Левіт 4 глава

Трэцяя кніга Масеява: Левіт
Пераклад Яна Станкевіча → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Яна Станкевіча

1 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
2 «Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: калі душа ізгрэша абмыльна супроці якога расказаньня СПАДАРОВАГА, чаго ня маюць рабіць, і ён зробе адно зь іх;
3 Калі сьвятар памазаны ізгрэша і зробе вінным люд, хай абрачэць за грэх свой, каторым ізграшыў, з буйнога статку цялё-бычка бяз гану, СПАДАРУ на аброк за грэх.
4 І прывядзець цялё да ўходу будану збору перад СПАДАРА, і ўзложа руку сваю на галаву цяляці, і зарэжа цялё перад СПАДАРОМ.
5 І возьме сьвятар памазанец із крыві цяляці, і ўнясець яе ў будан збору;
6 І занура сьвятар палец свой у кроў, і пакропе крывёй сем разоў перад СПАДАРОМ добры бок запінахі сьвятыні.
7 І ўзложа сьвятар перад СПАДАРОМ з крыві на рогі аброчніка, каторы ў будане збору, пахнючых кадзеньняў, а ўсю кроў цяляці выльле на под аброчніка ўсепаленьняў, каторы ля ўходу будану збору.
8 І ўвесь тук цяляці за грэх падыйме зь яго, тук, што пакрывае патрыхі, і ўвесь тук, што на патрыхах,
9 І абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, каторы на сьцёгнах; і пляву зь печанцоў з ныркамі адлуча,
10 Як вымае зь цяляці аброкаў супакойных; і спале іх сьвятар на аброчніку ўсепаленьня.
11 А скуру цяляці і ўсе мяса ягонае ля галавы ягонае а ля галёнак ягоных, і патрыхі ягоныя, і кал ягоны,
12 Усе цялё хай вынясе вонкі табару на чыстае месца, ідзе высыпаюць попел, і спале яго на дрывах агнём; ідзе высыпаюць попел, там няхай спалены будзе.
13 Калі ж уся грамада Ізраелява ізгрэша абмыльна, і ўтоены будзе ўчынак ад ачоў збору, і зробяць што супроці аднаго з расказаньняў СПАДАРОВЫХ, чаго ня маюць рабіць, і будуць вінны;
14 Дык калі пазнаны будзе грэх, каторым яны ізграшылі, няхай абрачэць грамада цялё-бычка з буйнога статку на аброк за грэх, і прывядуць яго перад будан збору;
15 І ўзложаць старцы грамады рукі свае на галаву цяляці перад СПАДАРОМ, і зарэжа цялё перад СПАДАРОМ.
16 І ўнясець сьвятар памазанец крыві зь цяляці ў будан збору;
17 І занура сьвятар палец свой у кроў, і пакропе сем разоў перад СПАДАРОМ добры бок запінахі;
18 І з крыві ўзложа на рогі аброчніка, каторы перад відам СПАДАРОВЫМ у будане збору; і ўсю кроў выльле на под аброчніка ўсепаленьня, каторы ля ўходу будану збору;
19 І ўвесь тук яго падыйме зь яго, і спале на аброчніку.
20 І зробе зь цялём так, як робяць ізь цялём за грэх; гэтак мае рабіць ізь ім, і гэтак адзяржыць ласкіўчыненьне ім сьвятар, і даравана будзе ім.
21 І вынесе цялё вонкі будану, і спале яго так, як спаліў першае цялё. Гэта аброк за грэх грамады.
22 Калі ізгрэша князь нясьведама, і зробе штось супроці аднаго з усіх расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, чаго не належыла рабіць, і будзе вінен:
23 Дык, як стаў ведамы яму грэх ягоны, каторым ён ізграшыў, прывядзець дар свой — казянё-самца бяз гану;
24 І ўзложа руку сваю на галаву казяняці, і зарэжа яго на месцу, ідзе рэжуць усепаленьні перад СПАДАРОМ: гэта аброк за грэх.
25 І возьме сьвятар із крыві аброку за грэх палцам сваім, і ўзложа на рогі аброчніка ўсепаленьня, а кроў ягоную выльле на под аброчніка ўсепаленьня.
26 І ўвесь тук ягоны спале на аброчніку, як тук аброкаў супакойных; і адзяржыць яму сьвятар ласкіўчыненьне за грэх ягоны, і будзе даравана яму.
27 І калі душа адна ізгрэша абмыльна, і гэта зь люду зямлі, і зробе штось супроці аднаго з расказаньняў СПАДАРОВЫХ, што ня мела быць зроблена, і вінна будзе:
28 Дык, як стане ведамы ёй грэх ейны, каторым яна ізграшыла, прывядзець яна на дар казянё-козку бяз гану за грэх свой, каторым яна ізграшыла;
29 І ўзложа руку сваю на галаву аброку за грэх, і зарэжа аброк за грэх на месцу ўсепаленьня.
30 І возьме сьвятар із крыві яе палцам сваім, і ўзложа на рогі аброчніка ўсепаленьня, і ўсю кроў яе выльле на под аброчніка.
31 І ўвесь тук ейны адлуча, як адлучаюць тук ад аброкаў супакойных, і спале сьвятар на аброчніку на прыемны пах СПАДАРУ; гэтак адзяржыць ласкіўчыненьне яму сьвятар, і даравана будзе яму.
32 А калі ягнё прывядзець як дар за грэх свой, хай прывядзець саміцу бяз гану;
33 І ўзложа руку сваю на галаву аброку за грэх, і зарэжа яе на аброк за грэх на месцу, ідзе рэжуць усепаленьне.
34 І возьме сьвятар палцам сваім із крыві аброку за грэх, і ўзложа на рогі аброчніка ўсепаленьня, і ўсю кроў яе выльле на под аброчніка.
35 І ўвесь тук ейны адлуча, як адлучаюць тук авечкі з аброкаў супакойных, і спале іх сьвятар на аброчніку на агняны аброк СПАДАРУ; і адзяржыць яму сьвятар ласкіўчыненьне за грэх, каторым ён ізграшыў, і даравана будзе яму.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.