Святарская 4 глава

Кніга Святарская
Пераклад Чарняўскага 2017 → Комментарии Жана Кальвина

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Прамовіў Госпад Майсею, кажучы:
2 «Гавары сынам Ізраэля: “Калі душа зграшыць праз няўвагу і ўчыніць што-небудзь з ліку ўсіх тых прыказанняў Госпада, што Ён загадаў, каб не рабілі,
3 калі граху дапусціцца памазаны святар, так што яго віна спадае на народ, то складзе ён за свой грэх у ахвяру Госпаду маладога бычка без заганы як перамольную ахвяру за грэх;
4 хай прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы перад Госпадам і пакладзе руку на галаву яго ды заб’е яго перад Госпадам.
5 Потым хай памазаны святар зачэрпне крыві таго бычка і ўнясе яе ў палатку сустрэчы;
6 і калі памочыць святар палец у крыві, то хай пакропіць ёю сем разоў перад Госпадам, перад заслонай месца святога;
7 і хай пакладзе ад гэтай крыві на рогі ахвярніка пахкага каджэння перад Госпадам, які ў палатцы сустрэчы, а рэшту крыві бычка хай вылье ён на падножжа ахвярніка цэласпальных ахвяр перад уваходам у палатку сустрэчы.
8 І хай выцягне з бычка ахвяры ўвесь тлушч, як той, што пакрываў усё нутро, так і ўвесь тлушч, які прылягае да вантробаў,
9 і абедзве ныркі разам з тлушчам, які над імі, каля вантробаў, ды аддзеліць сальнік печані, што каля нырак,
10 такім жа чынам як аддзяляецца [тлушч] бычка ахвяры прымірэння. І спаліць святар гэта на ахвярніку цэласпалення.
11 А скуру цяляці, усё мяса, галаву, ногі, і нутро, і нячыстасць
12 усяго бычка хай вынесуць па-за лагер; на чыстае месца, дзе звычайна высыпаюць попел, і там хай спаляць агнём на дровах: у месцы высыпання попелу.
13 Калі ўся супольнасць Ізраэля зграшыць праз няўвагу і схавана гэта будзе перад вачыма сабрання, і ўчыніць яна тое, што супраць прыказання Госпадава, і правініцца,
14 а потым яна зразумее грэх свой, дык хай супольнасць складзе ў ахвяру за грэх бычка і хай прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы.
15 Тады старэйшыны супольнасці народа ўскладуць рукі на галаву яго перад Госпадам, і той бычок будзе забіты перад Госпадам.
16 Памазаны святар унясе ў палатку сустрэчы частку крыві яго,
17 пасля памочыць палец у крыві ды пакропіць сем разоў перад заслонай.
18 І памажа тою крывёю рогі ахвярніка, які перад Госпадам у палатцы сустрэчы, а астатнюю кроў вылье на падножжа ахвярніка цэласпалення, які ля ўваходу ў палатку сустрэчы.
19 А ўвесь тлушч яго аддзеліць і спаліць на ахвярніку.
20 І зробіць з гэтым бычком тое, што робіць ён з бычком ахвяры за грэх, так павінен зрабіць з ім. Так ачысціць іх святар, і будзе спагадны Госпад да іх.
21 І вынесе самога бычка па-за лагер, і спаліць яго так, як і папярэдняга бычка. Гэта ахвяра за грэх супольнасці.
22 Калі зграшыць начальнік і дапусціцца праз няўвагу чагосьці з ліку таго, што забараняецца паводле закону Госпада, Бога яго, ды гэтак правініцца,
23 то, калі будзе даказаны грэх яго, хай прывядзе ён у ахвяру Госпаду казла без заганы.
24 Паложыць ён руку сваю на галаву яго ды заб’е яго на месцы, дзе звычайна забівае ахвяры цэласпалення перад Госпадам. Гэта ахвяра за грэх.
25 І памочыць святар палец у крыві ахвяры за грэх ды памажа ёю рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту крыві вылье на падножжа яго.
26 А тлушч яго спаліць зверху, падобна як тлушч ахвяры прымірэння. Так вось ачысціць яго святар ад граху яго, ды будзе яму даравана.
27 Калі якая душа паміж народа зямлі праз няўвагу зграшыць тым, што ўчыніць штосьці з таго, што забаронена законам Госпада, і правініцца,
28 то, калі будзе выяўлены грэх яго, хай прывядзе казу без заганы.
29 Пасля ўскладзе руку на галаву ахвяры за грэх, ды заб’е яе на месцы ахвяры цэласпалення.
30 Святар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёй рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту вылье на падножжа яго.
31 Потым аддзеліць увесь тлушч так, як звычайна аддзяляецца тлушч ахвяры прымірэння. І спаліць яго святар на ахвярніку на мілы пах Госпаду. Так ачысціць яго святар, і будзе спагадны Госпад.
32 А калі хто захоча скласці ў ахвяру за грэх авечку, то хай прывядзе авечку без заганы,
33 ускладзе руку на яе галаву ды заб’е яе на месцы, дзе звычайна забіваюць ахвяры цэласпалення.
34 Потым возьме святар пальцам сваім крыві і памажа рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту вылье на падножжа ахвярніка.
35 А ўвесь тлушч аддзеліць, як аддзяляецца тлушч авечкі, што забіваецца як ахвяра прымірэння, ды спаліць на ахвярніку на агнявых ахвярах Госпаду. Так ачысціць яго святар ад граху яго, і будзе яму даравана.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.