Другі закон 20 глава

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Учебной Библии МакАртура

Пераклад Васіля Сёмухі

1 Калі ты выйдзеш на вайну супроць ворага твайго і ўбачыш коней і калясьніц і народу болей, чым у цябе, дык ня бойся іх, бо з табою Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай.
2 А калі прыступаеце да бітвы, тады няхай падыдзе сьвятар, і кажа люду,
3 і скажа яму: слухай, Ізраіле, вы сёньня ўступаеце ў бітву з ворагамі вашымі, хай не аслабне сэрца вашае, ня бойцеся, не бянтэжцеся і не жахайцеся ад іх,
4 бо Гасподзь, Бог ваш, ідзе з вамі, каб пабіцца за вас з ворагамі вашымі і выратаваць вас.
5 А наглядчыкі няхай абвесьцяць людзям, кажучы: хто збудаваў новы дом і не абнавіў яго, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памёр у бітве, а другі не абнавіў яго;
6 і хто пасадзіў вінаграднік і не карыстаўся ім, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памёр у бітве, і другі не пакарыстаўся ім;
7 і хто не заручыўся з жонкаю і ня ўзяў яе, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памерці ў бітве, і другі ня ўзяў яе.
8 І яшчэ агалосяць наглядчыкі народу і скажуць: хто баязьлівы і маладушны, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб ён не зрабіў нясьмелымі сэрцы братоў сваіх, як ягонае сэрца.
9 Калі наглядчыкі скажуць усё гэта люду, тады трэба паставіць правадыроў у павадыры народу.
10 Калі пойдзеш да горада, каб заваяваць яго, прапануй яму мір;
11 калі ён згодзіцца на мір з табою і адчыніць табе брамы, дык увесь люд, які знойдзецца ў ім, будзе плаціць табе даніну і служыць табе;
12 а калі ён ня згодзіцца на мір з табою і будзе весьці з табою вайну, дык аблажы яго,
13 і калі Гасподзь, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, пабі ў ім увесь мужчынскі пол вастрыём меча;
14 толькі жонак і дзяцей і быдла і ўсё, што ў горадзе, усю здабычу ягоную вазьмі сабе і карыстайся здабычаю ворагаў тваіх, якіх аддаў табе Гасподзь, Бог твой;
15 так рабі з усімі гарадамі, якія ад цябе даволі далёка, якія не з гарадоў народаў гэтых.
16 А ў гарадах гэтых народаў, якія Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне, не пакідай жывымі ніводнай душы,
17 а пракляні іх: Хэтэяў і Амарэяў, і Хананэяў і Фэрэзэяў, і Гэвэяў і Эвусэяў, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой,
18 каб яны не навучылі вас рабіць такія самыя мярзоты, якія яны рабілі дзеля багоў сваіх, і каб вы не грашылі прад Госпадам, Богам вашым.
19 Калі доўга будзеш трымаць у аблозе горад, каб заваяваць яго і ўзяць яго, дык ня псуй дрэваў яго, ад якіх можна карміцца, і не спусташай навакольляў, бо дрэва на полі не чалавек, каб магло пайсьці ад цябе на ўмацаваньне;
20 толькі тыя дрэвы, пра якія ты ведаеш, што яны нічога ня родзяць на ежу, можаш псаваць і сячы і будаваць умацаваньні супроць горада, які вядзе з табою вайну, пакуль не ўпакорыш яго.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.