Суддзяў 10 глава

Кніга Суддзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Лингвистический. Роджерс

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Па Абімэлеху на вызваленне Ізраэля паўстаў кіраўнік Тола, сын Пувы, сына Дадо, чалавек з пакалення Ісахара, які жыў у Саміры на гары Эфраіма.
2 І ён судзіў Ізраэль дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны быў у Саміры.
3 Па ім быў Яір з Галаада, які судзіў Ізраэль дваццаць два гады.
4 І меў ён трыццаць сыноў, якія ездзілі на трыццаці маладых аслах і мелі трыццаць гарадоў, якія па сённяшні дзень называюцца Гавот Яірa, яны ў зямлі Галаад.
5 І памёр Яір, і пахаваны ён у Камоне.
6 А сыны Ізраэля, далучаючы да старых грахоў новыя, чынілі зло перад абліччам Госпада, і служылі яны Баалам і Астартам, багам Арама, Сідона і Мааба, і сынам Амона і Філістына; і пакінулі яны Госпада, і не пакланяліся Яму.
7 І, разгневаўшыся на іх, Госпад аддаў іх у рукі Філістына і ў рукі сыноў Амона.
8 І яны вынішчалі і страшна ўціскалі ўсе васемнаццаць гадоў сыноў Ізраэля, што жылі за Ярданам у зямлі амарэяў у Галаадзе, настолькі, што
9 сыны Амона пераходзілі Ярдан, каб ваяваць супраць Юды і Бэньяміна і дому Эфраіма; і быў Ізраэль у вялікім уціску.
10 І клікалі сыны Ізраэля Госпада, і казалі: «Зграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага, і служылі Баалу».
11 Сказаў ім Госпад: «Калі егіпцяне, і амарэі, і сыны Амона, і філістынцы,
12 сідонцы, а таксама Амалек і Мадыян уціскалі вас, а вы прызывалі Мяне, ці ж Я не вырваў вас з іх рук?
13 А вы ўсё роўна пакінулі Мяне і пакланяліся чужым багам; таму не буду ратаваць вас болей.
14 Ідзіце і клічце багоў, якіх вы выбралі: хай яны вас ратуюць у час гора!»
15 І казалі сыны Ізраэля Госпаду: «Зграшылі мы; зрабі Ты з намі, што Табе падабаецца, толькі цяпер выратуй нас!»
16 Сказаўшы гэта, выкінулі яны са сваіх межаў усіх ідалаў чужых багоў, і служылі Госпаду, Які пашкадаваў Ізраэль у яго горы.
17 Такім чынам, сыны Амона сабраліся і паставілі палаткі ў Галаадзе; насупраць іх у Міцпе сабраліся сыны Ізраэля і там сталі лагерам.
18 І гаварылі народ і князі галаадскія, кожны асобна — блізкім сваім: «Хто супраць сыноў Амона пачне ваяваць першы, той будзе правадыром для ўсіх жыхароў Галаада».

Примечания:

 
Пераклад Чарняўскага 2017
4 a: «селішчы Яіра».
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.