Судзьдзяў 10 глава

Кніга Судзьдзяў Ізраэлявых
Пераклад Яна Станкевіча → Лингвистический. Роджерс

Пераклад Яна Станкевіча

1 І паўстаў просьле Авімелеха на спасеньне Ізраеля Фола, сын Пуі Додзянка, з плямені Іссасхаровага. І ён жыў у Шаміру на гары Яхрэмавай.
2 І судзіў ён Ізраеля дваццаць тры гады, і памер, і пахаваны ў Шаміру.
3 І паўстаў просьле яго Яір Ґілеадзянін, і судзіў Ізраеля дваццаць два гады.
4 І было ў яго трыццацёх сыноў, каторыя езьдзілі на трыццацёх маладых аслох, і трыццаць местаў было ў іх; іх дагэтуль завуць сёламі Яіровымі, каторыя ў зямлі Ґілеадзкай.
5 І памер Яір, і пахаваны ў Камоне.
6 І далей сынове Ізраелявы рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА, і служылі Ваалам а Астартам а багом Арамейскім а багом Сыдонскім а багом Моаўскім а багом сыноў Амонавых а багом Пілісцкім; і пакінулі СПАДАРА, і ня служылі Яму.
7 І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і Ён выдаў іх у рукі Пілішчан а ў рукі сыноў Амонскіх.
8 Яны душылі а ўціскалі сыноў Ізраелявых з тога году асьмінанцаць год, усіх сыноў Ізраелявых, каторыя на тым баку Ёрдану ў зямлі Аморэйскай, каторая ў Ґілеадзе.
9 І перайшлі сынове Амонскія Ёрдан, каб весьці вайну таксама зь Юдаю а Венямінам а домам Яхрэмавым, і вельмі цесна было сыном Ізраеля.
10 І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, кажучы: «Мы ізграшылі перад Табою, і тым, што пакінулі Бога свайго, і тым, што служылі Ваалам».
11 І сказаў СПАДАР сыном Ізраелявым: «Ці ня ўціскалі вас Ягіпцяне а Аморэі а сынове Амонавы а Пілішчане
12 А Сыдоняне а Амалік а Моаўляне, і вы гукалі да Мяне, і Я выбаўляў вас із рук іхных.
13 А вы пакінулі Мяне і служылі іншым багом; за тое Я ня буду ўжо выбаўляць вас.
14 Пайдзіце, гукайце да багоў, каторых вы абралі, няхай яны выбаўляюць вас у часе ўціску вашага».
15 І сказалі сынове Ізраелявы СПАДАРУ: «Ізграшылі мы; учыні Ты з намі подле ўсёга, што добра ў ваччу Тваім, адно выбаў нас, калі ласка, цяпер».
16 І яны аддалілі чужыя багі з пасярод сябе, і служылі СПАДАРУ. І зжалілася душа Ягоная над мучэньням Ізраеля.
17 І згукаліся сынове Амонавы, і разьлягліся табарам у Ґілеадзе; і зьберліся сынове Ізраелявы, і разьлягліся табарам у Міцпе.
18 І сказалі люд — князі Ґілеадзкія адзін аднаму: «Хто тый чалавек, што пачнець ваяваць супроці сыноў Амонавых? будзе тый галавою ўсіх жыхараў Ґілеадзкіх».


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.