкрыта, што не ім самім, а вам служыла абвешчанае праз іх, якія абвяшчалі вам Евангелле праз Духа Святога, спасланага з неба, у што заглянуць прагнуць і анёлы. Для гэтага, падперазаўшы сцёгны вашага розуму, чуваючы, майце моцную надзею на ласку, прызначаную вам у аб’яўленні Ісуса Хрыста. Як паслухмяныя дзеці, не кіруйцеся вашымі ранейшымі жаданнямі, калі вы былі яшчэ несвядомымі, але ва ўсіх паводзінах будзьце таксама святымі на ўзор Святога, Які вас паклікаў, бо напісана: «Будзьце святымі, бо Я — Святы». І калі Айцом завеце Таго, Хто без аглядкі на асобы судзіць кожнага паводле яго ўчынкаў, дык у страху праводзьце час пражывання вашага, ведаючы, што адкуплены вы ад марнага жыцця вашага, перададзенага вам бацькамі, не знішчаемым срэбрам або золатам, але найкаштоўнейшай Крывёй Хрыста, як Ягняці без заганы і без спракуды, Які быў прызначаны перад стварэннем свету, але аб’явіўся ў апошнія часы дзеля вас, якія праз Яго ўверылі ў Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вера ваша і надзея былі скіраваны да Бога. Ачысціўшы душы вашы паслухмянасцю праўдзе праз Духа дзеля здабыцця шчырай братняй любові, ад чыстага сэрца любіце адзін аднаго, як адроджаныя не са знішчальнага семя, але з незнішчальнага праз слова Бога жывога, якое трывае, на векі, бо кожнае цела — як трава, і ўсякая слава яго — як кветка травы. Засохла трава — і кветка апала. Але слова Госпада трывае вечна. Гэта вось слова прынесена вам як добрая вестка.

Дык адкінуўшы ўсякае ліха і ўсякую падступнасць, і крывадушнасць, зайздрасць ды ўсякае ачарненне, як нованароджаныя дзеткі запрагніце духоўнага і непадробленага малака, каб ад яго вы ўзраслі да збаўлення, бо вы пакаштавалі, які салодкі Госпад. Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам і каштоўнага, і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, у святарства святое, каб складаць духоўныя ахвяры, мілыя Богу праз Ісуса Хрыста. Пра гэта сказана ў Пісанні: «Вось, Я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны і дарагі, і, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены». Дык Ён для вас, веруючых, — гонар, а для няверуючых «камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавою вугла» ды ёсць «каменем спатыкнення і каменем згаршэння»; аб яго спатыкаюцца няверуючыя Слову, на што і прызначаны. Але вы — выбранае племя, валадарнае святарства, святы народ, люд набыты, каб абвяшчалі дасканаласці Таго, Хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае святло Сваё; вы, калісьці не народ, а цяпер народ Божы, якія былі не дасягнуўшымі міласэрнасці, а цяпер дасягнулі міласэрнасці. Умілаваныя, прашу вас, як прыхадняў і падарожнікаў, паўстрымацца цялесных пажаданняў, якія ваююць супраць душы. Паводзіны вашы сярод паганаў хай будуць добрыя, каб тыя, што ставяцца да вас як да злачынцаў, бачачы вашы добрыя ўчынкі, славілі Бога ў дзень адведзінаў. Падпарадкоўвайцеся кожнай людской уладзе дзеля Госпада: ці гэта цару, як вышэйшаму валадару, ці то намеснікам, што праз яго пасланы дзеля пакарання злачынцаў або дзеля пахвалы тых, што дабро робяць, бо такая воля Божая, каб вы добрымі ўчынкамі затыкалі вусны невуцтву неразумных людзей, як людзі свабодныя, ды не як тыя, для якіх свабода ёсць покрыва зла, але як паслугачы Божыя. Усіх паважайце, братоў любіце, Бога бойцеся, цара шануйце! Паслугачы! Падпарадкоўвайцеся з усім страхам гаспадарам, і не толькі добрым і спагадным, але таксама і суровым. Бо гэта ласка, калі хто ў імя Бога пераносіць гора, церпячы несправядліва. Бо што гэта за слава, калі вас за грахі б’юць па твары? Але калі церпіце, робячы дабро, дык гэта ласка ў Бога. Вы ж на гэта пакліканы; бо і Хрыстос цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі па Яго слядах: Ён не ўчыніў граху, і ў Яго вуснах не знойдзена подступу. Ён, зняважаны, не зневажаў, церпячы, не пагражаў, але ўсё перадаў справядліваму Суддзі. Ён грахі нашы Сам узнёс целам Сваім на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, жылі дзеля справядлівасці; Яго ранамі вы аздароўлены. Бо вы былі, як заблуканыя авечкі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Вартаўніка душ вашых.

