Выхад 39 глава

Кніга Выхаду
Пераклад Чарняўскага 2017 → Толкование Иоанна Златоуста

Пераклад Чарняўскага 2017

1 А з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і вісону зрабілі яны тканыя шаты на служэнне ў святыні. І зрабілі святыя шаты для Аарона, як загадаў Госпад Майсею.
2 Такім чынам, зрабілі яны эфод з золата, з гіяцынту і пурпуру, чырвані і кручанага вісону стракатай работы,
3 разбіваючы залатыя лісты, і выцягваючы іх у ніткі, каб можна было скруціць іх з пражаю папярэдніх колераў.
4 Зрабілі таксама яму завязкі, пры дапамозе якіх ён завязваўся на абодвух баках сваіх краёў,
5 і пояс, якім звязваецца эфод, быў зроблены аднолькавай з ім работы з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, як загадаў Госпад Майсею.
6 Прыгатавалі таксама два камяні онікса, устаўленыя ў залатыя аправы, з высечанымі на іх ювелірным майстэрствам імёнамі сыноў Ізраэля;
7 і памясцілі іх на абодвух завязках эфода як камяні на памяць сынам Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею.
8 Зрабілі таксама нагруднік судовы стракатай работы, як і эфод, з золата, з гіяцынту, пурпуру, чырвані, кармазыну і кручанага вісону,
9 чатырохвугольны, падвоены, памерам у адну пядзь.
10 І памясцілі на ім чатыры рады каштоўных камянёў: у першым радзе былі рубін, тапаз, смарагд;
11 у другім радзе — карбункул, сапфір і яшма;
12 у трэцім радзе — гіяцынт, агат і аметыст,
13 у чацвёртым радзе — хрызаліт, онікс і берыл: устаўлены яны былі ў залатыя аправы па радах сваіх.
14 А на саміх камянях былі высечаны імёны дванаццаці каленаў Ізраэля; на кожным — сваё імя.
15 На нагруднік зрабілі ланцужкі, быццам шнуркі кручанай работы з найчысцейшага золата,
16 і два залатыя шлякі, і столькі ж залатых кольцаў.
17 Потым размясцілі два кольцы на абодвух краях нагрудніка; прасунулі два залатыя ланцужкі ў кольцы, што выступалі на вуглах нагрудніка,
18 і два канцы абодвух ланцужкоў злучылі з двума шлякамі на завязках эфода ў пярэдняй яго частцы.
19 Яшчэ зрабілі два залатыя кольцы і прымацавалі іх на абодвух канцах нагрудніка, на яго ўнутраным баку, насупраць эфода, як загадаў Госпад Майсею.
20 І зрабілі два кольцы з золата, якія прымацавалі да абодвух завязак эфода на знешнім баку ўнізе, уздоўж злучэння над поясам эфода.
21 І звязалі нагруднік кольцамі яго з кольцамі эфода стужкаю фіялетавай, каб эфод быў над поясам, каб не адсоўваўся ён ад эфода, як загадаў Майсею Госпад.
22 Зрабілі таксама верхняе пакрывала пад эфод, усе тканай работы фіялетавае,
23 і зрабілі ў верхнім пакрывале, у сярэдзіне яго, адтуліну на галаву і аблямоўку вакол, як пры адтуліне брані;
24 а ўнізе, на падоле, зрабілі пунічныя яблыкі з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону,
25 і званочкі з найчысцейшага золата, якія памясцілі між пунічнымі яблыкамі кругом у ніжняй частцы шатаў,
26 каб званочак залаты і яблык пунічны чаргаваліся паміж сабою; упрыгожаны імі выходзіў святар, калі выконваў служэнне, як загадаў Госпад Майсею.
27 Зрабілі для Аарона і сыноў яго тунікі, вытканыя з вісону,
28 і тыяру, і ўпрыгожанне для мітраў з вісону, а таксама льняное сподняе з кручанага вісону,
29 пояс з кручанага вісону, з гіяцынту і з пурпуру, з чырвані залататканай работы, як загадаў Госпад Майсею.
30 Зрабілі і святую дыядэму з пласціны найчысцейшага золата, і выразалі на ёй чаканнай работай: «Святое Госпада»;
31 і прывязалі яе стужкаю фіялетавай да тыяры наверсе, як загадаў Госпад Майсею.
32 Так была скончана ўся работа да скініі і палаткі сустрэчы; і сыны Ізраэля выканалі ўсё, што загадаў Госпад Майсею: так і зрабілі.
33 І прынеслі скінію, і палатку, і ўсе прыналежнасці, аплікі, дошкі, жэрдкі, слупы і падножжы,
34 пакрыцце са шкур бараноў, пафарбаваных у чырвоны колер, пакрыцце са шкур сініх, заслону,
35 каўчэг сведчання, жэрдкі, перамольню,
36 стол з усімі пасудзінамі яго і з хлябамі пакладнымі,
37 падсвечнік з найчысцейшага золата, лямпы па парадку, і прыналежнасці іх з алеем падсвечніка,
38 залаты ахвярнік, і алей для намашчэння, і кадзіла з вострых духмяных рэчываў, і заслону на ўваход у палатку,
39 ахвярнік з медзі, краты медныя, і жэрдкі, і ўсе яго пасудзіны, таз з яго падножжам,
40 пакрывала панадворка і заслона на ўваход у панадворак са слупамі і падножжамі іх, і ланцужкі яго, і калкі. З прыналежнасцей прысутнічала ўсё, што павінна было быць пры служэнні ў скініі, у палатцы сустрэчы, згодна з загадам.
41 Таксама шаты тканыя, якімі святары карыстаюцца ў святыні, і шаты святыя для Аарона святара, і шаты для сыноў яго
42 прынеслі сыны Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею.
43 І, калі Майсей убачыў, што ўсё выканана, як загадаў Госпад, ён дабраславіў іх.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.