Таксама і вы, жонкі, пакарайцеся мужам сваім, каб нават тады, калі некаторыя з іх не слухаюць слова, праз самыя паводзіны жонак былі прыдбаныя без слова, аглядаючы ваша чыстае, поўнае страху Божага жыццё. Хай вашым упрыгожаннем будзе не вонкавае заплятанне валасоў, ані залатыя пярсцёнкі, ані стройныя сукні, але схаваны ў сэрцы чалавек у лагоднасці і спакойнасці духа, што вельмі каштоўна ў вачах Божых. Так калісьці і святыя жонкі, усклаўшы надзею на Бога, аздаблялі сябе і былі падданымі сваім мужам, як Сара была паслухмянай Абрагаму, клічучы яго сваім гаспадаром. І вы яе дзеці, калі робіце дабро і не баіцеся ніякіх турбот. Так жа і вы, мужы, разумна жывіце ў супольнасці з жонкай, як з нетрывалай пасудзінай, аддаючы гонар, бо вы супольна з імі спадкаемцы ласкі жыцця, каб не стаўляць перашкод малітвам вашым. Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняй любові, міласэрныя, ветлівыя, не адгаджайце ліхам за ліха, ані праклёнам за праклён, але, наадварот, дабраслаўляйце, ведаючы, што на тое вы пакліканы, каб атрымаць у спадчыну дабраславенне. «Бо чалавек, які любіць жыццё і хоча ўбачыць добрыя дні, хай стрымлівае язык свой ад ліхога і вусны, каб не гавораць падступна; хай ухіляецца ад ліхога і робіць дабро, хай шукае супакою і імкнецца да яго. Бо вочы Госпада — да справядлівых, і вушы Яго — да просьбаў іх; але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць ліха». І хто вам пашкодзіць, калі будзеце рупіцца пра дабро? А калі б вы нават пацярпелі дзеля справядлівасці, вы шчасныя. Не палохайцеся іх пагроз ды не трывожцеся, Госпада Бога свяціце ў сэрцах вашых і будзьце заўсёды гатовы абараніцца перад кожным, хто патрабуе ад вас адказу аб той надзеі, якая прабывае ў вас, але са спагаднасцю і страхам мейце добрае сумленне, каб тым, чым вас прыніжаюць, як злачынцаў, былі зганьбаваны тыя, што ачарняюць вашы добрыя паводзіны ў Хрысце. Бо лепш цярпець, дабро чынячы, калі такая воля Божая, чым чынячы зло. Хрыстос таксама раз пацярпеў за грахі, Справядлівы за несправядлівых, каб нас давесці да Бога, стаўшы мёртвым целам, але ажыўшы Духам; у Ім, пайшоўшы, прапаведаваў нават тым духам, што былі ў вязніцы, якія калісьці былі непаслухмяныя, злоўжываючы Божаю цярплівасцю ў дні Ноя пры будове каўчэга, у якім нямногія, гэта значыць восем душ, уратаваліся ад вады. На падабенства таго і нас цяпер збаўляе хрост, не праз абмыццё бруду цела, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, праз уваскрэсенне Ісуса Хрыста, Які ўзышоў у неба і сядзіць праваруч Бога, і Яму падпарадкаваны анёлы, і ўлады, і магуцці.

Калі ж Хрыстос цярпеў целам за нас, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць, каб той час, што застаўся для жыцця ў целе, пражыць не для пажаданняў чалавечых, але для волі Божай. Бо даволі, што ўжо ў мінулыя часы вы, дзеля выканання волі паганаў, жылі ў распусце, пажадлівасцях, у злоўжыванні віном, гулянках, папойках і ў агідным балванахвальстве. Дзеля таго яны дзівяцца, што вы не топіцеся разам з імі ў тым самым віры распусты, ды таму блага аб вас гавораць. Яны здадуць справаздачу Таму, Хто прыгатаваны судзіць жывых і мёртвых. Таму была абвешчана добрая вестка нават мёртвым, каб яны, хоць суджаныя целам па-чалавечы, жылі духам па Божаму. Канец усяго ўжо наблізіўся. Дык будзьце цвярозага мыслення і чувайце ў малітвах. Перад усім майце заўсёды нязменную любоў між сабою, бо любоў пакрывае многа грахоў. Будзьце адны да адных без наракання гасціннымі. Служыце адны адным тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнай ласкі Божай. Калі хто прамаўляе, [прамаўляй] як словы Божыя; калі хто паслугуе, [служы] сілай, дадзенай яму Богам, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і валадаранне ў векі вечныя. Амін. Дарагія! Не дзівіцеся агню, які дзеля выпрабавання вам з’явіўся, як бы што нечаканае вас напаткала, але, калі вы ўдзельнічаеце ў цярпеннях Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў аб’яўленні славы Яго цешыліся вы з весялосцю. Калі зневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасныя, бо славы і Бога Дух на вас супачывае. Імі Ён зневажаецца, а вамі праслаўляецца. Хай толькі ніхто з вас не церпіць як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або той, хто квапіцца на чужое. Калі ж церпіць як хрысціянін, хай не саромеецца, але хай услаўляе Бога за гэтую долю. Бо час, каб суд распачаўся ад дома Божага. Калі перш ад нас, дык які канец будзе тых, што не слухаюць Божага Евангелля? І калі справядлівы ледзь будзе збаўлены, дык бязбожнік і грэшнік дзе апынецца? Дык тыя, што церпяць згодна з воляй Божай, хай аддаюць свае душы вернаму Творцы, робячы дабро.

Старэйшых, якія сярод вас, прашу я, таксама старэйшы і сведка Хрыстовых цярпенняў ды ўдзельнік тае славы, якая мае аб’явіцца: пасіце статак Божы, які ў вас, даглядаючы яго не пад прымусам, але добраахвотна, па волі Божай, не дзеля нягодных нажыткаў, але са стараннасцю, і не пануючы над даручаным, але даючы прыклад статку. І, калі аб’явіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце незвядальны вянок славы. Таксама і вы, юнакі, будзьце паслухмяныя старэйшым. Усе ўзаемна, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апраніцеся ў пакору, бо Бог пыхлівым супрацівіцца, а пакорлівым ласку дае. Дык скарыцеся пад магутнай рукой Бога, каб вас узвысіў у свой час. Усе клопаты свае ўскладайце на Яго, бо Ён пра вас рупіцца. Будзьце цвярозымі, чувайце! Бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, кружыць, шукаючы, каго зжэрці. Станьце супроць яго цвёрдаю вераю, ведаючы, што гэткія самыя пакуты выпадаюць і тым вашым братам, што ёсць у свеце. А Бог усякае ласкі, Які вас паклікаў да вечнай славы Сваёй у Хрысце Ісусе, пасля нядоўгага цярпення [вашага] Сам вас удасканаліць, зробіць непарушнымі, угрунтуе, падмацуе. Яму слава і Валадарства ў векі вечныя. Амін. Коратка я вам напісаў праз Сілівана, вернага брата, як думаю, перасцерагаючы ды і сведчанне прыносячы, што такая вось праўдзівая ласка Божая; у ёй вы стаіце. Вітае вас тая, што ў Бабілоне, выбраная, як і вы, а таксама Марк, мой сын. Павітайцеся ўзаемна пацалункам любові. Супакой вам усім, што трываеце ў Хрысце Ісусе. Амін.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.